МЕ́ДУХАВА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл. Засн. ў 1996 для аховы ляснога масіву разнастайнай тыпалагічнай структуры з комплексамі рэдкіх, знікаючых і гаспадарча-карысных відаў раслін, жывёл і раслінных згуртаванняў. Пл. 1312 га. Карэнныя высокаўзроставыя дубровы, ельнікі, чорнаалешнікі, культуры таполі бальзамічнай, высокаўзроставыя бярэзнікі. 492 віды вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. рэдкія і знікаючыя: купальнік горны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі і інш. У фауне 19 відаў млекакормячых, 10 амфібій і паўзуноў, 88 птушак, у т. л. ахоўныя: барсук, сапсан, каршачок, падворлік малы, дзяцел зялёны і інш.

П.І.Лабанок.

т. 10, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)