«ЛЯВО́НІХА»,

бел. нар. танец. Мясц. назвы: «Крутуха», «Круцёлка», «Падарожная», «Бычок», «Мяцеліца», «Лявоніха» па-даўнейшаму». Існуе ў адзінстве трох кампанентаў: харэаграфічнага ў 2 разнавіднасцях — імправізацыйнай (танцуюць па аднаму або ў крузе з выхадам асобных выканаўцаў) і рэгламентаванай, з устаноўленым парадкам фігур (выконваюць парамі або тройкамі); песенна-паэтычнага з мноствам тэкстаў жартоўнага зместу; муз.-інструментальнага з рознай меладычнай асновай. Рытмаформула ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ ♪ 𝄀 ♪ ♪ ♪ 𝄾. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. У нар. практыцы бытуе як абрадавы (калядная гульня «Жаніцьба Цярэшкі», вяселле на Паазер’і) і пазаабрадавы танец. Упершыню выведзена на сцэну ў паказах трупы І.Буйніцкага, 1-я сцэн. рэдакцыя створана ў 1920-я г. К.Алексютовічам; выкарыстана ў балетах «Салавей» М.Крошнера і «Князь-возера» В.Залатарова. Танец папулярны на Беларусі і за яе межамі, уваходзіць у рэпертуар прафес. і самадз. танц. калектываў, служыць своеасаблівай візітнай карткай бел. мастацтва за мяжой.

І.Дз.Назіна.

т. 9, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)