БУСЫ́РСКІ Аляксандр Сяргеевіч
(24.12.1806 — пасля 1845),
бел. архітэктар. Прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1830). У 1833—37 магілёўскі губ. архітэктар. Па яго праектах у Магілёве пабудаваны флігелі ваен. шпіталя (1833) і да палаца ў сядзібе «Піпенберг» (1836), павятовае і прыходскае вучылішчы (1834; усе не зберагліся).
т. 3, с. 358
БУСЬКО́ Мікола
(Мікалай Іосіфавіч; н. 27.9.1940, в. Пагарэлка Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прам-сці (1962) і Маскоўскі нар. ун-т мастацтваў (1967). Друкуецца з 1970. У зб-ках вершаў «У Нёмна на плячах» (1986), «Сузор’е Шаляў» (1995) паэт. асэнсаванне гіст. вопыту, урокаў вайны і міру. Вершам уласцівы лірычная спавядальнасць, багатая вобразнасць, назіральнасць, трапнасць дэталяў. Піша таксама для дзяцей (зб-кі «Ад галінкі да сучка — тэлефон у павучка», 1993; «Шасцікрылец Хмарагон», 1996).
т. 3, с. 358
БУ́СЯЖ,
вёска ў Беларусі, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр Мілейкаўскага с/с і калгаса. За 22 км на ПнЗ ад г. Івацэвічы, 146 км ад Брэста, 18 км ад чыг. ст. Косава-Палескае. 220 ж., 77 двароў (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Успенская царква (1779).
т. 3, с. 358
БУ́ТАВЫ КА́МЕНЬ,
прыродныя або штучна атрыманыя буйныя кавалкі няправільнай формы (з даўж. рабра 150—500 мм) з вапнякоў, даламітаў, пясчанікаў, радзей з гранітаў. Разнастайнасць — камень для бруку (з даўж. рабра да 300 мм). Бутавы камень бывае нізкатрывалы (трываласць да 100 МПа), сярэднетрывалы (да 400 МПа) і высокатрывалы (больш за 500 МПа); у залежнасці ад умоў эксплуатацыі павінен вытрымліваць ад 15 да 300 цыклаў замарожвання. Выкарыстоўваецца пры буд-ве фундаментаў, сцен, дарог, дапаможных і гідратэхн. збудаванняў, каналізацыйных каналаў і інш.
т. 3, с. 358
БУТАДЫЕ́Н,
бутадыен-1, 3, дывініл, ненасычаны вуглевадарод CH2=CH—CH=CH2. Упершыню атрыманы з сівушнага алею франц. хімікам Ж.Б.Каванту (1862). Бясколерны газ з непрыемным пахам, tкіп — 4,47 °C, шчыльн. вадкага 621,1 кг/м³ (20 °C), добра раствараецца ў бензоле, эфіры. Гаручы, т-ра самазгарання 415 °C, сумесь з паветрам (1,1—12,5% бутадыёну) выбухованебяспечная. Лёгка полімерызуецца і суполімерызуецца. У прам-сці атрымліваюць дэгідрагенізацыяй нафтапрадуктаў, якія маюць нармальныя бутан і бутэны. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сінт. каўчукоў. Раздражняе слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў, ГДК 100 мг/м³.
т. 3, с. 358
БУТАДЫЕ́НАВЫЯ КАЎЧУКІ́,
дывінілавыя каўчукі, сінтэтычныя палімеры; прадукт полімерызацыі бутадыену. У залежнасці ад метаду полімерызацыі атрымліваюць бутадыёнавыя каўчукі з рознай колькасцю цыс -1,4; транс -1,4 і 1,2 бутадыенавых звёнаў (гл. Геаметрычная ізамерыя).
Адрозніваюць бутадыенавыя каўчукі стэрэарэгулярныя (полімерызацыя ў растворы) і нестэрэарэгулярныя (полімерызацыя ў прысутнасці шчолачных металаў), якія маюць адпаведна сярэднялікавую мал. масу (70—280)·103 і (85—200)·103, шчыльн. 900—920 кг/м³. У вытв-сці шын, гумава-тэхн. вырабаў, гумавага абутку і інш. выкарыстоўваюць стэрэарэгулярныя Б.к. (гума на іх аснове зноса- і марозаўстойлівая, з добрымі дынамічнымі ўласцівасцямі).
Я.І.Шчарбіна.
т. 3, с. 358
БУТАДЫЕ́Н-НІТРЫ́ЛЬНЫЯ КАЎЧУКІ́,
дывініл-нітрыльныя каўчукі, сінтэтычныя каўчукі, супалімеры бутадыену і акрыланітрылу, [—CH—CH=CH—CH2—]n—[CH2——CH(CN)—]m.
Аморфныя прадукты ад светла-жоўтага да цёмна-карычневага колеру, шчыльн. 940—1020 кг/м³. Раствараюцца ў арган. злучэннях: кетонах, араматычных вуглевадародах, хлорвытворных вуглевадародаў. Устойлівыя да ўздзеяння тэхн. маслаў, бензіну, аліфатычных вуглевадародаў. Атрымліваюць суполімерызацыяй у воднай эмульсіі. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці масла- і бензінаўстойлівых гумавых вырабаў (ушчыльняльнікаў, сальнікаў, амартызатараў і інш.), у якасці пластыфікатараў для пластмасаў.
т. 3, с. 358
БУТАДЫЕ́Н-СТЫРО́ЛЬНЫЯ КАЎЧУКІ́ , дывініл-стырольныя каўчукі, сінтэтычныя каўчукі, супалімеры бутадыену і стыролу (ці ɑ-метылстыралу), [—CH2—CH=CH—CH2—]n—[CH2—CH(C6H5)—]m. Прадукты светла-жоўтага колеру, шчыльн. 900—990 кг/м³. Раствараюцца ў араматычных і аліфатычных вуглевадародах. Устойлівыя да ўздзеяння шчолачаў і к-т. Атрымліваюць суполімерызацыяй у эмульсіі ці растворы. Вулканізуюцца серай, атрыманая гума мае высокую трываласць, эластычнасць і зносаўстойлівасць. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці аўтамабільных шын, канвеерных стужак, гумавага абутку.
т. 3, с. 358