Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЕРМА́ДЭК (Kermadec),

глыбакаводны жолаб на ПдЗ Ціхага ак., на ПнУ ад Новай Зеландыі. Выцягнуты з Пн на Пд на 1270 км уздоўж усх. падножжа а-воў Кермадэк. Глыб. да 10047 м, сярэдняя шыр. 88 км. На Пн пераходзіць у жолаб Тонга.

т. 8, с. 238

КЕРМА́Н,

горад на ПдУ Ірана. Адм. ц. астана Керман. Засн. ў 3 ст. Сасанідамі. Каля 300 тыс. ж. (1997). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. цэнтр. Прам-сць: харч., тэкст., цэментная. Рамёствы (выраб дываноў, хустак і шаляў, керамікі). Цэнтр вытв-сці хны. Ун-т. Шахская мячэць 11—12 ст., інш. арх. помнікі 14 ст.

т. 8, с. 238

КЕРМЕ́К (Limonium),

род кветкавых раслін сям. плюмбагавых. Больш за 200 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. Трапляюцца на засоленых узбярэжжах мораў і азёр, сухіх горных схілах. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны К.: Бандуэлі (L. bonduellii), выемчаты (L. sinuatum), Гмеліна (L. gmelinii), Меера (L. meyeri), шыракалісты (L. platyphyllum).

Шмат- і двухгадовыя травы, радзей паўкусты выш. 10—15 см. Сцёблы ператварыліся ў бязлістыя галінастыя кветаносы, Лісце буйное, эліпса- або яйцападобнае ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі дробныя, ружовыя, пурпуровыя, жоўтыя ў мяцёлчатых або шчыткападобных суквеццях. У каранях вял. колькасць дубільных рэчываў. Тэхн. і дэкар. расліны.

У.П.Пярэднеў.

Кермек звычайны.

т. 8, с. 239

КЕРМЕ́ТЫ,

кераміка-металічныя матэрыялы, штучныя матэрыялы, якія атрымліваюць спяканнем або прасаваннем (спосабамі парашковай металургіі) керамічных і метал. парашкоў. Спалучаюць карысныя ўласцівасці керамікі і металаў.

У якасці керамічнай састаўляючай выкарыстоўваюць тугаплаўкія аксіды (алюмінію, крэмнію, хрому, цырконію), карбіды, барыды, сіліцыды і нітрыды; метал. састаўляючай — нікель, хром, жалеза, кобальт, вальфрам, малібдэн, ніобій, тантал і інш. К. ідуць на выраб дэталей турбін і авіяц. рухавікоў, металарэзнага інструменту, штампаў і інш. дэталей, што працуюць ў агрэсіўных асяроддзях і пры высокіх т-рах.

т. 8, с. 239

КЕРН (ням. Kern),

1) у прыладабудаванні — стальны стрыжань (вось), што выкарыстоўваецца ў рухомых частках механізмаў эл. вымяральных прылад. 2)У тэхналогіі механічнай апрацоўкі — пункт, нанесены кернерам пры разметцы загатоўкі. 3)У геалогіі — цыліндрычны слупок горнай пароды, які атрымліваюць у выніку калонкавага свідравання. Служыць для геал. пошуку і разведкі радовішчаў, даследавання будовы зямной кары і інш.

т. 8, с. 239

КЕРНАЖЫ́ЦКІ (Канстанцін Іванавіч) (8.10.1902, в. Выдранка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.2.1942),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1934). Скончыў БДУ (1926). З 1930 працаваў у Ін-це гісторыі АН Беларусі, выкладаў у БДУ. Даследаваў агр. гісторыю Беларусі познефеад. і капіталіст. эпох, эвалюцыю феад. спосабу вытв-сці ў канцы 17—1-й пал. 19 ст. і гісторыю генезісу капіталізму. Займаўся пытаннямі распаду феад.-прыгонніцкай сістэмы, перыядызацыі гісторыі познефеад. перыяду на Беларусі. Разам з Дз.А.Дудковым абгрунтаваў капіталіст. характар агр. ладу Беларусі пасля сял. рэформы 1861 пры адначасовым захаванні значных перажыткаў прыгонніцтва. Адзін са складальнікаў зб. дакументаў «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, 1936). У 1937 арыштаваны, у 1939 асуджаны па 8 гадоў зняволення, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1958.

Тв.:

Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча з XVII да паловы XIX ст. Мн., 1931;

Да гісторыі аграрнага руху на Беларусі перад імперыялістычнай вайной. Мн., 1932.

В.П.Панюціч.

т. 8, с. 239

КЕРНІ́Т (ад назвы радовішча Керн, штат Каліфорнія, ЗША),

мінерал класа баратаў, водны барат натрыю, Na2B4O7∙4H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі падоўжаныя або клінападобныя. Бясколерны або белы. Бляск шкляны. Цв. 2,5. Шчыльн. 1,9 г/см³. Трапляецца ў вулканагенна-асадкавых радовішчах бору. Уваходзіць у склад борных руд.

т. 8, с. 239

КЕ́РТЫЦ, Кёртыс (Curtiz) Майкл

[сапр. Кертэс (Kertész) Міхай; 24.12.1888, Будапешт — 10.4.1962],

амерыканскі рэжысёр. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў. Быў акцёрам венг. Нац. т-ра. У 1912—19 ставіў фільмы ў Венгрыі. З 1922 у краінах Зах. Еўропы, з 1926 у ЗША. Здымаў вестэрны («Вірджынія сіці», 1940; «Каманчэрас», 1961), гіст. драмы («Сцежка на Санта-Фе», 1940), экранізацыі гіст. твораў («Марскі воўк» паводле Дж.Лондана, 1941), сац. драмы («Хаціна ў бавоўніку», 1932, у сав. пракаце «Здрада Марвіна Блейка»; «Анёлы з бруднымі тварамі», 1938), героіка-прыгодніцкія фільмы («Капітан Блад», 1935, у сав. пракаце «Адысея капітана Блада»; «Прыгоды Робін Гуда», 1938; «Касабланка», 1943, прэмія «Оскар»).

т. 8, с. 239

Кертэс Імрэ

т. 18, кн. 1, с. 405

КЕРУБІ́НІ ((Cherubini) Луіджы Марыя Карла Зенобіо Сальваторэ) (14.9.1760, г. Фларэнцыя, Італія — 13.3.1842),

французскі кампазітар і педагог. Чл. Ін-та Францыі (1815). Музыцы вучыўся ў бацькі Барталамео К., пазней у Дж.Сарці і інш. У 1784—86 працаваў у Лондане, з 1788 у Парыжы. З 1795 у Парыжскай кансерваторыі (з 1816 праф., у 1822—41 дырэктар). У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. пісаў маршы, гімны, песні, хар. творы («Гімн Пантэону», 1794; «Жалобны гімн на смерць генерала Гоша», 1797). На аснове сінтэзу традыцый франц. камічнай оперы і прынцыпаў муз. драматургіі К.В.Глюка стварыў узоры новага жанру — «оперы выратавання». Яго уверцюры з кантрастным тэматызмам і элементамі сімф. развіцця сталі правобразам уверцюр Л.Бетховена. Сярод твораў: оперы «Квінт Фабій» (паст. 1779), «Ладаіска» (1791), «Эліза» (1794), «Медэя» (1797), «Два дні» (1800), «Алі-Баба, або Сорак разбойнікаў» (1833); месы; 2 рэквіемы, крэда, літаніі, матэты; творы для аркестра; 6 квартэтаў (1814—37), стр. квінтэт (1837); п’есы для аргана, фп. і інш.

т. 8, с. 239