Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЕ́ПЕН (Уладзімір Пятровіч) (8.10.1846, С.-Пецярбург — 22.6.1940),

метэаролаг і кліматолаг. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1872—75 у Гал. фіз. абсерваторыі, у 1875 пераехаў у Германію, потым у Аўстрыю. Навук. працы па кліматалогіі, агульнай, сінаптычнай і марской метэаралогіі. Вывучаў кліматычныя ўмовы розных раёнаў Зямлі, паўтаральнасць і рух цыклонаў і антыцыклонаў, уплыў сонечнай актыўнасці на надвор’е і клімат, кліматы мінулага і інш. Стварыў класіфікацыю кліматаў Зямлі.

Тв.:

Рус. пер. — Климатоведение: Общее учение о климате. СПб., 1912;

Основы климатологии: (Климаты земного шара). М., 1938.

т. 8, с. 232

КЕ́ПЛЕР ((Kepler) Іаган) (27.12.1571, г. Вейль-дэр-Штат, Германія — 15.11.1630),

нямецкі астраном, адзін з стваральнікаў нябеснай механікі. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1593). З 1594 працаваў у Вышэйшай школе ў Грацы. У 1600 пераехаў у Прагу да Ц.Браге, пасля смерці якога стаў матэматыкам пры двары імператара Рудольфа II. З 1612 у Лінцы, з 1626 у Ульме. Навук. працы па астраноміі, механіцы, оптыцы, матэматыцы. Адкрыў (1609—19) законы руху планет (гл. Кеплера законы). Распрацаваў тэорыю сонечных і месяцовых зацьменняў, склаў першыя табліцы для вылічэння месцазнаходжання планет — т.зв. Рудольфавы табліцы. Працы К. па астраноміі садзейнічалі ўсталяванню геліяцэнтрычнай сістэмы свету. Адкрыў закон змяншэння інтэнсіўнасці святла з адлегласцю. Прапанаваў канструкцыю падзорнай трубы для астр. назіранняў. У матэм. працах (стэрэаметрычныя задачы) блізка падышоў да адкрыцця аналізу бесканечна малых. Аўтар прац «Тайна Сусвету» (1596), «Новая астраномія» (1609), «Гармонія Свету» (1619) і інш. Працы К. вядомы на Беларусі з 17 ст.; яны абмяркоўваюцца ў многіх філас. рукапісах (напр., у працах К.Нарбута).

Літ.:

Белый Ю.А. Иоганн Кеплер (1571—1630). М., 1971;

Спасский Б.И. История физики. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1977.

І.Кеплер.

т. 8, с. 232

КЕ́ПЛЕРА ЗАКО́НЫ,

тры законы руху нябесных цел, выведзеныя І.Кеплерам на аснове звестак Ц.Браге паводле назіранняў бачнага руху планет. 1-ы К.з.: кожная планета рухаецца па эліпсе, у адным з фокусаў якога знаходзіцца Сонца. 2-і: кожная планета рухаецца ў плоскасці, якая праходзіць праз цэнтр Сонца, прычым радыус-вектар, праведзены ад Сонца да планеты, у роўныя прамежкі часу апісвае роўныя плошчы (S1=S2). 3-і: квадраты перыядаў абарачэння планет вакол Сонца адносяцца як кубы іх сярэдніх адлегласцей ад Сонца. К.з. спрыялі адкрыццю І.Ньютанам сусветнага прыцягнення закону, на аснове якога яны былі абагульнены і ўдакладнены. К.з. карыстаюцца пры знаходжанні масы планет, разліку арбіт спадарожнікаў і інш. Гл. таксама Нябесная механіка.

Другі Кеплера закон.

т. 8, с. 233