Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЕ́ДНЫ КАЛЧАДА́Н,

тое, што халькапірыт.

т. 10, с. 250

МЕДРЭСЭ́ (араб.),

сярэдняя і вышэйшая мусульм. навуч. ўстанова для падрыхтоўкі служыцеляў культу, настаўнікаў пач. мусульм. школ, а таксама служачых дзярж. апарата ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. Пашыраны з 9—13 ст. у краінах, дзе пераважала насельніцтва, якое вызнавала іслам. Ствараліся звычайна пры вял. мячэцях. У навуч. праграме М. — араб. мова, тэалагічныя, юрыд., гіст. і інш. прыкладныя дысцыпліны. М. дзейнічаюць у Рас. Федэрацыі (напр., у Маскве, Казані, Махачкале, Уфе), а таксама ва Узбекістане (Міры-Араб у Бухары), Азербайджане (Баку) і інш.

Як тып арх. збудавання склалася ў 10—11 ст. 1—2-павярховы будынак М. ўключае размешчаныя вакол прамавугольнага ці квадратнага двара мячэць ці малітоўную залу, аўдыторыю, келлі, пахавальню заснавальніка. М. розных рэгіёнаў адрозніваюцца планіроўкай і канструкцыямі: у Сярэдняй Азіі мячэць і аўдыторыя размяшчаюцца ў корпусе па баках цэнтр. партала, у Сірыі і Егіпце яны займаюць памяшканні на цэнтр. восях двара ці адкрытыя ў двор айваны (скляпеністыя залы), у Турцыі двор М. перакрываўся вял. купалам, у Цэнтр. і М. Азіі звычайна выкарыстоўвалі скляпеністыя перакрыцці, у Паўн. Афрыцы — кроквенныя дахі. М. аздаблялі разьбой, паліваным і размаляваным дэкорам: М.Бу-Інанія ў г. Фес (Марока; 14 ст.), Улугбека (15 ст.) і Шыр-Дор (17 ст.) у Самаркандзе, Міры-Араб у Бухары (16 ст.; усе Узбекістан).

С.А.Сергачоў.

Медрэсэ Шыр-Дор у Самаркандзе. 1619—35.

т. 10, с. 251

МЕДУ́ЗА,

у старажытна-грэчаскай міфалогіі малодшая і самая страшная з трох гаргон, сярод якіх толькі яна была смяротная. Як і інш. гаргоны, М. ператварала ў камень усё жывое, да чаго датыкаўся яе позірк. Персей адсек ёй галаву і аддаў яе Афіне. З крыві або з тулава М. нарадзіўся Пегас — плод яе сувязі з Пасейдонам. Іл. гл. пры арт. Гаргоны.

т. 10, с. 251

МЕДУ́ЗЫ,

асобіны палавога пакалення кішачнаполасцевых жывёл, якія свабодна плаваюць. Характэрны для сцыфоідных і многіх гідроідных. Некат. сцыфоідныя (стаўрамедузы) жывуць на дне, прымацаваныя да субстрату. Пашыраны ў морах, часам у прэсных водах. М. ўзнікаюць пры адпачкаванні ад прымацаваных да субстрату асобін бясполага пакалення — паліпаў. У некат. гідроідных (трахіліды) і сцыфоідных чаргаванне пакаленняў страчана, М. развіваецца з яйца.

Дыяметр ад некалькіх міліметраў да 2,3 м. М. уласціва гетэрапалярная радыяльна-восевая сіметрыя. Цела паўпразрыстае, у форме парасона або звона; па краях шчупальцы (даўж. да 30 м), у некат. з жыгучымі клеткамі, і органы пачуццяў. Ротавая адтуліна ў сярэдзіне ніжняга боку парасона. Рухаюцца рэактыўным спосабам (выкідваюць ваду з поласці парасона). Кормяцца планктонам. Раздзельнаполыя. Палавыя прадукты выкідваюць у ваду, дзе яны апладняюцца і развіваюцца.

Медузы: 1 — каранярот; 2 — крыжавічок; 3 — батрынема; 4 — карына.

т. 10, с. 251

МЕДУНІ́ЦА, шчамяліца (Pulmonaria),

род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 3 віды М.: вузкалістая (P. angustifolia), мяканькая (P. mollissima), няясная, або цёмная (P. obscura). Трапляюцца пераважна ў лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках.

Шматгадовыя травы з паўзучым карэнішчам. Сцёблы апушаныя простымі і залозістымі валаскамі. Кветкі 5-членныя, бэзавыя, ружовыя, сінія, фіялетавыя, у верхавінкавым суквецці завіток. Плод — арэшак. Трава М. мае дубільныя рэчывы. Лек., меданосныя, дэкар. расліны.

Медуніца.

т. 10, с. 251

МЕ́ДУХАВА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл. Засн. ў 1996 для аховы ляснога масіву разнастайнай тыпалагічнай структуры з комплексамі рэдкіх, знікаючых і гаспадарча-карысных відаў раслін, жывёл і раслінных згуртаванняў. Пл. 1312 га. Карэнныя высокаўзроставыя дубровы, ельнікі, чорнаалешнікі, культуры таполі бальзамічнай, высокаўзроставыя бярэзнікі. 492 віды вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. рэдкія і знікаючыя: купальнік горны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі і інш. У фауне 19 відаў млекакормячых, 10 амфібій і паўзуноў, 88 птушак, у т. л. ахоўныя: барсук, сапсан, каршачок, падворлік малы, дзяцел зялёны і інш.

П.І.Лабанок.

т. 10, с. 251

«МЕ́ДЫКА-БІЯТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т»

(«МБІ»),

навукова-даследчае і праектна-канструктарскае дзярж. прадпрыемства. Уваходзіць у склад канцэрна «Белбіяфарм». Засн. ў 1972 у Мінску як «Белдзіпрабіясінтэз» (Бел. філіял Дзярж. праектна-вышукальнага ін-та мікрабіял. прам-сці «Паўддзіпрабіясінтэз», Адэса), на базе якога ў 1984 створаны Усесаюзны н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т мікрабіял. вытв-сцей. З 14.10.1991 Н.-д. і праектна-канструктарскі медыка-біятэхналагічны ін-т Дзяржкампрама Беларусі. З 27.3.1997 сучасная назва. Асн. кірункі навук. даследаванняў: селекцыя і калекцыяніраванне штамаў мікраарганізмаў-прадуцэнтаў, якія выкарыстоўваюцца на прамысл. прадпрыемствах; кантроль экалаг. становішча на прадпрыемствах і распрацоўка мерапрыемстваў па яго паляпшэнні; распрацоўка новых тэхналогій атрымання прэпаратаў мед., вет. і харч. прызначэння на аснове хім. і мікрабіял. сінтэзу, а таксама на аснове кампанентаў расліннай і жывёльнай сыравіны, тэхналогій і абсталявання для эканоміі энергарэсурсаў. Выкананне праектных работ для бел. і замежных прадпрыемстваў фармацэўтычнай, мед. і мікрабіял. прам-сці.

В.Р.Ваакс.

т. 10, с. 251

МЕ́ДЫКА-ГЕНЕТЫ́ЧНАЕ КАНСУЛЬТАВАННЕ,

адзін з відаў спецыялізаванай мед. дапамогі, накіраваны на прафілактыку спадчынных хвароб. Асн. задачы М.-г.к.: вызначэнне мед.-генет. прагнозу, стадыі генет. рызыкі ў адносінах да будучага патомства ў сем’ях, дзе ёсць спадчынная паталогія; ацэнка мед. і сац. вынікаў генет. парушэнняў; прапаганда мед.-генет. ведаў і інш. На Беларусі ажыццяўляецца Ін-там генетыкі і цыталогіі Нац. АН, рэсп. мед. генет. цэнтрам у Мінску, кансультатыўнымі кабінетамі. Працуюць 6 кабінетаў па мед. генетыцы, 5 кансультацый «Шлюб і сям’я» (1997). З мэтай вызначэння рызыкі спадчынных хвароб, анамалій развіцця і выяўлення хвароб на ранніх стадыях праводзяць генет. прасейванне (скрынінг). Створана праграма па выяўленні носьбітаў спадчынных хвароб.

Э.А.Вальчук.

т. 10, с. 252

МЕ́ДЫКА-РЭАБІЛІТАЦЫ́ЙНАЯ Э́КСПЕРТНАЯ КАМІ́СІЯ,

МРЭК, медыцынская камісія, якая праводзіць экспертызу абмежавання жыццядзейнасці грамадзян, складае індывід. праграмы рэабілітацыі і ажыццяўляе кантроль за іх выкананнем. Утворана ў 1992 замест урачэбна-прац. экспертных камісій. Працуе паводле тэр. прынцыпу. Існуюць абласныя, гар., міжраённыя, раённыя, спецыялізаваныя камісіі. У склад МРЭК уваходзяць урачы-рэабілітолагі-эксперты (тэрапеўт, хірург, неўрапатолаг), у склад спецыялізаванай — урачы паводле профілю камісіі, таксама тэрапеўт ці неўрапатолаг, метадыст-рэабілітолаг і інш. МРЭК высвятляе ступень абмежаванасці жыццядзейнасці хворых, ступень страты працаздольнасці, прычыну і час надыходу інваліднасці і інш. На Беларусі функцыянуюць 83 МРЭК (1999).

Э.А.Вальчук.

т. 10, с. 252

МЕ́ДЫКА-САНІТА́РНАЕ АБСЛУГО́ЎВАННЕ,

сістэма мерапрыемстваў па вырашэнні праблем аховы здароўя насельніцтва. Асн. функцыі: умацаванне і прафілактыка (у т. л. вакцынапрафілактыка) здароўя насельніцтва; лячэнне і рэабілітацыя хворых, правядзенне сан.гігіенічных мерапрыемстваў, ахова здароўя маці і дзіцяці, планаванне сям’і, сан. адукацыя, забеспячэнне насельніцтва рацыянальным і дабраякасным харчаваннем, пітной вадой, лек. сродкамі і інш. Ажыццяўляецца сістэмай лячэбна-прафілактычных устаноў (бальніцы, паліклінікі, дыспансеры, санаторыі, прафілакторыі, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, цэнтры здароўя, дэзінфекц. станцыі, аптэчныя ўстановы і інш.).

Э.А.Вальчук.

т. 10, с. 252