БУ́ФЕРНАЯ ЗО́НА,
прыродная тэрыторыя, прылеглая да асабліва ахоўнай (запаведнік, нац. парк і інш.) тэрыторыі, на якой часткова абмяжоўваецца гасп. дзейнасць. Ствараецца з мэтаю лепшай аховы ці падтрымання больш устойлівай экалагічнай раўнавагі на асн. ахоўнай тэр., для змяншэння ўздзеяння на запаведны рэжым антрапагенных фактараў (эксплуатацыя прыродных рэсурсаў, прамысл. і жыллёвага буд-ва, строга рэгламентуюцца паляванне і рыбная лоўля). Асаблівае значэнне мае прадухіленне ўздзеяння на асн. ахоўныя тэр. гідрамеліярацыйных і гідратэхн. работ, што вядуцца ў верхніх участках басейнаў рэк, якія цякуць праз запаведнікі ці закранаюць рэжым падземных вод на іх тэрыторыі.
т. 3, с. 362
БУ́ФЕРНЫЯ РАСТВО́РЫ,
растворы, якія падтрымліваюць пастаяннае значэнне вадароднага паказчыка (pH), акісляльна-аднаўляльнага патэнцыялу ці інш. характарыстык пры змяненні саставу ці канцэнтрацыі. Найб. пашыраны водныя кіслотна-асноўныя буферныя растворы: растворы слабай к-ты ці асновы са сваёй соллю, напр. воцатнай к-ты CH3COOH і яе натрыевай солі CH3COONa. Значэнне pH гэтых раствораў амаль не мяняецца пры змяненні канцэнтрацыі яго кампанентаў або пры дабаўленні невял. колькасці моцнай к-ты ці шчолачы. Выкарыстоўваюцца ў хім. аналізе для правядзення рэакцый пры пэўных значэннях pH. Буферныя растворы адыгрываюць важную ролю ў жывых арганізмах (напр., у крыві пастаянства pH падтрымліваецца буферны раствор з карбанатаў і фасфатаў) і ў захаванні ўрадлівасці глебы (гл. Буфернасць глебы).
т. 3, с. 362
БУХАВЕ́Ц Георгій Кліменцьевіч
(18.1.1901, г. Віцебск — 27.5.1967),
савецкі ваен. дзеяч. Ген.-лейт. (1944). Скончыў Віцебскія пях. камандныя курсы (1922), курсы «Выстрал» (1938), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1920. Удзельнік грамадз. вайны. З 1938 нач. штаба стралк. корпуса. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Ленінградскім, 3-м Бел., 1-м Укр. франтах: нач. штаба стралк. корпуса, камандзір дывізіі, нач. штаба арміі. Да 1953 нач. штаба ваен. Акруг.
т. 3, с. 363
БУ́ХАВІЦКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры барока. Пабудавана ў 1676 у в. Бухавічы (Кобрынскі р-н Брэсцкай вобл.) як касцёл дамініканцаў, з 1832 — Пакроўская царква. Першапачаткова прамавугольны ў плане выцягнуты па падоўжнай восі аб’ём, да якога з усх. боку далучалася прамавугольная апсіда, з зах. — вежа-званіца. Вуглы аб’ёмаў умацаваны контрфорсамі. Фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі, апяразаны карнізам простага профілю. У час рэканструкцыі (1889) надбудаваны 3-і ярус званіцы — драўляны васьмярык з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай над 2-схільным дахам і васьмігранны драўляны барабан з цыбулепадобным купалам. У інтэр’еры драўляны іканастас 2-й пал. 19 ст.
т. 3, с. 363
БУ́ХАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПнУ ад г. Кобрын, 58 км ад Брэста. 391 ж., 131 двор (1995). Млын. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Бухавіцкая Пакроўская царква.
т. 3, с. 363
БУХАРА́,
горад ва Узбекістане, цэнтр Бухарскай вобл., у даліне р. Зераўшан. 224 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Лёгкая (каракулевая, бавоўнаачышчальная, швейная, трыкат., шоўкаматальная), харчасмакавая (маслаэкстракцыйная, малочная, кандытарская і інш.), мэблевая прам-сць. Старадаўнія маст. промыслы (залаташвейны, шаўкаткацкі, чаканка па медзі і інш.). Пед. ін-т. Тэатр.
Засн. каля 1 ст. н. э. У 709 заваявана арабамі, значны гандлёва-рамесны і культ. цэнтр Сярэдняй Азіі. У 9—10 ст. сталіца Саманідаў дзяржавы, у канцы 10 ст. захоплена качэўнікамі, у 1220 Чынгісханам, у 1370 Цімурам, на пач. 16 ст. качэўнікамі-узбекамі, увайшла ў склад Шайбанідаў дзяржавы і стала яе сталіцай. З сярэдзіны 16 ст. сталіца Бухарскага ханства. З 1868 у складзе Расіі. У 1920—24 сталіца Бухарскай народнай савецкай рэспублікі, з 1925 ва Узбекістане, цэнтр Зераўшанскай акр., з 1938 Бухарскай вобл.
Бухара горад-музей, у якім захавалася каля 140 помнікаў архітэктуры. Найб. значныя: маўзалей Ісмаіла Самані (9—10 ст.), медрэсэ Улугбека (1417), ансамбль медрэсэ Міры-Араб (1535—36) і саборнай мячэці Калян (1514) з мінарэтам (1127), медрэсэ Абдулазіз-хана (1651—52). У 18—19 ст. маст. традыцыі захоўвала нар. дойлідства. Горад значна захаваў арх.-планіровачную структуру абкружанага сцяной Старога горада з магутнай цытадэллю (18—19 ст.) і традыц. жылымі дамамі з разьбой і размалёўкай у інтэр’ерах. Сучаснае буд-ва не закранае ансамбль Старога горада. Сярод помнікаў у наваколлі Бухары: мячэць-намазга (1119—20), ханакі Файзабад (1598—99) і Бехаўдзіна (1544—45), мемарыяльны ансамбль Чар-Бакр (мячэць, ханака і медрэсэ, 1560—63), палац эміраў Сітараі-махі-хаса (канец 19 ст. — 1918).
т. 3, с. 363
БУХА́РСКАЕ ХА́НСТВА,
феадальная дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 16—18 ст. Заснавана узб. ханам Мухамедам Шэйбані на месцы б. дзяржавы Цімурыдаў. Названа Бухарскім ханствам у канцы 16 ст., калі сталіцу з Самарканда перанеслі ў Бухару. Значна ўзмацнілася пры Абдуле-хане II, заваявала Ташкент, Фергану, Харэзм, Герат і інш., наладзіла гандл. і дыпламат. адносіны з Рус. дзяржавай. У час праўлення дынастыі Аштарханідаў (1599—1753) прыйшло ў заняпад, выкліканы сепаратысцкімі імкненнямі феадалаў і войнамі з Іранам, Хівінскім ханствам і інш. У 1740 Б.х. заваяваў іранскі шах Надзір. Пасля яго смерці (1747) у выніку міжусобных войнаў да ўлады прыйшлі прадстаўнікі дынастыі Мангыт. З таго часу Бухарскае ханства наз. Бухарскі эмірат.
т. 3, с. 363
БУХА́РСКАЯ НАРО́ДНАЯ САВЕ́ЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА
(БНСР),
дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1920—24. Утворана на тэр. Бухарскага эмірата ў выніку перамогі нар. паўстання (2.9.1920), падтрыманага Чырв. Арміяй. 14 вер. сфарміраваны вышэйшыя органы ўлады — Усебухарскі рэўком і Савет нар. назіраў (камісараў). 8 кастр. на 1-м Усебухарскім курултаі (з’ездзе) нар. прадстаўнікоў абвешчана БНСР. 4.3.1921 паміж РСФСР і БНСР падпісаны саюзны дагавор і эканам. пагадненне. Канстытуцыя БНСР 1921 заканадаўча замацавала пераход улады ў рукі Саветаў нар. дэпутатаў; яе адметная рыса — прызнанне права прыватнай уласнасці на зямлю і асн. прылады працы і сродкі вытв-сці. У 1920—23 на тэр. БНСР разгарнуўся антысав. рух (гл. Басмацтва), пад кантролем басмачоў знаходзілася значная частка тэр. рэспублікі. 19.9.1924 БНСР пераўтворана ў Бухарскую ССР, ліквідаваную 24.10.1924. Яе тэр. ўвайшла ў склад Узб. ССР, Туркм. ССР і Тадж. ССР.
т. 3, с. 363
БУХА́РСКІ ЭМІРА́Т,
феадальная дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1747—1920. Сталіца — г. Бухара. Утвораны ў 1747, калі ўлада ў Бухарскім ханстве перайшла да дынастыі Мангыт, прадстаўнікі якой наз. сябе эмірамі. Паліт. і эканам. становішча дзяржавы крыху стабілізавалася, аднак феад. раздробленасць не была ліквідавана. Сяляне, амаль пазбаўленыя зямлі, карысталіся ёю на правах здольшчыны. Паводле дагавораў 1868 і 1873 Бухарскі эмірат трапіў у васальную залежнасць ад Расіі. У вер. 1920 у Бухары ў выніку нар. паўстання, падтрыманага Чырв. Арміяй, быў скінуты эмір. 8.10.1920 абвешчана стварэнне на тэр. эмірата Бухарскай Народнай Савецкай Рэспублікі.
т. 3, с. 364