КЕТАКІСЛО́ТЫ,

арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць карбаксільныя (−COOH) і кетонныя (−CO−) групы. Найважнейшыя ў метабалічных адносінах К. — піравінаградная (і яе вытворныя), ацэтавоцатная, шчаўева-воцатная, кетаглутаравая к-ты і інш. У залежнасці ад месцазнаходжання груп падзяляюцца на α-, β- і γ-К. Па колькасці −COOH груп бываюць адна- і двухасноўныя. Маюць хім. ўласцівасці кетонаў і кіслот; папярэднікі многіх рэчываў, якія выконваюць важныя біял. функцыі ў арганізме, з’яўляюцца пасрэднікамі ў пастаяннай узаемасувязі бялковага, вугляводнага і тлушчавага абмену.

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)