Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САБО́РНЫЯ ШКО́ЛЫ,

сярэднія навуч ўстановы ў эпоху сярэдневякоўя пры саборах (епіскапскіх кафедрах) у буйнейшых гарадах Еўропы. Давалі больш шырокую адукацыю, чым манастырскія школы і царкоўнапрыходскія школы. Навучалі чытанню, пісьму, граматыцы, лічэнню, царк. спевам. У перыяд позняга сярэдневякоўя ў некат. С.ш. выкладаліся. прадметы трывіума (граматыка, рыторыка, дыялектыка), у асобных даваліся звесткі з квадрывіума (арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, музыкі).

т. 14, с. 49

САБО́РНЫ РУХ,

плынь у каталіцкай царкве ў 14 — пач. 15 ст. Яго ідэолагі адхілялі дамаганні папства на універсальную ўладу, яны патрабавалі падпарадкавання папства дзяржаве ў свецкіх і Усяленскаму сабору ў царк. справах. Рух абумоўлены ўзмацненнем у Еўропе цэнтралізаваных дзяржаў, імкненнем нац. цэркваў дасягнуць большай самастойнасці і меншай залежнасці ад папскага прастола, ростам нар.-ератычных рухаў і падзеннем аўтарытэту папскай улады. Ідэолагамі С.р. была частка вышэйшых царк. іерархаў і свецкіх феадалаў (Ж.​Жэрсон, П.д’Айі, Мікалай Кузанскі). Практычнай рэалізацыяй патрабаванняў С.р. было скліканне па ініцыятыве кардыналаў без згоды папы Пізанскага (1409, не прызнаны каталіцкай царквой) і Канстанцкага (1414) сабораў, на якіх прыняты рашэнні, накіраваныя на абмежаванне папскай улады. Прынцыпы С.р. замацаваны пастановамі Базельскага сабора (1431—49). Але адсутнасць адзінства ў царк. вярхах дазволіла папу Яўгенію IV нейтралізаваць пастановы Базельскага сабора. На Фларэнційскім саборы (1438—45) С.р. асуджаны. У 1460 булай папы Пія II забаронена апеляцыя да Усяленскага сабора. У далейшым Усяленскія саборы склікаліся толькі паводле рашэння папы.

М.​В.​Тараткевіч.

т. 14, с. 49

СА́БРА І ШАЦІ́ЛА,

назва двух лагераў палесцінскіх бежанцаў у сталіцы Лівана Бейруце. Набылі вядомасць у час уварвання войск Ізраіля ў Ліван у 1982, калі 15—17 ліст. саюзная Ізраілю міліцыя хрысціян-маранітаў учыніла там разню мірных жыхароў, у выніку чаго загінула ад 1 да 2 тыс. жанчын, дзяцей і старых.

Ізраільскія войскі, якія знаходзіліся побач, не прадухілілі гэтыя забойствы, што выклікала ўсеагульнае асуджэнне Ізраіля сусв. супольнасцю.

т. 14, с. 49

САБСА́Й (Пінхас) (Пётр) Уладзіміравіч (1.7.1893, г. Адэса, Украіна — 1980),

азербайджанскі скульптар. Нар. мастак СССР (1973). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Адэскім маст. вучылішчы (1908—15), Ленінградскай АМ (1922—25). З 1926 жыў у Баку. Выкладаў у Азерб. маст. вучылішчы (з 1928). Аўтар помнікаў М.​Ф.​Ахундаву (1930), С.​Кіраву (1939; Дзярж. прэмія СССР 1942) і інш. у Баку, шматлікіх партрэтаў і твораў у галіне манум. рэльефу.

т. 14, с. 49

САБУ́Р,

высушаны сок лісця розных відаў алоэ сям. асфадэлавых. Чорна-бурыя кавалкі ці парашок з непрыемным пахам і горкім смакам. Добра раствараецца ў гарачай вадзе, спірце, растворах шчолачаў. Найб. важны кампанент — алаіны (сумесь антрагліказідаў). Выкарыстоўваюць у асн. у ветэрынарыі як слабіцельны і жаўцягонны сродак; мясцова — для дэзінфекцыі і паскарэння эпітэлізацыі.

т. 14, с. 49