Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕ́РВІЙ ТУ́ЛІЙ (Servius Tullius; 6 ст. да н.э.),

паводле рым. падання, шосты цар Стараж. Рыма [578—534/533 да н.э.]. З яго імем рым. традыцыя звязвае рэформы, накіраваныя на ўмацаванне дзярж. ладу. Важнейшая з іх цэнтурыятная, паводле якой Рым быў падзелены на тэр. акругі (трыбы), плебеі ўвайшлі ў склад рым. народа. Стварыў з патрыцыяў і плебеяў адзінае войска. З часоў С.Т. рэгулярна праводзіўся цэнз — перапіс насельніцтва і ацэнка яго маёмасці. Яму прыпісваюць таксама рэліг. рэформы і пабудову гар. сцяны.

т. 14, с. 347

СЕ́РВІС (англ. service служба),

дабраякасныя абслугоўванне, рамонт ці наладка тэхн. сродкаў, быт. апаратуры, камунальнай тэхнікі і г.д. Адрозніваюць С. перадпрадажны (уключае ліквідацыю няспраўнасцей, выяўленых пасля транспартавання тавару або пры апрабаванні) і пасляпродажны (падзяляецца на гарантыйны і паслягарантыйны). У гарантыйны перыяд спецыялісты службы С. бясплатна выконваюць усе работы па забеспячэнні бесперабойнай эксплуатацыі вырабу, уключаючы і навучанне спажыўца прыёмам карыстання. У паслягарантыйны перыяд работы выконваюцца за плату.

т. 14, с. 347

СЕ́РВІС-ПЕРЫ́ЯД,

перыяд ад ацёлу каровы да наступнага яе апладнення (ад заканчэння адной і да пачатку наст. цельнасці). Паказчык плоднасці жывёл і арганізацыі ўзнаўлення статка. Аптымальная працягласць С.-п. ў малочных парод 2—2,5 месяца, што дазваляе штогод атрымліваць прыплод ад кожнай каровы. Павелічэнне С.-п. можа прывесці да перагулу і ялавасці.

т. 14, с. 347

СЕРВІТУ́ТЫ [ад лац. servitus (servitutis) рабства, падначаленасць],

абмежаванае права карыстання чужой уласнасцю. Інстытут С. склаўся ў рым. праве з мэтай прававога ўрэгулявання супрацьлеглых інтарэсаў прыватных уласнікаў. У эпоху феадалізму С. існавалі ў тых краінах, дзе дзейнічала рым. права. Бурж. права таксама захавала і рэгламентавала С. Найб. пашыранымі былі зямельныя С. (права праезду, прагону і выпасу жывёлы, рыбнай лоўлі на чужой тэр., карыстанне сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі і інш.), у т. л. на Беларусі, Правабярэжнай Украіне, у Літве, Каралеўстве Польскім, прыбалтыйскіх губ. Расіі. Яны ўяўлялі сабой абшчынныя землі, захопленыя ў сялян памешчыкамі ў час прыгону. Імкненне памешчыкаў зрабіць С. крыніцай дадатковых даходаў стала адной з прычын барацьбы за зямлю паміж сялянамі і феадаламі. У выніку сялянскай рэформы 1861 зямельныя С. заставаліся ўласнасцю памешчыкаў. За сялянамі захавалася права карыстання гэтымі ўгоддзямі, але «Мясцовыя палажэнні» агаворвалі яго невыразна і недакладна. Ва ўстаўных граматах зямельныя С. нават не называліся, што давала магчымасць памешчыкам пазбаўляць сялян права карыстання імі. На Беларусі і ў Літве толькі паўстанне 1863—64 прымусіла мясц. ўлады, а потым і царскі ўрад заняцца пытаннем С. Віленскі ген.-губернатар М.​М.​Мураўёў загадаў пры складанні выкупных актаў часова захаваць за сялянамі права карыстання пашавымі і ляснымі С. да адвядзення ім часткі такіх угоддзяў. Але сервітутныя правы сялян вызначаліся няпэўна, што давала магчымасць памешчыкам для злоўжыванняў. Да пач. 1870-х г. сяляне атрымалі права за вызначаную плату карыстацца палівам з панскіх лясоў. У Зах. і Цэнтр. Беларусі ў 1860-я г. С. карысталіся 56% сял. двароў, надзеленых зямлёй, на пач. 20 ст. — каля трэці б. панскіх сялян. С. ліквідаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917. Сяляне Зах. Беларусі вялі барацьбу за С. да 1939.

Літ.:

Палонскі А.В. Пашавыя сервітуты ў парэформеннай беларускай вёсцы // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1959. №4;

Яго ж. Сервитуты в аграрном строе Белоруссии феодальной формации // Из истории крестьянства Белоруссии: Сб. ст. Мн., 1978;

Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;

Мулявичюс Л.П. К вопросу об изучении истории крестьянских сервитутов // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1971 г. Вильнюс, 1974;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.​П.​Панюціч.

т. 14, с. 347

СЕРВЭ́ ((Servais) Адрыен Франсуа) (6.6.1807, каля г. Брусель — 26.11.1866),

бельгійскі віяланчэліст. кампазітар, педагог. Вучыўся ў Брусельскай каралеўскай кансерваторыі (1831—34), з 1848 праф. у ёй. Іграў у арк. «Тэатр дэ ла Манэ». Канцэртную дзейнасць пачаў у 1834 у Парыжы. З 1836 гастраліраваў у краінах Еўропы, неаднаразова ў Расіі (з 1839). Выступаў таксама ў ансамблі з А.​В’ётанам і Ю.​Леанарам, сумесна з якімі напісаў шэраг інстр. ансамбляў. Аўтар 2 канцэртаў, 16 фантазій для віяланчэлі. Яго мастацтва вызначалася віртуознасцю выканання, тэмпераментам. Сярод вучняў: яго сын Жазеф С., А.​Германоўскі, Я.​Карловіч і інш.

т. 14, с. 347

СЕРГАЧО́Ў (Сяргей Аляксеевіч) (н. 20.12.1946, Мінск),

бел. архітэктар. Канд. архітэктуры (1984). Ган. праф. Паўн.-зах. буд. ін-та КНР (1999). Скончыў БПІ (1969). Працаваў у ін-це «Мінскпраект», БелНДІдзіпрасельбудзе, Мін-ве культуры Беларусі. З 1972 і з 1993 выкладчык БПА (з 1997 заг. кафедры). З 1977 кіраўнік рабочай групы па стварэнні Бел. дзярж. музея нар. архітэктуры і побыту. Адзін са стваральнікаў Дудзіцкага музея матэрыяльнай культуры («Дудуткі»). Найб. значныя праектныя работы — жылыя дамы па праспекце Ракасоўскага і вул. М.​Танка ў Мінску (1971—72, у сааўт.). Даследуе гісторыю нар. дойлідства Беларусі, праблемы захавання гіст.-культ. спадчыны, развіцця традыцый у сучаснай архітэктуры. Аўтар шэрагу праектаў рэстаўрацыі помнікаў.

Тв.:

Летопись деревянного зодчества Белоруссии. Мн., 1975;

Деревянная архитектура Белоруссии XVI—XIX вв. Мн., 1984;

Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

т. 14, с. 347

СЕРГЕЕ́НКА (Мікалай Іванавіч) (н. 10.9.1946, в. Доўгавічы Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне анестэзіялогіі і рэаніматалогіі. Д-р мед. н. (1999). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1970). З 1988 у абл. нефралагічнай бальніцы ў г. Віцебск (заг. аддзялення). Навук. працы па пытаннях эмацыянальнай і нейравегетатыўнай аховы арганізма ва ўмовах хірург. агрэсіі.

Тв.:

Влияние функциональных взаимоотношений вегетативной нервной системы на течение анестезии, адекватность нейровегетативной защиты и эффективность интенсивной терапии. Витебск, 1998.

т. 14, с. 348

СЕРГІЕ́ВІЧ (Зміцер Рыгоравіч) (н. 8.8.1912, в. Сухое Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. З 1929 у Мінску. Працаваў у Радыёцэнтры Беларусі. Вучыўся ў Мінскім вышэйшым пед. ін-це (1932). У 1933 рэпрэсіраваны. У 1935 вярнуўся ў г. Калінкавічы Гомельскай вобл. Працаваў на фанернай ф-цы ў Мазыры. У Вял. Айч. вайну на фронце. З 1945 у газ. «За честь Родины» (Вена). З 1950 у газ. «Зищитник Родины» (Адэса). У 1956—61 у газ. Паўд. групы войск «Ленинское знамя» (Будапешт). З 1961 жыве ў Адэсе. Дэбютаваў вершамі на бел. мове ў 1930 (пад псеўд. Змітро Віталін). Аўтар зб. вершаў «Будзем жыць!» (1932). У Адэсе пад сваім прозвішчам на рус. мове выдаў кнігі прозы пераважна на ваен. тэматыку: «На блакітным Дунаі» (1955), «Першы бой» (1957), «Прывітанне з юнацтва» (1964), «Трывожная восень» (1966), «Высокі востраў» (1969), «Маршавая рота» (1971), «Навальніца на світанні» (1973), «Сосны пасярод поля» (1975), «Добрыя прыкметы» (1978), «Няма апошніх рубяжоў» (1982) і інш.

т. 14, с. 348

СЕРГІЕ́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Антонавіч; 3.9.1921, в. Залессе Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 7.12.2000),

бел. пісьменнік, нарысіст. Скончыў Аршанскі настаўніцкі (1939), Магілёўскі пед. (1941) ін-ты. Настаўнічаў, працаваў у «Настаўніцкай газеце», час. «Народная асвета», у 1955—59 старшыня калгаса «Чырвоны пуцілавец» Старобінскага р-на. Друкаваўся з 1947. Аўтар кніг нарысаў «На роднай зямлі» (1956), «Нашы будні» (1957), «Будні калгасныя» (1959), п’ес «Што чула бярозка» (1963), «Расійскія пеўні», «Спалох у вялікім доме», камедыі «Смех і... толькі» (паст. Маладзечанскім нар. т-рам у 1975). Асн. тэма твораў — жыццё вёскі.

т. 14, с. 348

СЕРГІЕ́ВІЧ (Пётра) (Пётр Аляксандравіч; 10.7.1900, в. Стаўрова Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 1.11.1984),

бел. жывапісец і графік, мастак-манументаліст. Засл. дз. маст. Літвы (1965). Вучыўся на маст. ф-це Віленскага ун-та (1919—22, 1925—27), у Кракаўскай АМ (1924—25). Творчасць вызначаецца вобразнасцю пластычнага і кампазіц. вырашэння, эмац. ладам, цікаўнасцю да самабытнасці бел. нар. культуры, часам алегарычнасцю і рамантычнасцю. Маст. завершанасцю, глыбокім псіхалагізмам, філас. гучаннем вылучаюцца жывапісныя партрэты: «Партрэт маці» (1929), С.​Глякоўскага (1938), «Беларуская настаўніца» (1938), «Рыгор Шырма» (1930—40-я г.), «Дзяўчына ў сінім сарафане», «Аўтапартрэт» (абодва 1940), Ф.​Багушэвіча, М.​Дучыца, «Селянін» (усе 1946), «Партрэт жонкі» (1946, 1957), «Старшыня калгаса» (1952), «Землямер» (1956), М.​Танка (1957), «Сталяр», «Нарачанскі рыбак» (абодва 1968) і інш. Гіст. мінулае роднай зямлі, дзейнасць яе выдатных сыноў адлюстроўваюць тэматычныя карціны «Усяслаў Полацкі» (1932), «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года» (1955), «Скарына ў друкарні» (1957), «К.​Каліноўскі і В.​Урублеўскі на аглядзе паўстанцаў» (1959), «Скарына ў рабочым кабінеце» (1960), «Арышт П.​Багрыма» (1970) і інш. Значнае месца ў творчасці С. займала купалаўская тэма: «А хто там ідзе?», «Званар» (2 варыянты), «А ты, сіраціна, жыві» (усе 1947), «Гусляр», эцюды на тэмы паэмы Я.​Купалы «Яна і я» — «Ворыва» і «На сенажаць» (1959), «Партрэт Дамініка Луцэвіча» (1971), трыпціх на тэмы верша Я.​Купалы «А зязюлька кукавала» — «Калыханка», «Ясевы універсітэты», «Сейбіт» (1970-я г.) і інш. Жыццю сялян Зах. Беларусі прысвечаны палотны «Перавозка будаўнічага грузу цераз возера Богіна» (1926), «За прасніцай», «Жыццё», «Вяселле на Беларусі» (усе 1929), «Залёты» (1930), «Беларусы» (1930-я г.), «Шляхам жыцця» («Падарожныя», 1934), «Араты» (1938), «Каваль куе каня» (1939), рэв. падзеям у Літве — «Дэманстрацыя беспрацоўных у Каўнасе ў 1925 годзе» (1954). Рэв. пафасам напоўнена карціна «Вясляр» («Насуперак буры», 1940, 2 варыянты). Тэму Вял. Айч. вайны адлюстроўваюць партрэт «Партызан Федзя» (1943), карціна «У партызанскай кузні» (1945). Хараство роднай прыроды апяваецца ў пейзажах «Забытая званіца» (1936), «Ноч» (1941), «Пад снегавым пакрывалам» (1942), «Вясновая казка» (1957), тэматычнай карціне «Вячэрняя балада» (1970) і інш. Працаваў таксама ў станковай (серыя партрэтаў «Беларускія народныя тыпы», 1930-я г.) і кніжнай (афармляў час. «Нёман», 1931—32; кнігі М.​Машары «На сонечны бераг!», 1934 і «На прадвесні», 1935, і інш.) графіцы. Выканаў размалёўкі ў касцёлах у Солах (1934), Смаргоні (1936), Шарашове (1938); у бернардзінскім касцёле ў Гродне, аформіў касцёл у Корцы (Украіна; 1930-я г.). Аўтар абразоў «Св. Францыск» (1934), «Маці Божая Поразаўская» (1937) і інш. Іл. гл. таксама да арт. Жывапіс.

Тв.:

Аўтабіяграфія // Мастацтва. 1993. №1.

Літ.:

Ліс. А. Пётра Сергіевіч. Мн., 1970;

Крукоўскі У. Невядомы Сергіевіч // Наша вера. 1996. №1;

Бажэнава В. Роспісы Пётры Сергіевіча // Там жа. 2001. №1.

Л.​У.​Салодкіна.

П.Сергіевіч. Шляхам жыцця. 1934.

т. 14, с. 348