Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУЛЫ́ГІН Сяргей Іванавіч

(н. 10.7.1963, с. Салаўёўка Новасібірскай вобл., Расія),

бел. спартсмен (біятлон). Засл. майстар спорту СССР (1984). Алімпійскі чэмпіён (1984) у эстафеце, чэмпіён свету ў эстафеце (1983, 1985, 1986) і каманднай гонцы (1989), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 1989 у эстафеце. 7-разовы чэмпіён Беларусі, чэмпіён СССР, прызёр этапаў Кубка свету.

т. 3, с. 331

«БУЛЫ́ГІНСКАЯ ДУ́МА»,

увайшоўшая ў гісторыю назва праекта прадстаўнічага законадарадчага органа ў Расіі. Праект закону аб Думе і палажэнне пра выбары ў яе распрацаваны ў ліп. 1905 камісіяй пад кіраўніцтвам міністра ўнутр. спраў А.Г.Булыгіна (адсюль назва). «Булыгінская дума» павінна была склікацца не пазней сярэдзіны студз. 1906. Паводле праекта, «Булыгінская дума» мела права абмяркоўваць законапраекты, бюджэт і інш.; большасць насельніцтва не мела выбарчага права (рабочыя, жанчыны, ваеннаслужачыя, вучні і інш.). «Булагінская дума» не была склікана. У выніку Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 цар вымушаны быў выдаць Маніфест 17 кастрычніка 1905 з абяцаннем заканадаўчай Дзярж. думы.

т. 3, с. 331

БУЛЫ́КА Аляксандр Мікалаевіч

(н. 18.3.1935, в. Селішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мовазнавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1994), д-р філал. н. (1981), праф. (1992). Скончыў БДУ (1959). З 1965 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе мову помнікаў стараж. бел. л-ры, старабел. графіку, арфаграфію, фанетыку, марфалогію, лексікалогію і інш.: «Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы» (1970), «Даўнія запазычанні беларускай мовы» (1972), «Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст.» (1980). Аўтар «Слоўніка іншамоўных слоў» (1993), рэдактар і сааўт. «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—14, 1982—96).

т. 3, с. 331

БУЛЫ́КА Галіна Аляксандраўна

(н. 6.12.1960, в. Восава Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса. Дачка А.М.Булыкі. Скончыла хім. ф-т БДУ (1983), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1989). У 1990—94 у газ. «Культура», з 1994 у час. «Беларуская думка». Друкуецца з 1983. У зб-ках вершаў «Сінтэз» (1986), «Турмалін» (1994) — рацыяналізм і экспрэсіўнасць, эмац.-эстэтычнае асваенне «непаэтычных» фіз. і хім. з’яў і рэчываў, філасафічнасць, незвычайнасць міфалагічнай і фалькл. сімволікі, шматпланавасць, неадназначнасць сэнсу (вершы пра гісторыю, навуку, культуру, мастацтва, каханне і інш.).

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 332

БУЛЫЧО́Ў Кір

(сапр. Мажэйка Ігар Усеваладавіч, н. 18.10.1934, Масква),

рускі пісьменнік-фантаст. Аўтар зб. апавяданняў «Цуды ў Гусляры» (1972), «Людзі як людзі» (1975), навук.-фантастычных аповесцяў «Востраў іржавага лейтэнанта» (1968), «Апошняя вайна» (1970), «Палова жыцця» і «Умельства кідаць мяч» (1973), «Вандраванне Алісы» і «Дзень нараджэння Алісы» (1974), «Патрэбна свабодная планета» (1977), «Выкраданне чараўніка» (1979), «Чужая памяць» (1981) і інш., навук.-папулярных кніг і апавяданняў, кінасцэнарыяў. Большасць з іх адрасаваны юным чытачам. За сцэнарыі фільма «Праз церні да зорак» і мультфільма «Тайна трэцяй планеты» Дзярж. прэмія СССР 1982.

С.Ф.Кузьміна.

т. 3, с. 332

БУЛЫЧО́Ў Юрый Аляксандравіч

(2.4.1921, г. Мурам Уладзімірскай вобл., Расія — 16.9.1976),

бел. мастак кіно, жывапісец. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1953). З 1953 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык фільмаў: «Дзеці партызана», «Несцерка», «Міколка-паравоз», «Шчасце трэба берагчы», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Першыя выпрабаванні» (з У.Белавусавым), «Насустрач буры», «Пушчык едзе ў Прагу», «Анюціна дарога», «Ствары бой», «Там, удалечыні за ракой», «Неадкрытыя астравы», «Маленькі сяржант»; тэлефільма «Па сакрэце па ўсім свеце». Сярод жывапісных работ: «Шыпшына», «Самота», «Раніца ў горадзе», «Зімовы дзень», «Хутар», «Цішыня», «Масток», «Дарога»; партрэты, эцюды, замалёўкі і інш.

Г.А.Фатыхава.

т. 3, с. 332

Булычоў Анатоль Леанідавіч

т. 18, кн. 1, с. 356

БУЛЬ

(Boulle, Boule) Андрэ Шарль (11.11.1642, Парыж — 28.2.1732),

французскі майстар маст. мэблі. З 1672 прыдворны майстар Людовіка XIV. Распрацаваў свой варыянт тэхнікі інтарсіі, т.зв. маркетры (мазаічны ўзор), шырока выкарыстаўшы эбенавае дрэва, слановую косць, перламутр, чарапахавы панцыр, медзь, бронзу і волава. Мэбля з майстэрні Б. (з ім працавалі яго 4 сыны) эвалюцыяніравала ад класіцызму 17 ст. да ракако; зберагаецца ў Луўры, Версалі, Фантэнбло, Музеі Клюні (Парыж) і інш. Імітацыя работ Буля (пераважна ў 19 ст., т.зв. стыль Буля) сустракаецца ва ўсёй Еўропе.

т. 3, с. 332

БУЛЬ

(Boole) Джордж (2.11.1815, г. Лінкальн, Вялікабрытанія — 8.12.1864),

англійскі матэматык і логік; заснавальнік матэм. логікі. Праф. матэматыкі (1849) Куінс-каледжа ў Корку (Ірландыя). Спец. матэматычнай адукацыі не меў. У працах «Матэматычны аналіз логікі» (1847), «Логікавае злічэнне» (1848), «Даследаванне законаў мыслення» (1854) распрацаваў алгебру логікі. Імем Буля названы асобныя алг. сістэмы — булевы алгебры.

т. 3, с. 332

БУЛЬ

(Bull) Уле (5.2.1810, г. Берген, Нарвегія — 17.8.1880),

нарвежскі кампазітар, скрыпач, муз. фалькларыст. Самабытны рамант. выканальніцкі стыль Буля склаўся пад уплывам мастацтва Н.Паганіні і нарв. нар. скрыпачоў — выканаўцаў на хардынгфелі. Яго творы, запісы і апрацоўкі нар. песень садзейнічалі фарміраванню нарв. кампазітарскай школы. Заснавальнік першага нарв. т-ва «Нацыянальная сцэна» (Берген, 1850). Канцэртаваў у многіх краінах Еўропы (у Расіі з 1838). З 1851 жыў пераважна ў ЗША. Аўтар канцэрта для скрыпкі з арк., скрыпічных п’ес, п’ес на амер. матывы, хароў, музыкі для драм. т-ра.

т. 3, с. 332