Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПІЛЮ́ГІН (Мікалай Аляксеевіч) (18.5.1908, С.-Пецярбург — 2.8.1982),

расійскі вучоны ў галіне аўтаматыкі і тэлемеханікі. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1956, 1961). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1935). У 1934—41 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це і інш. спец. НДІ. З 1969 у Маскоўскім ін-це радыётэхнікі, электронікі і аўтаматыкі. Гал. канструктар сістэм кіравання ракет-носьбітаў ШСЗ і інш. касм. апаратаў. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1967.

М.А.Пілюгін.

т. 12, с. 359

ПІЛЮ́ЗІНА (Ніна Васілеўна) (н. 25.8.1944, в. Васілева Глінкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

бел. мастак. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве (габелен, батык) і графіцы (акварэль). Творчасці ўласцівы абагульненая мадэліроўка форм, рытмічнасць кампазіцый, гарманічнасць колеравых спалучэнняў, зварот да бел. фальклорных і гіст. сюжэтаў. Сярод твораў: габелены «Апошні ліст» (1969), «Легенда пра возера Свіцязь» (1972), «Навука пра зоркі» (1975), «Перад зорнай дарогай» (1976), «Святочная ноч» (1977), «Летні дождж» (1981), «Беларусь» (з П.​Бондарам), «Ой, ляцелі гусі ды з-пад Белай Русі» (абодва 1982), «Несуцішны боль», «Легенды Мядзельшчыны» (трыпціх; усе 1984), «Беларускае вяселле» (серыя, 1989), «Узвіжанскі спакус», «Абуджэнне», «Кліч зямлі» (усе 1992), «Няўмольны час» (1996); батыкі: трыпціх «Трыумф жыцця» (з Н.​Бандарэнка), «Нечаканае ўсхваляванне» (усе 1990), «Летнія ліўні», «Зацішша», «За акном мае вішні» (усе 1994), «Купалле», «Рэха кахання» (серыя; усе 1995); акварэлі «Жамчужны бераг» (1971), «Хрызантэмы» (1975), «Дары сонца», «Сумны бэз» (абедзве 1997) і інш. Пра П. зняты фільм «Безыменная таямніца» (1998; рэж. Ю.​Сцяпанаў). Іл. гл. таксама да арт. Габелен.

Л.​Ф.​Салавей.

Н.Пілюзіна. Навука пра зоркі. 1975.

т. 12, с. 359

ПІЛЮ́К (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 9.10.1953, в. Рухава Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Д-р с.-г. н. (1999). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1979). З 1988 дырэктар Жодзінскага дзяржплемпрадпрыемства, з 1994 — доследнай плем. гаспадаркі «Будагова» Смалявіцкага р-на. З 1998 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (нам. дырэктара). Навук. працы па фізіял. абгрунтаванні рацыянальнага выкарыстання, тэхналогіі нарыхтоўкі і падрыхтоўкі кармоў, мінер. жыўленні с.-г. жывёл.

Тв.:

Минеральные источники Беларуси для животноводства. Жодино;

Мн., 1995 (разам з І.​К.​Слесаравым);

Основы животноводства. Мн., 1997 (у сааўт.).

т. 12, с. 360

ПІЛЮ́ТАЎ (Пётр Андрэевіч) (23.12.1906, в. Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 24.3.1960),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў 1-ю Ваен. школу авіятэхнікаў (1932), Качынскую ваен. школу лётчыкаў (1935). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік выратавання чэлюскінцаў у 1934, баёў каля воз. Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім фронце. Нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка капітан П. вызначыўся 17.12.1941 над Ладажскім воз. пад Ленінградам, дзе ў паветр. баі з 6 варожымі знішчальнікамі збіў 2 з іх, на пашкоджаным самалёце адбіваў атакі; за час вайны збіў 17 варожых самалётаў. Да 1955 у Сав. Арміі.

П.А.Пілютаў.

т. 12, с. 360

ПІ́ЛЯР (Раман Аляксандравіч) (1894, Вільня, паводле інш. звестак Беластоцкае ваяв., Польшча — 2.9.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Камісар дзяржбяспекі 2-га рангу (1935). Вучыўся ў Петраградскім ун-це (1915—17). У 1917—19 старшыня ВРК Літвы, член Прэзідыума і сакратар ЦВК Літ.-Бел. ССР. З 1920 у органах ВЧК і АДПУ РСФСР. У 1924 удзельнічаў у аперацыі «Сіндыкат-2» па захопе ў Мінску Б.​В.​Савінкава і разгроме яго падп. арг-цыі. У 1925—29 старшыня ДПУ БССР, адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Зах. краі. З 1929 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ і нач. УНКУС СССР па Паўн.-Каўказскім краі, Сярэдняй Азіі, Саратаўскай вобл. Чл. ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1925—29. Чл. ЦВК Літ.-Бел. ССР у 1919, ЦВК БССР у 1927—29, ЦВК СССР у 1929—37. Неабгрунтавана арыштаваны 15.5.1937 як удзельнік «Польскай арганізацыі вайсковай» і агент польск. разведорганаў. 2.9.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

І.​А.​Валахановіч.

т. 12, с. 360

ПІЛЯ́СТРА, пілястр (італьян. pilastro ад лац. pila калона, слуп),

плоскі верт. прамавугольны ў плане выступ на сцяне ці слупе, які паўтарае ўсе часткі і прапорцыі калоны арх. ордэра, але пазбаўлены патаўшчэння ў сярэдняй частцы ствала (энтазіса). П. выкарыстоўваліся ў ордэрнай сістэме як дэкар. элементы для верт. члянення сцен. Часам канструктыўна ўмацоўвалі найб. напружаныя ўчасткі сцен (вуглы, прасценкі і інш.). Упершыню паявіліся ў ордэрнай архітэктуры Стараж. Грэцыі. У архітэктуры барока і класіцызму былі важным сродкам узбагачэння арх. кампазіцыі, стварэння выразнага рытму фасадаў і надання ім манументальнасці. Выкарыстоўваюцца ў сучасным буд-ве.

С.​А.​Сергачоў.

Пілястра.

т. 12, с. 360