СЕРВІТУ́ТЫ [ад лац. servitus (servitutis) рабства, падначаленасць],

абмежаванае права карыстання чужой уласнасцю. Інстытут С. склаўся ў рым. праве з мэтай прававога ўрэгулявання супрацьлеглых інтарэсаў прыватных уласнікаў. У эпоху феадалізму С. існавалі ў тых краінах, дзе дзейнічала рым. права. Бурж. права таксама захавала і рэгламентавала С. Найб. пашыранымі былі зямельныя С. (права праезду, прагону і выпасу жывёлы, рыбнай лоўлі на чужой тэр., карыстанне сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі і інш.), у т. л. на Беларусі, Правабярэжнай Украіне, у Літве, Каралеўстве Польскім, прыбалтыйскіх губ. Расіі. Яны ўяўлялі сабой абшчынныя землі, захопленыя ў сялян памешчыкамі ў час прыгону. Імкненне памешчыкаў зрабіць С. крыніцай дадатковых даходаў стала адной з прычын барацьбы за зямлю паміж сялянамі і феадаламі. У выніку сялянскай рэформы 1861 зямельныя С. заставаліся ўласнасцю памешчыкаў. За сялянамі захавалася права карыстання гэтымі ўгоддзямі, але «Мясцовыя палажэнні» агаворвалі яго невыразна і недакладна. Ва ўстаўных граматах зямельныя С. нават не называліся, што давала магчымасць памешчыкам пазбаўляць сялян права карыстання імі. На Беларусі і ў Літве толькі паўстанне 1863—64 прымусіла мясц. ўлады, а потым і царскі ўрад заняцца пытаннем С. Віленскі ген.-губернатар М.​М.​Мураўёў загадаў пры складанні выкупных актаў часова захаваць за сялянамі права карыстання пашавымі і ляснымі С. да адвядзення ім часткі такіх угоддзяў. Але сервітутныя правы сялян вызначаліся няпэўна, што давала магчымасць памешчыкам для злоўжыванняў. Да пач. 1870-х г. сяляне атрымалі права за вызначаную плату карыстацца палівам з панскіх лясоў. У Зах. і Цэнтр. Беларусі ў 1860-я г. С. карысталіся 56% сял. двароў, надзеленых зямлёй, на пач. 20 ст. — каля трэці б. панскіх сялян. С. ліквідаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917. Сяляне Зах. Беларусі вялі барацьбу за С. да 1939.

Літ.:

Палонскі А.В. Пашавыя сервітуты ў парэформеннай беларускай вёсцы // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1959. №4;

Яго ж. Сервитуты в аграрном строе Белоруссии феодальной формации // Из истории крестьянства Белоруссии: Сб. ст. Мн., 1978;

Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;

Мулявичюс Л.П. К вопросу об изучении истории крестьянских сервитутов // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1971 г. Вильнюс, 1974;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.​П.​Панюціч.

т. 14, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)