Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУРАКАЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА.

Бываюць паўнавясныя, навясныя, самаходныя, шасцірадковыя (замежныя — 1—6-радковыя). На Беларусі ў асн. выкарыстоўваюцца самаходныя буракаўборачныя машыны для цукр. буракоў КС-6Б(В) (г. Цярнопаль, Украіна), прычапныя для цукровых і кармавых буракоў МКП-6 («Лідсельмаш») і ўборачны комплекс для цукр. буракоў у складзе буракаўборачнай машыны КСН-6 і падборшчыка-пагрузчыка ППК-6 («Гомсельмаш»).

Машына МКП-6 падкопвае карані буракоў з папярэдне абрэзаным бацвіннем (яно падаецца ў трактарны прычэп або раскідваецца па полі), выбірае іх з глебы, загружае ў трансп. сродак, які ідзе побач. Буракаўборачная машына КСН-6 зразае бацвінне, выкопвае карані і ўкладвае іх у валок. Буракі з валка падбіраюцца тэхнал. пагрузчыкам ППК-6. Прадукцыйнасць МКП-6 да 1 га/гадз, уборачнага комплексу да 1,3 га/гадз.

Г.Г.Маркевіч.

т. 3, с. 342

БУРАКІ́

(Beta),

род адна-, двух- і шматгадовых травяністых раслін сям. лебядовых. 6 відаў (па іншых звестках 15). Пашыраны ў Зах. Еўропе, Міжземнамор’і, Зах. Азіі, Індыі, вырошчваюць таксама ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. У культуры двухгадовыя віды: буракі лісцевыя, ці мангольд, і буракі звычайныя караняплодныя (В. vulgaris), да якіх належаць групы разнавіднасцей цукр., сталовых і кармавых буракоў. Пачалі спажываць карані буракоў у 3—1 ст. да н.э. У канцы 12 ст. з’явіліся ў культуры кармавыя формы, у 18—19 ст. — цукровыя. На Беларусі буракі ў культуры з 1830-х г.

У 1-ы год буракі ўтвараюць сакаўны мясісты караняплод з разеткай лісця, на 2-і даюць кветаносы і насенне. Сцябло травяністае, прамастойнае, галінастае, паяўляецца на 2-і год. Лісце буйное, гладкае або хвалістае, прыкаранёвае на доўгіх чаранках, сцябловае амаль сядзячае. Кветкі двухполыя, зялёныя ці белаватыя. Плады пры выспяванні зрастаюцца, утвараючы суплоддзі — клубочкі.

Сталовыя буракі (агароднінныя) культывуюцца ў 2 формах: сталовыя караняплодныя (больш пашыраныя) і буракі лісцевыя (мангольд). Караняплоды масай 0,4—0,9 кг, цёмна-чырвоныя, бардовыя, чырвона-фіялетавыя, багатыя цукрам (9—16%), бялком (1,8—3%), мінер. солямі, арган. к-тамі, клятчаткай, вітамінамі C, групы B, P, PP. Спажываюцца караняплоды і лісце вараныя, кансерваваныя, сушаныя. Лепшыя для іх глебы на Беларусі — акультураныя дзярнова-падзолістыя і тарфяна-балотныя. Раянаваныя сарты: Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18. Кармавыя буракі багатыя вугляводамі, мінер. солямі, вітамінамі. Караняплоды масай да 10—12 кг, жоўтыя, белыя, чырвоныя. Скормліваюцца ўсім відам жывёлы, пераважна малочным. Бацвінне ідзе на корм свежае і сіласаванае. Сеюць на акультураных тарфяніках, на сугліністых і супясчаных мінер. глебах з нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору. Раянаваныя сарты: Бел. чырвоныя, Экендорфскія жоўтыя і інш. Цукровыя буракі — найважнейшая тэхн. культура — сыравіна для цукр. прам-сці. Маюць белыя караняплоды масай 400—500 г, багатыя цукрам (19—20%, макс. да 23%). Цепла- і святлолюбівыя, вельмі патрабавальныя да ўмоў жыўлення і вільгаці, асабліва ў перыяд фарміравання лісця і караняплода (ліп.жн.). Вырошчваюцца на добра ўгноеных сугліністых і супясчаных дзярнова-падзолістых глебах, на акультураных тарфяна-балотных. Бацвінне, жамерыны, патака ідуць на корм. Гл. таксама Буракаводства.

У.П.Пярэднеў.

т. 3, с. 343

БУРАКО́ВАЯ НЕМАТО́ДА

(Heterodera schachtii),

паразітычны круглы чарвяк сям. Heteroderidae, які пашкоджвае карані буракоў і інш. раслін з сям. капуставых і лебядовых (капуста, турнэпс, радыска, рыжак, шпінат). Пашырана ва ўсіх раёнах буракасеяння; на Беларусі найб. шкодная ў Брэсцкай і Мінскай абласцях.

Вясной лічынкі пранікаюць у карані раслін, праходзяць стадыі развіцця, ператвараюцца ў самак і самцоў. За вегетац. перыяд бураковая нематода дае 1 пакаленне. У пашкоджаных раслін утвараецца густая сетка дробных каранёў (барадатасць), лісце жаўцее і робіцца кучаравае, караняплоды буракоў дробныя, з паніжанай цукрыстасцю.

т. 3, с. 343

БУРАКО́ВЫЯ ТЛІ , насякомыя атрада раўнакрылых падатрада сысучых; шкоднікі буракоў і інш. с.-г. раслін. Найб. пашыраны ва ўсіх раёнах буракасеяння 2 віды: бураковая, або бабовая, тля (Afis fabae) і бураковая каранёвая тля (Pemphigus fuscicornus). Псуюць таксама пасевы бобу, бульбы, шпінату, гарбузоў і інш. раслін, асабліва моцна насеннікі буракоў.

Бураковая тля бывае бяскрылая і крылатая, даўж. 2 мм, чорная з шызым адценнем. Да 17 пакаленняў за год. Высмоктвае сокі з раслін, у выніку лісце скручваецца і завядае, расліна адстае ў росце, зніжаецца ўраджай. Зімуе ў стадыі яец. Бураковая каранёвая тля жаўтавата-белая, даўж. да 2,5 мм. Калоніі тлей жывуць на дробных карэньчыках раслін, якія вянуць, а пры недахопе ў глебе вільгаці гінуць. Цукрыстасць цукр. буракоў зніжаецца на 3—5%.

т. 3, с. 343

БУРАКО́ВЫ ДАЎГАНО́СІК звычайны

(Bothynoderes punctiventris),

жук сям. даўганосікаў. Пашыраны ў Сярэдняй і Паўд. Еўропе і часткова ў Азіі. Асабліва шмат на Пд лесастэпавай і Пн стэпавай зон. Ёсць на Беларусі.

Даўж. цела 9—16 мм. Жукі чорнага колеру, густа ўкрытыя бясколернымі або белавата-шэрымі лусачкамі. Наўскасяк надкрылаў ідзе чорная перарывістая паласа, на канцы кожнага надкрыла белы бугарок. Лічынка белая, бязногая, С-падобна выгнутая, даўж. 27—30 мм. Кукалка жаўтавата-белая, даўж. 11—15 мм. Жук зімуе ў глебе на глыб. 12—30 см пераважна на бураковых палях. Наносяць шкоду пасевам буракоў: абгрызаюць семядолі і маладое лісце; лічынкі пашкоджваюць карані.

т. 3, с. 343

БУРАКО́Ў Віктар Сямёнавіч

(н. 25.3.1931, в. Забалоцце Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фізік. Акад. АН Беларусі (1986; чл.-кар. 1980), д-р фізіка-матэм. н. (1977), праф. (1978). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1955). З 1969 нам. дырэктара Ін-та фізікі, з 1992 акад.-сакратар Аддз. фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, адначасова ў 1992—93 дырэктар-арганізатар Ін-та малекулярнай і атамнай фізікі АН Беларусі. Навук. працы па спектральным аналізе, квантавай электроніцы, лазернай дыягностыцы нізка- і высокатэмпературнай плазмы. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.

Тв.:

Практическое руководство по спектральному анализу. Мн., 1960 (разам з А.А.Янкоўскім);

Лазерная спектроскопия плазменных образований // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.

Літ.:

В.С.Бураков: (к 60-летию со дня рождения) // Журн. прикладной спектроскопии. 1991. № 3.

т. 3, с. 344

БУРА́КС,

крышталегідрат натрыю тэтрабарату Na2B4O7·10H2O. У прыродзе мінерал класа баратаў. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Бясколерныя ці белыя крышталі, суцэльныя зямлістыя масы, скарынкі, лінзы, пражылкі ў гліністых пародах. Бляск шкляны. Паўпразрысты. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 1,7 г/см³. Мае саладкавата-шчолачны смак. Раскладаецца моцнымі кіслотамі. Утвараецца пры выпарэнні салёных азёр, у выглядзе выцветаў на глебе ў засушлівых рэгіёнах і інш. Пры награванні да 380 °C ступеньчата абязводжваецца; бязводны крышталічны прадукт мае tпл 742 °C, tкіп 1675 °C; раствараецца ў вадзе лепш, чым крышталегідрат. Выкарыстоўваюць у вытв-сці злучэнняў бору, аптычнага і каляровага шкла, эмаляў і палівы, мыйных сродкаў, пры пайцы і зварцы металаў, дубленні скуры, як мікраўгнаенне, кансервант, мед. прэпарат.

т. 3, с. 344

БУРА́ЛКІН Генадзь Васілевіч

(н. 12.2.1942, г. Ленінагорск, Казахстан),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Старшыня Саюза мастакоў Беларусі з 1990. Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэмы ўзятыя з нар. жыцця, знітаваныя з памяццю гісторыі, нац. паданнямі. Творы вызначаюцца манументальнасцю, філасафічнасцю вобразаў, вытанчанасцю формаў: манумент шахцёрскай славы ў Салігорску (1976), мемарыяльны знак у гонар 850-годдзя Гродна (1978), станковыя кампазіцыі «Песня пратэсту» (1977), «Вясна Перамогі» (1978), «Уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі» (1979), «Яблынька» (1981), шэраг жаночых партрэтаў (1980-я г.), «Памяці В.Хары» (1987), «Музыка» (1990), «Двое», «Сын зямлі» (абодва 1991), «Лясное возера» (1992), «Кастусь Каліноўскі», «Белая Ганча», «Сумненне» (усе 1993), «Вяртанне белага анёла», «Сымон-музыка», «Адам і Ева» (усе 1994), «Скок» (1995), серыя «Прысвячэнне П.Пікаса» (1996). Афармленне інтэр’ераў драм. тэатра (у сааўт.) і Дома грамадз. абрадаў у Гродне (1970-я г).

Г.А.Фатыхава.

т. 3, с. 344

«БУРА́Н»,

савецкі крылаты арбітальны карабель шматразовага выкарыстання. Адзіны беспілотны палёт з пасадкай у аўтаматычным рэжыме здзейснены 15.11.1988. Прызначаны для вывядзення на арбіту складаных касм. аб’ектаў і іх абслугоўвання, дастаўкі на Зямлю прадукцыі касм. вытв-сцяў і выканання грузапасажырскіх перавозак па маршруце Зямля — космас — Зямля.

Сканструяваны па самалётнай схеме тыпу «бясхвостка» з нізкаразмешчаным крылом падвойнай стрэлападобнасці. У насавым адсеку знаходзіцца герметычная кабіна для экіпажа (2—4 чал.) і пасажыраў (да 6 чал.), агрэгаты дыстанцыйнага кіравання і паліўныя бакі. Агульная стартавая маса да 105 т, даўж 36,4 м, выш. 16,5 м, размах крыла каля 24 м, грузападымальнасць да 30 т. Старт карабля выконваецца з дапамогай ракеты-носьбіта «Энергія», спуск і пасадка — па «самалётным» рэжыме. Гл. «Спэйс Шатл».

т. 3, с. 344

БУРА́Н

(цюрк.),

мяцеліца пры моцным ветры і нізкіх тэмпературах паветра. Узнікае пры снегападзе. Тэрмін ужываецца пераважна ў стэпавых раёнах Расіі і Казахстана.

т. 3, с. 344