МЕДУ́ЗЫ,

асобіны палавога пакалення кішачнаполасцевых жывёл, якія свабодна плаваюць. Характэрны для сцыфоідных і многіх гідроідных. Некат. сцыфоідныя (стаўрамедузы) жывуць на дне, прымацаваныя да субстрату. Пашыраны ў морах, часам у прэсных водах. М. ўзнікаюць пры адпачкаванні ад прымацаваных да субстрату асобін бясполага пакалення — паліпаў. У некат. гідроідных (трахіліды) і сцыфоідных чаргаванне пакаленняў страчана, М. развіваецца з яйца.

Дыяметр ад некалькіх міліметраў да 2,3 м. М. уласціва гетэрапалярная радыяльна-восевая сіметрыя. Цела паўпразрыстае, у форме парасона або звона; па краях шчупальцы (даўж. да 30 м), у некат. з жыгучымі клеткамі, і органы пачуццяў. Ротавая адтуліна ў сярэдзіне ніжняга боку парасона. Рухаюцца рэактыўным спосабам (выкідваюць ваду з поласці парасона). Кормяцца планктонам. Раздзельнаполыя. Палавыя прадукты выкідваюць у ваду, дзе яны апладняюцца і развіваюцца.

Медузы: 1 — каранярот; 2 — крыжавічок; 3 — батрынема; 4 — карына.

т. 10, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)