Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПІ́НСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Існавала ў 1729?—46? у г. Пінск Брэсцкай вобл. Належала езуітам. Выпускала кнігі на лац. і польскай мовах (вядома 8 назваў, ёсць звесткі яшчэ пра 3): літургічныя выданні, панегірыкі, казанні, белетрыстычныя зб-кі «Усякай усячыны», складзеныя смаленскім кашталянам паэтам К.​Несялоўскім. У зб-ках змешчаны вершы складальніка, дакумент. і эпісталярныя матэрыялы, легенды, апокрыфы, эпітафіі і інш.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.

т. 12, с. 367

ПІ́НСКАЯ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧА-ФАНЕ́РНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1880—1916. Вырабляла дошкі і фанеру. Мела лакамабіль, 2 паравыя рухавікі, паравы кацёл. У 1909 працавала 620 чал. У 1900 выпушчана прадукцыі ка 350,1 тыс. руб. Закрыта ў сувязі з ням. акупацыяй.

т. 12, с. 367

ПІ́НСКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА Засн. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1892 пад назвай «Прагрэс-Вулкан». У 1897 многія працэсы механізаваны; выпускала за суткі 250 тыс. карабкоў запалак. У тым жа годзе ф-ка згарэла, пазней адноўлена. У 1902 працавала 674 чал. З 1909 уваходзіла ў акц. т-ва запалкавых ф-к «Прагрэс-Вулкан». У 1915—18 ф-ка не працавала, абсталяванне часткова вывезена ў Германію. У 1918 ф-ка аднавіла выпуск запалак. У 1931 на ф-цы былі 183 машыны па выпуску запалак.У 1939 нацыяналізавана. У 1944 усё абсталяванне было вывезена ў Германію, а будынак спалены. З 1944 П.з.ф. ў складзе Пінскага фанерна-запалкавага камбіната (былы фанерны з-д), а з 1947 аднавіла выпуск запалак, у 1948 набыла самастойнасць і наз. Пінская запалкавая фабрыка «17 Верасня». У 1950 рэканструявана. У 1959—70 у складзе Пінскага фанерна-запалкавага камбіната, з 1971 — Пінскага вытв. дрэваапр. аб’яднання «Пінскдрэў». У 1984—85 пераабсталявана, перайшла на выпуск запалак у кардонных карабках. З 1992 з сучаснай назвай на правах філіяла ўваходзіць у «Пінскдрэў». Асн. прадукцыя (2001) — запалкі.

М.​А.​Галавешкін.

т. 12, с. 368

ПІ́НСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкар. кераміка 16—19 ст. з г. Пінск Брэсцкай вобл. Кафля 16 ст. гаршковая з квадратным вусцем, а таксама (з канца 16 ст.) каробчатая з вонкавай пласцінай, дэкарыраванай геам. малюнкам. Кафля 17—18 ст. каробчатая гзымсавая, вуглавая дывановая), аздобленая расл. арнаментам, геральдычнымі выявамі, манаграмамі; выраблялі таксама каронкі. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Пінску пашырылася паліхромная рэльефная кафля, у 18 ст. — размаляваная гладкая. З канца 17 ст. малюнак паступова спрашчаўся, з сярэдзіны 18 ст. выраблялі кафлю звычайна без дэкору. Пры абпальванні выкарыстоўвалі пераважна зялёную, а таксама паліхромную паліву. З 2-й пал. 19 ст. была наладжана прамысл. вытв-сць кафлі з расл. дэкорам па замежных ўзорах.

І.​М.​Чарняўскі.

т. 12, с. 368

ПІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,

адм.-тэр. адзінка праваслаўнай царквы на Беларусі. З канца 10 — пач. 11 ст. тэр. епархіі ўваходзіла ў склад Тураўскай праваслаўнай епархіі ў падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі. У 1241 кафедра перанесена ў Пінск, што лічыцца пачаткам дзейнасці П.п.е. У 14 ст. епархія тройчы знаходзілася ў юрысдыкцыі Галіцкай мітраполіі, пасля яе скасавання — зноў у Кіеўскай. У 1595—1795 пінскай кафедрай валодалі уніяты, аднак у 1620—32 П.п.е. адраджалася і існавала адначасова з уніяцкай. У 1795—1839 уніяцкія прыходы епархіі аб’ядналіся з правасл. царквой і іх тэр. была ўключана ў склад Мінскай праваслаўнай епархіі. У 1920 епархія адноўлена, у 1922—39 знаходзілася ў складзе Польскай аўтакефальнай правасл. царквы. У 1941 на пінскую кафедру быў прызначаны епіскап Маскоўскага патрыярхату, аднак з-за ваен. дзеянняў ён не змог кіраваць епархіяй. У 1942—44 епархія знаходзілася ў падпарадкаванні Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы; у 1944 вернута ў юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхату. У 1839—40 і 1980—90 тытул «епіскап пінскі» насілі вікарыі Мінскай епархіі. У 1990 дзейнасць П.п.е. адноўлена ў складзе Беларускай праваслаўнай царквы, яе тэр. ахоплівае 8 адм. раёнаў Брэсцкай вобл.: Пінскі, Баранавіцкі, Ганцавіцкі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Столінскі. На канец 1999 у епархіі 147 прыходаў, 34 капліцы, 128 святароў, 5 дыяканаў, Пінскі Варварынскі манастыр (адноўлены з 1993).

Літ.:

Пінская епархія // Беларускі праваслаўны каляндар, 2000. Мн., 1999.

В.​К.​Касцюк.

т. 12, с. 368

ПІ́НСКАЯ ТЫТУНЁВАЯ ФА́БРЫКА Дзейнічала ў г. Пінск Брэсцкай вобл. з 1882. Выпускала курыльны тытунь, махорку і папяросы, з 1895 таксама цыгары і цыгарэты, з 1908 толькі цыгары, з 1913 — курыльны тытунь. Мела ў розныя гады конны рухавік, паравы рухавік. У 1903 працавала 180, у 1910—32 рабочыя.

т. 12, с. 368

ПІ́НСКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ «КРЫНІ́ЦА ПАЛЕ́ССЯ» Створана ў 1960 на базе арцелі «8 Сакавіка» ў г. Пінск Брэсцкай вобл. З 2000 наз. «Крыніца Палесся». Асн. прадукцыя: тканыя (ручнікі, абрусы, сурвэты, камплекты для кавы, кухні, шторы, пакрывалы) і строчана-вышытыя (камплекты пасцельнай і сталовай бялізны, абрусы, фіранкі, сурвэты) вырабы; размалёўкі па дрэве (наборы дошак для кухні, пано, хлебніцы, падносы, наборы для сыпучых прадуктаў, яйкі-пісанкі); касцюмы і абутак для калектываў маст. самадзейнасці.

С.​А.​Саляйчук.

Да арт. Пінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся». Вышываныя пано і размалёўка па дрэве.
Да арт. Пінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся». Сталовыя камплекты.

т. 12, с. 368

ПІ́НСКАЯ ШПІ́ЛЕЧНА-ФАНЕ́РНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1880—1914 (?). У розны час выпускала фанеру, абутковыя гвазды, шавецкія шпількі, скрынкі. Мела 3 паравыя машыны. У 1913 працавалі 544 рабочыя.

т. 12, с. 368

ПІ́НСКА-ЗАРЭ́ЧНЫ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1791—92 у Брэсцкім ваяводстве ВКЛ. Цэнтр — в. Плотніца. У 1792 перайменаваны ў Запінскі павет.

т. 12, с. 366

ПІ́НСКА-ІВАЦЭ́ВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,

тып бел. традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюць нар. майстры вёсак Бярозаўскага, Ганцавіцкага, Драгічынскага, Іванаўскага, Івацэвіцкага, Пінскага р-наў Брэсцкай вобл. Вядомы з 19 ст. Даўж. 180—250, шыр. 23—30 см. Па колеравай гаме, стылістыцы арнаменту, якасці палатна блізкія да мотальскіх ручнікоў. Ткуць з ільняных і баваўняных нітак, па краях аздабляюць шматколерным вышытым гладдзю арнаментам (выявы букстаў, ваз, гірляндаў кветак і інш.). Бываюць звычайныя і з прышытымі па канцах вузейшымі кавалкамі палатна. Звычайныя ткуць у 3 ніты арнаментам «у коскі», канцы аздабляюць мохрыкамі ці паскамі карункаў (плеценыя з нітак асновы або вязаныя з белых баваўняных). У арнаментыцы пашыраны палоскі: вузкія папярочныя, адзінкавыя ці згрупаваныя па некалькі (чырвоныя, чырвона-блакітныя, шэра-белыя), а таксама падоўжныя і папярочныя, якія ўтвараюць буйнарапортную клетку. Ручнікі з прышытымі канцамі ткуць у 2 ніты, асн. (шырэйшую) частку аздабляюць гладкімі ці ўзорыстымі палосамі геам. арнаменту, канцы — дробна-ажурнымі вузельчыкавымі карункамі, плеценымі з суканых нітак асновы, вышытым крыжыкам арнаментам антрапаморфнага, зааморфнага, расліннага характару, выкананым чырвонымі і чорнымі ніткамі бавоўны-горынь. Шырока выкарыстоўваюцца ў афармленні інтэр’ераў хат, традыц. абрадах, служаць узорамі пры распрацоўцы сувенірных вырабаў.

М.​Ф.​Раманюк.

Пінска-Івацэвіцкія ручнікі 1-я пал. 20 ст.

т. 12, с. 366