БАЙКО́Ў Фёдар Ісакавіч
(каля 1612 — 1663 або 1664),
рускі дзярж. дзеяч. Дваранін. У 1654—57 узначальваў першае рускае пасольства ў Кітай для ўстанаўлення дыпламат. і гандл. адносін. Місія не мела поспеху. У час паездкі ў Пекін Байкоў вёў назіранні, якія выклаў у справаздачы пасольства — «Стацейным спісе» (прыведзены кашт. звесткі пра Сібір і Кітай, што стала значным укладам у геагр. л-ру таго часу).
т. 2, с. 225
БАЙЛАДЫ́ЛА,
жалезарудны пояс на У Індыі (штат Мадх’я-Прадэш). Буйнейшыя (14) радовішчы высакаякасных (больш за 63% жалеза), пераважна гематытавых кварцытаў. Разведка з 1958, распрацоўка з 1967. Запасы кандыцыйных (63—67% жалеза) рудаў 1,3 млрд. т.; рэсурсы багатых гематытавых рудаў перавышаюць 3 млрд. т.
т. 2, с. 225
БАЙЛЯНЬЦЗЯ́О,
Секта белага лотасу, тайная будыйская секта ў Кітаі ў 12 — пач. 19 ст. Узнікла на пач. праўлення дынастыі Паўд. Сун [1127—1279]. У 14 ст. злілася з будыйскімі сектамі Мілацзяо і Мінцзяо і стала масавай арг-цыяй, у якую ўваходзілі пераважна сяляне і рамеснікі. Удзельнічала ва ўзбр. барацьбе супраць манг. дынастыі Юань. У наступныя стагоддзі неаднаразова ўздымала сял. паўстанні; адно з буйнейшых адбылося ў 1796—1805. Пасля яго задушэння маньчжурска-кіт. феадаламі секта спыніла сваю дзейнасць (за выключэннем адгалінаванняў у Шаньдуні і Чжылі).
т. 2, с. 225
БАЙНІ́ЦА,
адтуліна ў сцяне абарончага збудавання для вядзення агню са стралковай зброі (закрытыя байніцы) або прасвет паміж зубцамі ў завяршэнні крапасных сцен, вежах і інш. (адкрытыя байніцы). З’явіліся ў стараж. свеце. Пашырыліся ў сярэднявеччы, калі пачалося буд-ва замкаў, крэпасцяў, умацаванняў гарадоў, з 14—15 ст. і ў палявых абарончых умацаваннях. На Беларусі існавалі са стараж. часоў у драўляных абарончых збудаваннях, з 13 ст. — у мураваных вежах (Камянецкая вежа). Асабліва пашырыліся ў 14 ст. (Лідскі, Крэўскі, Гродзенскі Стары замкі). Прызначаліся для стральбы з лукаў і арбалетаў. Мелі прамавугольную, трапецападобную або паўцыркульную форму. У 15—16 ст. набылі круглаватую форму, бо сталі шырока выкарыстоўвацца ручная агнястрэльная зброя (рушніцы, аркебузы, мушкеты) і лёгкія гарматы (гакаўніцы). У 17 ст. над байніцамі круглаватай формы з’явіліся прамавугольныя вертыкальныя прарэзы для прыцэльвання (Любчанскі замак, Камайскі касцёл, кляштар брыгітак у Гродне). На валах земляных умацаванняў адкрытымі байніцамі служылі прасветы паміж напоўненымі зямлёй лазовымі кашамі. Байніцы, прызначаныя для вядзення агню з гармат, наз. амбразурамі, для кідання камення — машыкулямі.
А.А.Трусаў.
т. 2, с. 225
БАЙРА́КІ
(цюрк.),
сухія лагчыны і яры, укрытыя расліннасцю, пераважна лісцевым лесам (дуб, ясень, клён, ліпа, бяроза, ігруша і інш.), у стэпах і лесастэпах Рускай раўніны (Сярэднярускае і Прыволжскае ўзвышшы, Данбас і інш. тэрыторыі з узгоркавым рэльефам).
т. 2, с. 226
«БАЙРА́М»
(«Свята»),
штоквартальны гісторыка-этнаграфічны часопіс. Выходзіць у Мінску з 1991 на бел. мове. Выдаецца Бел. згуртаваннем татараў-мусульман «Аль-Кітаб». Друкуе матэрыялы па гісторыі татараў з часу іх пасялення на бел. землях у канцы 14 ст., пра жыццё татараў Паволжа і Крыма, мусульманскіх і цюркскіх краін свету, асновы мусульманскай веры і этыкі і інш.
т. 2, с. 226
БАЙРАМУ́КАВА Халімат
(сапр. Кубанава Халімат Башчыеўна;нарадзіўся 15.8.1917, аул Курзук, Карачаева-Чэркесія),
карачаеўская пісьменніца. Аўтар зб-каў вершаў «Люблю жыццё я» (1957), «Любімыя горы» (1959), «Дабро» (1977), аповесцяў «Сям’я Карчы» (1962), «Вечныя коннікі» (1977), раманаў «Гады і горы» (1964), «Ранішняя зорка» (1974) і інш. пра гісторыю і сучаснае жыццё свайго народа. На карачаеўскую мову пераклала вершы і паэмы Я.Купалы.
т. 2, с. 226
БАЙРА́М-АЛІ́,
горад у Туркменістане, цэнтр раёна ў Марыйскай вобласці. У Мургабскім аазісе. Засн. ў 1886. Чыг. станцыя. Лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. З 1933 дзейнічае як кліматычны курорт. Клімат рэзка кантынентальны з мяккай зімой і гарачым летам. Сезон з крас. да лістапада спрыяльны для лячэння хворых з хранічнымі запаленнямі нырак, у астатні час — для лячэння сардэчна-сасудзістых хвароб. У будынку б. царскай сядзібы (канец 19 ст.) санаторый з аддз. для падлеткаў. У наваколлі помнікі стараж. архітэктуры, у т. л. маўзалей, рэшткі мячэцяў і палацаў 7—15 ст., гарадзішчы.
т. 2, с. 226
БА́ЙРАН
(Byron),
мыс; самы ўсходні пункт мацерыка Аўстралія (28°38′ паўд. ш. і 153°30′ усх. д.).
т. 2, с. 226