Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«БУРАВЕ́СНІК»

(«Sturmvogel»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і насельніцтва ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл. 10—15.7.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі начальніка аховы тылу 4-й ням. арміі (батальёна ахоўнага палка, паліцыі парадку, асобнага ўсх. батальёна). Напярэдадні аперацыі насельніцтва з вёсак, якому пагражалі гітлераўцы, эвакуіравалася ў глыб партыз. зоны. Каля в. Сасноўка і Антонаўка карнікі былі спынены, потым контратакаваны байцамі 13-й Касцюковіцкай партыз. брыгады. Кіраўніцтва карнай аперацыяй «Буравеснік» у сваёй справаздачы прызнала поўны яе правал.

т. 3, с. 341

БУРАВЕСНІКАПАДО́БНЫЯ,

трубканосыя (Procellariiformes або Tubinares), атрад марскіх птушак. 4 сям.: альбатросы, буравеснікавыя (Procellariidae), качуркавыя (Hydrobatidae), ныраючыя буравеснікі (Pelecanoididae). 23 роды, каля 100 відаў. Пашыраны на ўсіх акіянах і вял. морах. Ёсць у Арктыцы (напр., глупыш і інш.) і Антарктыцы, шмат відаў трапляецца ў паўд. ч. Ціхага акіяна, у т. л. буравеснік стракататворы.

Даўж. 14—150 см, маса 0,04—12 кг, размах крылаў 0,3—3,5 м. Апярэнне чорна-белае або бура-белае. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба выцягнутая, на канцы кручкападобная, зверху ноздры ў асобных трубачках. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай. Добра лятаюць, трымаюцца адкрытага мора, на сушы толькі размнажаюцца. Гняздуюцца калоніямі. Яйцы кладуць на зямлю або ў шчыліны паміж камянёў. Кормяцца марскімі беспазваночнымі, рыбай, адкідамі.

т. 3, с. 341

БУРАВЫ́ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент для бурэння шпураў, свідравін і ліквідацыі аварый у глыбокіх свідравінах. Бывае тэхнал. (напр., буравыя долаты, каронкі, штангі, разцы), дапаможны (ключы, элеватары, клінавыя захваты), аварыйны (метчыкі, трубалоўкі, трубарэзкі), спец. (адхіляльнікі, стабілізатары).

Буравое долата выкарыстоўваецца пры ўдарным і вярчальным бурэнні свідравін. Асн. часткі: корпус і рабочая частка, па якой адрозніваюць шарошкавыя (з зубцамі), алмазныя і лопасцевыя долаты. Мае канал, па якім падаюць у забой паветра або прамывачную вадкасць. Каронка — асн. пародаразбуральны элемент буравога інструменту. Разбурэнне выконваецца лёзамі, арміраванымі цвёрдым сплавам, або штырамі са сферычнымі рабочымі паверхнямі. Каронка, вырабленая як адно цэлае з хваставіком для злучэння з буравой машынай, наз. бурам. Элеватар — каваны або літы стальны хамут для падхоплівання трубаў і штангаў пры іх апусканні ў час рамонту нафтавай свідравіны.

т. 3, с. 341

БУРАЗЁМЫ,

тое, што бурыя лясныя глебы.

т. 3, с. 342

БУРАЗУ́БКІ

(Sorex),

род дробных млекакормячых сям. землярыйкавых атр. насякомаедных. 50—65 відаў. Пашыраны ў тундравай, лясной і лесастэпавай зонах Еўразіі, Паўн. Амерыкі і паўн. ч. Паўд. Амерыкі. На Беларусі 3 віды: буразубка звычайная (S. araneus), буразубка сярэдняя (S. caecutiens), буразубка малая (S. minutus).

Даўж. цела 4—9 см, хваста 2,5—8 см, маса да 16 г. Нагадваюць мышэй, але пыска выцягнута накшталт хабатка. Поўсць аксамітная, цёмна-бурая, зубы чырванавата-бурыя (адсюль назва). Кормяцца беспазваночнымі, вельмі часта з’ядаюць корму ў некалькі разоў больш за сваю Масу. Знішчаюць шкодных насякомых.

т. 3, с. 342

БУРА́К Аляксандр Кандратавіч

(12.2.1918, г. Дзяржынск Мінскай вобл. — 24.12.1993),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі аэраклуб (1938), Адэскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1940), Вышэйшыя афіцэрскія лётна-тактычныя курсы (1945, 1951). У Чырв. Арміі з 1938. З 1942 на Бранскім, Калінінскім, 1-м і 4-м Укр. франтах: лётчык, камандзір звяна, нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка. Зрабіў 128 баявых вылетаў. Да 1956 у Сав. Арміі.

т. 3, с. 342

БУРА́К Андрэй Мацвеевіч

(1911, в. Асвеіца Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 17.10.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). З 1938 працаваў на з-дзе ў г. Ніжні Тагіл, ва Уральскім леспрамгасе (Расія). У Вял. Айч. вайну на фронце з нэрв. 1941. Наводчык кулямёта радавы Бурак вызначыўся ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра каля г.п. Ржышчаў Кіеўскай вобл. Загінуў у баі.

т. 3, с. 342

БУРА́К Леанід Іванавіч

(н. 23.3.1930, в. Кульшыно Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Засл. работнік адукацыі Беларусі (1990). Д-р філал. н. (1980), праф. (1982). Скончыў БДУ (1953). Працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1966 у БДУ. Даследуе сучасную бел. мову, пераважна яе сінтаксічныя і стылістычныя асаблівасці. Аўтар прац «Пунктуацыя беларускай мовы» (1969, 3-е выд. 1982), «Сучасная беларуская мова» (1974, 2-е выд. 1985), «Далучэнне ў сучаснай беларускай мове» (1975), «Даведнік па пунктуацыі беларускай мовы» (1980), «Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя» (І987) і інш. Сааўтар акад. «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66), нарматыўнага «Слоўніка беларускай мовы» (1987), шэрагу навук. дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школы.

т. 3, с. 342

БУРА́К Самуіл Мендэлевіч

(1872, г. Марыупаль, Украіна — 12.3.1938),

бел. сав. отарыналарынголаг. Д-р медыцыны (1902). Скончыў Харкаўскі ун-т (1897). У 1906—16 заг. ЛОР-лячэбніцы Харкаўскага шпіталя, з 1925 заг. кафедры ЛОР-хвароб Мінскага мед. ін-та. Навук. працы па вывучэнні склеромы.

Тв.:

Склерома верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў. Мн., 1933.

т. 3, с. 342

БУРАКАВО́ДСТВА,

галіна земляробства па вырошчванні буракоў для цукровай прамысловасці, а таксама на харч. і кармавыя патрэбы. На долю цукр. буракоў прыпадае прыкладна 1/3 цукру, які вырабляюць у свеце, а ў краінах умеранага пояса яны адзіная крыніца яго атрымання. На кармавыя мэты выкарыстоўваюць прамысл. адходы — жамерыны і патаку, а таксама буракі ў сырым выглядзе. Частка адходаў ідзе на ўгнаенне. Цукр. буракі параўнальна маладая с.-г. культура, выведзеная ў 18 ст. ў Германіі. У выніку селекцыі, развіцця насенняводства і ўдасканалення тэхналогіі вырошчвання яны шырока культывуюцца ў краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, найб. у лесастэпавай зоне. У залежнасці ад умоў вырошчвання колькасць цукру ў караняплодах вагаецца ад 15 да 23%. Сусв. плошчы пад цукр. буракамі каля 8 млн. га. Найб. плошчы пасеваў на Украіне (лесастэпавая зона), у Расіі (Чарназёмны цэнтр, Кубань), ЗША, Францыі, Германіі, Польшчы. Невял. пл. маюць Малдова, Беларусь, Літва, Латвія, а таксама Казахстан і Кыргызстан (на арашальных землях), з краін Зах. Еўропы — Нідэрланды, Вялікабрытанія. Найб. ўраджаі атрымліваюць у краінах Зах. Еўропы — 550—600 ц/га.

Вырабляць цукар з цукр. буракоў на Беларусі пачалі ў 1830-я г., калі ў Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губ. былі пабудаваны невял. цукр. з-ды. У 1860-я г. іх было больш за 30, але з-за канкурэнцыі больш таннага цукру з Украіны да канца 19 ст. яны былі ліквідаваны. Вырошчванне цукр. буракоў на Беларусі аднавілася ў 1950-я г. адначасова з буд-вам цукр. заводаў у Скідзелі (працуе з 1951), Гарадзеі Нясвіжскага р-на (1959), Жабінцы (1963), Слуцку (1965). У Беларусі ў 1995 цукр. буракі займалі 55,4 тыс. га, або 0,9% агульнай пасяўной плошчы. Ураджайнасць каля 200—300 ц/га, штогадовы валавы збор каля 1000—1500 тыс. т (гл. табл.). Пасевы цукр. буракоў канцэнтруюцца ў 28 адм. раёнах вакол цукр. з-даў. Доля цукр. буракоў у агульных пасевах гэтых раёнаў вагаецца ад 3 да 7%. Колькасць цукру ў бураках 15—17% — значна ніжэйшая, чым на Украіне (20—22%), выхад цукру з 1 т буракоў на заводах Беларусі 12—13%. Цукр. буракі ў Беларусі сеюць на сугліністых і супясчаных мінеральных, а таксама на асушаных і акультураных тарфяна-балотных глебах. Раянаваны сорт Гала.

Буракі сталовыя пашыраны на ўсіх кантынентах і ва ўсіх земляробчых зонах, але больш ва ўмераным поясе. Ураджайнасць 400—500 ц/га (да 1000 ц), на Беларусі каля 200 ц/га. Раянаваныя сарты — Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18 і інш. Кармавыя буракі вырошчваюць у краінах умеранага пояса: ЗША, Канадзе, Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, у краінах СНД і інш. Ураджайнасць у еўрап. краінах, у т. л. ў Беларусі, 300—400 ц/га. Вырошчваюць сарты бел. (Бел. чырвоныя) і замежнай (Экендорфскія жоўтыя і інш.) селекцыі.

Н.І.Жураўская.

т. 3, с. 342