бел.нар. танец. Мясц. назвы: «Крутуха», «Круцёлка», «Падарожная», «Бычок», «Мяцеліца», «Лявоніха» па-даўнейшаму». Існуе ў адзінстве трох кампанентаў: харэаграфічнага ў 2 разнавіднасцях — імправізацыйнай (танцуюць па аднаму або ў крузе з выхадам асобных выканаўцаў) і рэгламентаванай, з устаноўленым парадкам фігур (выконваюць парамі або тройкамі); песенна-паэтычнага з мноствам тэкстаў жартоўнага зместу; муз.-інструментальнага з рознай меладычнай асновай. Рытмаформула ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ 𝄾. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. У нар. практыцы бытуе як абрадавы (калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі», вяселле на Паазер’і) і пазаабрадавы танец. Упершыню выведзена на сцэну ў паказах трупы І.Буйніцкага, 1-я сцэн. рэдакцыя створана ў 1920-я г. К.Алексютовічам; выкарыстана ў балетах «Салавей» М.Крошнера і «Князь-возера» В.Залатарова. Танец папулярны на Беларусі і за яе межамі, уваходзіць у рэпертуар прафес. і самадз.танц. калектываў, служыць своеасаблівай візітнай карткай бел. мастацтва за мяжой.
ЛЯВО́ННЫ (Юрка) (сапр.Юркевіч Леанід Мікалаевіч; 29.7.1908, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 1937),
бел.паэт. Скончыў Бел. вышэйшы пед.ін-т (1934). Працаваў у газ. «Магілёўскі селянін», «Звязда», час. «Работніца і калгасніца Беларусі». Восенню 1936 беспадстаўна арыштаваны. Расстраляны ў Мінску. Друкаваўся з 1925. Аўтар зб-каў паэзіі «Камсамольскія вершы» і «Штурм» (абодва 1930), «Жалезныя віхуры» і «Разбег» (абодва 1931), «Стала і мужна» (1932), нарысаў «Крок пяцігодкі» (1931), прасякнутых рамантыкай сацыяліст.буд-ва. У некаторых творах пераважала рыторыка, палітычна-агітацыйны пачатак.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1960.
Літ.:
Грахоўскі С. Савецкая, № 68: Трыццатыя гады...: Успаміны // Дзень паэзіі. Мн., 1978.
ЛЯВО́НПАЛБСКАЯ СЯДЗІ́БА помнік сядзібна-паркавай архітэктуры барока ў в. Лявонпаль Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Створана ў 1750 на левым беразе Зах. Дзвіны на заказ брэсцкага ваяводы М.Лапацінскага. Арх. А.Гену
(магчыма, Т.Жаброўскі). У час паўстання 1831 пашкоджана. У 1919 сядзібны дом адрамантаваны і прыстасаваны пад касцёл (унутр. планіроўка зменена). Ансамбль мае сіметрычна-восевую кампазіцыю. На восі сядзібы пастаўлена брама з элементамі дарычнага ордэра. Сядзібны дом — мураваны 1-павярховы будынак з сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай структурай і 2-павярховай цэнтр. часткай, накрытай 2-схільным дахам з фігурнымі франтонамі на тарцах. Бакавыя выцягнутыя крылы з 2-схільнымі дахамі выступаюць на гал. і дваровым фасадах глыбокімі рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. У дэкар. аздобе выкарыстана ордэрная пластыка: канеліраваныя пілястры, прафіляваныя карнізы і абрамленні прамавугольных аконных праёмаў (мелі дэкор у стылі ракако),
рустоўка і інш. За домам і паўадкрытым дваром, які ўтваралі 2 мураваныя 2-павярховыя флігелі (захаваўся заходні), размешчаны прамавугольны фрагмент рэгулярнага тэраснага парку, абмежаванага каналамі; меліся лабірынты і звярынец, дэкар, скульптура. У 1791 у парку пастаўлена мемар. калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая. У 19 ст. паркавыя насаджэнні набылі пейзажную арг-цыю.
ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (18.2.1903, Масква — 21.1.1979),
расійскі псіхолаг, філосаф, педагог. Акад.АПН РСФСР (1950), АПНСССР (1968). Ганаровы чл. Венгерскай АН (1973). Д-рпсіхал.н. (1940), праф. (1932). Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). Працаваў у Псіхал. ін-це ў Маскве, Ленінградскім пед. ін-це, Маскоўскім ун-це і інш. У 1920—30-я г. разам з Л.С.Выгоцкім і А.Р.Лурыя ўдзельнічаў у распрацоўцы культ.-гіст. тэорыі псіхічнага развіцця чалавека. Вывучаў філас.-метадалагічныя асновы псіхал. навукі, праблемы ўзнікнення свядомасці ў антрапагенезе, функцыянавання яе гал. кампанентаў («пачуццёвая тканка», значэнне, асобасны сэнс), механізмы фарміравання і развіцця вышэйшых псіхічных функцый. Распрацаваў агульнапсіхал. тэорыю дзейнасці («дзейнасны падыход»), сфармуляваў палажэнні аб сістэмнай будове псіхікі, адзінстве практычнай і «ўнутранай», псіхічнай дзейнасці чалавека («Дзейнасць. Свядомасць. Асоба», 1975). Дзейнасны падыход да даследавання свядомасці і псіхікі ў варыянце Л. выкарыстоўваецца ў пед., мед., узроставай, сац., і інш. галінах псіхалогіі, знайшоў сваіх паслядоўнікаў у многіх краінах свету. Вёў даследаванні ў галіне інж. псіхалогіі. Ленінская прэмія 1963.
ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Валерый Якаўлевіч) (н. 19.3.1949, с. Усць-Уса, Рэспубліка Комі),
расійскі эстр. спявак. Засл. арт. Украіны (1987). Нар.арт. Расіі (1996). Скончыў Ленінградскі ін-т культуры (1987), спевам вучыўся ва Усерасійскай творчай майстэрні эстр. мастацтва (1972—73). З 1973 саліст Сыктыўкарскай, Горкаўскай, Варашылаўградскай філармоній. З канца 1980-х г. кіраўнік «Студыі Валерыя Лявонцьева», у складзе якой вак.-інстр. група «Рэха» (з 1973) і балет «Небяспечныя сувязі». Творчасці характэрны вак. і акцёрскае майстэрства, тэмперамент, сцэн. абаяльнасць, маляўнічасць паказаў. У рэпертуары творы рас. і інш. кампазітараў. Першы выканаўца партый Джардана Бруна, Блазна і Сатаны ў рок-оперы «Джардана» Л.Квінт. Здымаўся ў кіно («Дачка генерала», «Заходзь — пакахаю», «Экстрасэнс»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне песень краін сац. садружнасці (г. Ялта, 1979), міжнар. фестывалю эстр. песні «Залаты Арфей» (Гран-пры, Балгарыя, 1980). Прыз «Залаты скрыпічны ключ» на фестывалі песні ў Монтэ-Карла (1990).
ЛЯВО́НЦЬЕЎ ((Leontief) Васіль Васілевіч) (5.8.1906, С.-Пецярбург —9.2.1999),
амерыканскі эканаміст. Чл.Нац. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў, Брытанскай акадэміі. Замежны чл. Расійскай АН. Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). З 1931 праф. эканомікі Гарвардскага, з 1975 — Нью-Йоркскага ун-таў. Распрацаваў метад эканоміка-матэм. аналізу «затраты-выпуск» для вывучэння міжгаліновых сувязей, структуры эканомікі і складання міжгаліновага балансу («Даследаванне структуры амерыканскай эканомікі», 1953); выкарыстоўваецца больш як у 50 краінах для прагназавання і праграмавання эканомікі. Значны ўклад зрабіў у прагноз развіцця сусв. эканомікі («Будучае сусветнай эканомікі», 1977). Нобелеўская прэмія 1973.
ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Мікалай Сцяпанавіч) (30.5.1862, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. —4.7.1910),
вайсковец, падарожнік, дыпламат. Граф Абісінскай імперыі (1896). Вучыўся ў Мікалаеўскім ваен. вучылішчы ў Пецярбургу, служыў у Гродзенскім гусарскім палку (да 1892). У 1894—95 арганізаваў на свае сродкі (дзеля чаго прадаў свае маёнткі) разам з падарожнікам А.В.Елісеевымрас.геагр. экспедыцыю ў Эфіопію (Абісінію). Наладзіў сяброўскія адносіны з імператарам Менелікам ІІ, садзейнічаў пасылцы ў ліп. 1895 эфіопскай місіі ў Пецярбург і ўсталяванню дыпламат. адносін паміж Расіяй і Эфіопіяй. Быў ініцыятарам адпраўкі ў Эфіопію летам 1895 вял. партыі рас. зброі. У час італа-эфіопскай вайны 1895—96ваен. саветнік Менеліка II. У 1897—99 ген.-губернатар Экватарыяльнай вобл. Эфіопіі, пасля чаго вярнуўся ў Расію. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. Апошнія гады жыў у Парыжы.
Літ.:
Бобрович В. Граф Абиссинской империи // Полит. собеседник. 1991. № 4.
ЛЯГА́САЎ (Валерый Аляксеевіч) (1.9. 1936, г. Тула, Расія —27.4.1988),
расійскі хімік-неарганік. Акад.АНСССР (1981). Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал.ін-т (1961). З 1962 у Ін-це атамнай энергіі імя І.В.Курчатава, адначасова ў 1975—79 праф. Маскоўскага фізікатэхн. ін-та, з 1983 у Маскоўскім ун-це. Навук. працы па хіміі інертных газаў, хіміі плазмы. Сінтэзаваў больш за 50 новых злучэнняў ксенону і крыптону, даследаваў уласцівасці гэтых злучэнняў, а таксама магчымасць выкарыстання атамнай энергіі ў хіміка-металургічных працэсах. Ленінская прэмія 1984. Дзярж. прэмія СССР 1976.
ЛЯГЕ́НЧАНКА (Іван Сяргеевіч) (9.2. 1897, в. Крывая Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 9.5.1984),
бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Дацэнт (1951). Засл. ўрач Беларусі (1956). Скончыў Казанскі ун-т (1923). У 1945—68 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў і ў 1945—52 гал. акушэр-гінеколаг Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Распрацаваў спосабы вызначэння праходнасці фалопіевых труб, абязбольвання і паскарэння родаў, метад фізіял. ажыўлення ўяўна-памерлых нованароджаных (метад Л.).
Тв.:
Физиологический метод оживления мнимоумерших новорожденных // Акушерство и гинекология. 1947. № 4.