Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЕВЕ́ДА-І-ВІЛЬЕ́ГАС ((Quevedo у Villegas) Франсіска Гомес дэ) (26.9.1580, Мадрыд — 8.9.1645),

іспанскі пісьменнік, прадстаўнік барока (кансептызму). Вучыўся ва ун-тах Алькала-дэ-Энарэса і Вальядаліда. У сатыр. санетах, рамансах, летрыльях (пісьмы ў вершах; «Усемагутны кабальера дон Дзінэра», 1605, і інш.), першым барочным шахрайскім рамане «Гісторыя жыцця прайдзісвета па імю дон Паблас» (1626), цыкле сац.-паліт. памфлетаў «Снабачанні» (1627), зб. навел «Час адплаты, або Разумная фартуна» (1636, выд. 1650) стварыў гратэскава-фантасмагарычную і сац. дакладную карціну ісп. жыцця 17 ст. Філас. лірыка К. пазначана глыбокім трагізмам, роздумам пра марнасць быцця і стойкасць чалавечага духу.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Л., 1971;

История жизни пройдохи по имени дон Паблос // Плутовской роман. М., 1989.

Літ.:

Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.

Г.В.Сініла.

т. 8, с. 218

КЕВО́РКАЎ (Сцяпан Агабекавіч) (1.4.1903, Масква — 1990),

армянскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1970). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1930). Працаваў на студыі «Азеркіно». З 1933 на студыі «Масфільм», з 1936 — «Арменфільм» (у 1949—51 дырэктар). З рэж. Э.Карамянам стварыў фільмы: «Горны марш» (1939), «Прывіды пакідаюць вяршыні» (1955), «Сцежкаю грому» (1956), «Асабіста вядомы» («Камо», 1958), «Надзвычайнае даручэнне» (1965), «Выбух пасля поўначы» (1968), «Апошні подзвіг Камо» (1974, з Р.Г.Мелік-Авакянам) і інш. Дзярж. прэмія Арменіі 1967.

т. 8, с. 218