ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Валерый Якаўлевіч) (н. 19.3.1949, с. Усць-Уса, Рэспубліка Комі),

расійскі эстр. спявак. Засл. арт. Украіны (1987). Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў Ленінградскі ін-т культуры (1987), спевам вучыўся ва Усерасійскай творчай майстэрні эстр. мастацтва (1972—73). З 1973 саліст Сыктыўкарскай, Горкаўскай, Варашылаўградскай філармоній. З канца 1980-х г. кіраўнік «Студыі Валерыя Лявонцьева», у складзе якой вак.-інстр. група «Рэха» (з 1973) і балет «Небяспечныя сувязі». Творчасці характэрны вак. і акцёрскае майстэрства, тэмперамент, сцэн. абаяльнасць, маляўнічасць паказаў. У рэпертуары творы рас. і інш. кампазітараў. Першы выканаўца партый Джардана Бруна, Блазна і Сатаны ў рок-оперы «Джардана» Л.Квінт. Здымаўся ў кіно («Дачка генерала», «Заходзь — пакахаю», «Экстрасэнс»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне песень краін сац. садружнасці (г. Ялта, 1979), міжнар. фестывалю эстр. песні «Залаты Арфей» (Гран-пры, Балгарыя, 1980). Прыз «Залаты скрыпічны ключ» на фестывалі песні ў Монтэ-Карла (1990).

т. 9, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)