Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЕ́ТА (Oncorhynchus keta),

прахадная рыба сям. ласасёвых. Пашырана ў паўн. ч. Ціхага ак.: каля азіяцкіх берагоў ад Чукоткі да Карэі і в-ва Хонсю, каля амер. — ад Аляскі да Каліфорніі. У невял. колькасці дасягае рэк бас. Ледавітага ак., ад р. Лена да р. Макензі. 2 сезонныя формы: летняя і асенняя (больш буйная). Дарослыя жывуць у моры, нерастуюць у рэках: летняя форма — у ліпені—жніўні, асенняя — у кастрычніку—снежні. У час нерасту набывае «шлюбнае» ўбранне. Пасля нерасту гіне.

Даўж. да 1 м, маса да 14 кг. Маляўкі кормяцца беспазваночнымі, дарослыя ў моры — рыбай. Плоднасць каля 3—4 тыс. ікрынак. Ікра аранжавая, да 9 мм у дыяметры. Аб’ект промыслу і развядзення.

Кета: 1 — у час нагулу ў моры; 2 — у час нерасту ў рацэ.

т. 8, с. 241

КЕТАКІСЛО́ТЫ,

арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць карбаксільныя (−COOH) і кетонныя (−CO−) групы. Найважнейшыя ў метабалічных адносінах К. — піравінаградная (і яе вытворныя), ацэтавоцатная, шчаўева-воцатная, кетаглутаравая к-ты і інш. У залежнасці ад месцазнаходжання груп падзяляюцца на α-, β- і γ-К. Па колькасці −COOH груп бываюць адна- і двухасноўныя. Маюць хім. ўласцівасці кетонаў і кіслот; папярэднікі многіх рэчываў, якія выконваюць важныя біял. функцыі ў арганізме, з’яўляюцца пасрэднікамі ў пастаяннай узаемасувязі бялковага, вугляводнага і тлушчавага абмену.

т. 8, с. 241

КЕ́ТА РО́БЕРТА ПАЎСТА́ННЕ 1549,

буйное сялянскае паўстанне ва Усх. Англіі. Выклікана захопам землеўладальнікамі ворных зямель і пашавых угоддзяў сялян (гл. Агароджванні). Пачалося ў чэрв. 1549 у графстве Норфалк, у хуткім часе ахапіла Суфалк і суседнія графствы. У сваёй праграме (29 артыкулаў) сяляне патрабавалі выканання раней прынятых законаў супраць агароджванняў, памяншэння арэнднай платы, скасавання дзесяціны, адмены прыгону. Узначаліў паўстанне мясц. сквайр Роберт Кет. Паўстанцы асадзілі гал. горад Норфалка Норыдж і з дапамогаю бедных гараджан захапілі яго. Перагаворы ўрада з сялянамі не мелі поспеху, войскі італьян. і ням. наёмнікаў штурмам узялі Норыдж і ў жн. 1549 разбілі сял. апалчэнне. Паўстанне пацярпела паражэнне, сотні яго ўдзельнікаў (у т. л. Р.Кет) пакараны смерцю.

т. 8, с. 241

КЕТЛІ́НСКАЯ (Вера Казіміраўна) (11.5.1906, г. Севастопаль, Украіна — 23.4.1976),

расійская пісьменніца. Друкавалася з 1928. Раманы «Рост» (1934), «Мужнасць» (1938), «Дні нашага жыцця» (1952), «Інакш жыць не варта» (1960), аповесці «Натка Мічурына» (1928), «Плато вышэй за хмары» (1964), зб. апавяд. «Дзень, пражыты двойчы» (1964) пра маладых горадабудаўнікоў, вучоных-наватараў, студэнтаў з іх светам думак, пачуццяў, праблем. Раман «У аблозе» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948) прысвечаны гераічнай абароне Ленінграда ў Вял. Айч. вайну. Аўтар камедыі «Так, вось яно, каханне» (1954), аўтабіягр. аповесці «Вечар. Вокны. Людзі» (1972), рамана «Дзень добры, маладосць!» (1975), артыкулаў па л-ры і мастацтве.

Літ.:

Рапопорт Э.Е. Вера Кетлинская. Л., 1958.

т. 8, с. 241

КЕТО́НАВЫЯ ЦЕ́ЛЫ,

тое, што ацэтонавыя целы.

т. 8, с. 241

КЕТО́НЫ,

клас арган. злучэнняў, малекулы якіх маюць карбанільную групу >C=O, звязаную з двума вуглевадароднымі радыкаламі. Адрозніваюць К. сіметрычныя (група >C=O звязана з аднолькавымі радыкаламі; напр., CH3COCH3 ацэтон), несіметрычныя (з рознымі радыкаламі; напр., CH3COC2H5 метылэтылкетон ці 2-бутанон), цыклічныя (з карбанільнай групай у кальцы; напр., цыклагексанон). Асобны клас складаюць цыклічныя ненасычаныя дыкетоны — хіноны.

Ніжэйшыя аліфатычныя К. — вадкасці з характэрным пахам, вышэйшыя (у малекуле больш за 11 атамаў вугляроду) — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках, ніжэйшыя — і ў вадзе. Паводле хім. уласцівасцей аналагічныя альдэгідам. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем алканаў і алефінаў кіслародам, дэгідрыраваннем ці акісленнем другасных спіртоў. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, экстрагенты; для сінтэзу палімераў, пестыцыдаў, фотаматэрыялаў, лек. і пахучых рэчываў і інш.

А.І.Валожын.

т. 8, с. 241

Кетэрле Вольфганг

т. 18, кн. 1, с. 405