БУРНО́С,
1) верхняе адзенне бел. жанчын. Апраналі ў халоднае надвор’е як святочную вопратку замест світкі ці кажуха. Падобнае адзенне (бурнус) вядома ў рус. жанчын. Пашыраны з 19 ст. пад уплывам зах.-еўрап. гар. касцюма. Шылі з шэрага, радзей белага, саматканага валенага сукна. Аднабортны, доўгі, расшыраны ўнізе бурнос зашпільваўся на гузікі, меў адкладны каўнер (на Вілейшчыне без каўняра) і 2 невял. Бакавыя завышаныя кішэні. Аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкай чорнага аксаміту, шоўкавай ці сацінавай тасьмы, дэкар. строчкай. Бытавалі ў строях Панямоння і Цэнтр. Беларусі да 1930-х г. 2) Мужчынскае верхняе адзенне, тое, што бурка.
3) Плашч з капюшонам з белай шарсцяной тканіны ў арабаў.
М.Ф.Раманюк.
т. 3, с. 352
БУ́РСА
(Bursa),
Бруса, горад на ПнЗ Турцыі. Адм. ц. іля (адм. адзінка) Бурса. Засн. ў 2 ст. да н.э. 834,6 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-прамысл. цэнтр. Тэкст. (шаўковая, шарсцяная), металургічная, аўтазборачная, хім., цэм., дрэваапр., абутковая прам-сць. Каля Бурса мінер. крыніцы. Ун-т. Мячэці і маўзалеі 14—16 ст. Першая сталіца Асманскай імперыі (1326—1402).
т. 3, с. 352
БУ́РСА
(ад лац. bursa сумка),
інтэрнат для бедных студэнтаў пры сярэдневяковых ун-тах. У дарэв. Расіі бурсамі наз. Інтэрнаты пры духоўных вучылішчах і семінарыях.
т. 3, с. 352
БУ́РСАЎ Іван Цярэнцьевіч
(н. 19.12.1927, г. Клімавічы Магілёўскай вобл.),
рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1962). Працаваў у час. «Нёман», у выд-ве «Молодая гвардия» (Масква). Друкуецца з 1953. Аўтар зб-каў паэзіі «Грамата гадоў» (1977), «Пясочны гадзіннік» (1981), «Круг» (вершы, паэма, 1986), кніг вершаў і казак для дзяцей «Едзе лес» (1961), «Вясёлыя небыліцы» (1970), «Краіна Блакітнага Сонца» (1973), «Казкі, поўныя цудаў» (1979), «Сорак сарок» (1988) і інш. Перакладае з бел. і ўкр. моў на рускую (зб-кі паэзіі А.Астрэйкі, Р.Барадуліна, Д.Бічэль-Загнетавай, П.Броўкі, Г.Бураўкіна, В.Зуёнка, У.Караткевіча, Е.Лось, К.Цвіркі і інш.).
т. 3, с. 352
БУРСЕ́ВІЧ Максім Тарасавіч
(9.8.1890, в. Чамяры Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 3.11.1937),
дзеяч нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Вучыўся ў Слонімскім 2-класным вучылішчы. З 1911 настаўнічаў. У чэрв. 1925 увайшоў у 1-ы актыў Беларускага пасольскага клуба. З 1926 чл. ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, кіраўнік яе Цэнтр. сакратарыята. У 1927 арыштаваны і па судовым працэсе 56-і (1928) прыгавораны да 8 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з 1931 у СССР. Працаваў у Дзярж. планавай камісіі БССР і ў камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР. Чл. ЦВК БССР. У 1933 арыштаваны, у 1934 засуджаны да вышэйшай меры пакарання, замененай 10 гадамі зняволення. Пакаранне адбываў на Салаўках і будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Паўторна арыштаваны ў 1937, расстраляны. Рэабілітаваны па абодвух прыгаворах у 1956.
Я.І.Мікула.
т. 3, с. 352
БУРСІ́Т
(ад лац. bursa сумка + ...іт),
запаленне слізістых сумак суставаў. Найчасцей бывае ў вобласці локцевага, плечавога, каленнага і галёнкаступнёвага суставаў. У чалавека прычыны бурсіту — траўмы, інфекцыі, дыятэз. Пры вострым бурсіце ў вобласці слізістай сумкі з’яўляюцца прыпухласць, ацёчнасць, у сумцы — серозны або гнойны выпат, іншы раз (пры траўматычным бурсіце) кроў. Функцыя сустава пры гэтым абмежаваная, можа павышацца т-ра цела і пагаршацца агульны стан хворага. Пашырэнне запаленчага працэсу на сустаў выклікае артрыт. Хранічны бурсіт найчасцей бывае ў людзей, прафесія якіх звязана з працяглым пастаянным мех. раздражненнем сустаўнай сумкі (у горнарабочых, палацёраў, паркетчыкаў і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычные, у некат. выпадках — хірургічнае. У жывёл (хварэюць найчасцей коні і буйн. раг. жывёла) прычыны ўзнікнення бурсіту — працяглыя мех. раздражненні (ляжанне на цвёрдай падлозе, дрэнна падагнаная збруя і інш.).
т. 3, с. 352
БУ́РСКІЯ ВО́ЙНЫ,
гл. Англа-бура-зулуская вайна 1838—40 і Англа-бурская вайна 1899—1902.
т. 3, с. 353
БУРСТЫ́Н Цэлясцін Лявонавіч
(28.1.1888, г. Цярнопаль, Украіна — 21.10.1938),
бел. матэматык. Д-р філас. н. (1912). Акад. АН Беларусі (1931). Скончыў Венскі ун-т (1911). Працаваў у Аўстрыі. З 1929 праф. БДУ, з 1931 дырэктар Фіз.-тэхн. ін-та АН Беларусі. Асн. навук. працы па дыферэнцыяльнай і рыманавай геаметрыі, дыферэнцыяльных ураўненнях (агрэгаты Пфафа) і некат. пытаннях алгебры (тэорыя дыстрыбутыўных груп і інш.). Напісаў на бел. мове вучэбны дапаможнік па дыферэнцыяльнай геаметрыі. Арыштаваны 10.12.1937. Памёр у мінскай турэмнай бальніцы. Рэабілітаваны ў 1956.
Тв.:
Матэматычныя працы. Мн., 1932;
Курс дыферэнцыяльнай геаметрыі. Мн., 1933;
Фізічныя метады матэматыкі. Мн., 1933.
т. 3, с. 353