Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЕ́САН-СІ́ЦІ (Quezon City),

горад на Філіпінах, на в-ве Лусон. Засн. ў 1940. Названы ў гонар першага прэзідэнта Філіпін М.​Кесана. У 1948—76 афіцыйная сталіца краіны, знаходзіцца ў складзе Вял. Манілы. 1,7 млн. ж. (1994). Прам-сць: лёгкая, харч., хім., металаапрацоўчая. Ун-т. Цэнтр ядзерных даследаванняў.

т. 8, с. 240

КЕ́САР,

візантыйская, стараслав. і стараж.-рус. назва рым. імя і імператарскага тытула Цэзар (лац. Caezar) праз грэч. kaisar — манарх, уладар.

т. 8, с. 240

КЕ́САРАВА (Алена Паўлаўна) (5.10.1910, Вільня — 17.3.1972),

бел. вучоны-фізіёлаг. Д-р біял. н. (1960), праф. (1961). Скончыла Смаленскі мед. ін-т (1931). З 1949 заг. кафедры Бел. ін-та фіз. культуры, з 1964 у БДУ. Навук. працы па праблеме рэгуляцыі тонусу шкілетных мышцаў чалавека, уплыву заняткаў спортам на растучы арганізм.

Тв.:

Тонус скелетных мышц и его регуляция у здорового человека. Мн., 1960.

т. 8, с. 240

КЕ́САРАВА СЯЧЭ́ННЕ, кесарскае сячэнне

[ад lex Caesarea — у Стараж. Рыме царскі (кесараў) закон, што дазваляў рабіць такую аперацыю],

хірургічная аперацыя з мэтай дастаць плод і паслед з поласці маткі праз разрэз яе сценкі Адрозніваюць К.с абдамінальнае (брушна-сценачнае) і похвеннае. Робяць К.с. пры жывым плодзе, калі ёсць пагроза для жыцця маці і плода, калі нармальныя роды немагчымы (вузкі ці дэфармаваны таз, рэзкія рубцовыя змены похвы, узрост жанчыны — 30 і больш гадоў, вял. плод і інш.). Пры вострых і моцных крывацёках, некаторых хваробах К.с. робяць нават пры мёртвым ці нежыццяздольным плодзе для выратавання маці.

І.​У.​Дуда.

т. 8, с. 240

КЕСКЕ́ВІЧ (Валерый Георгіевіч) (н. 19.8.1951, г. Брэст),

бел. архітэктар. Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1973). Працаваў у Гродзенскім філіяле ін-та «Белкалгаспраект», з 1974 у ін-це «Брэстграмадзянпраекг» (з 1986 гал. архітэктар праектаў). Асн. работы (усе ў Брэсце): комплекс гаражоў (1978), будынак выд-ва газ. «Зара» (1984), жылы дом на бульвары Касманаўтаў (1985), Брэсцкі аэравакзал (1986, Дзярж. прэмія Беларусі 1988) — усе ў сааўт. Прэмія міжнар. конкурса ЮНЕСКА і Міжнар. саюза архітэктараў «Жыллё — заўтра» (1984).

т. 8, с. 240

КЕ́СЛЕР (Карл Фёдаравіч) (1.12.1815, Дамраў Кёнігсбергскай акругі, цяпер Калінінградская вобл., Расія — 15.3.1881),

расійскі заолаг. Чл.-кар. Пецярб. АН (1874). Скончыў Пецярб. ун-т (1838). З 1844 у Кіеўскім, у 1861—73 у Пецярб. ун-це (з 1867 рэктар). Навук. працы па іхтыяфауне Чорнага, Аральскага, Каспійскага мораў, бас. рэк Нява, Волга, Анежскага і Ладажскага азёр, фауне пазваночных еўрап. ч. Расіі.

Тв.:

Путешествие с зоологической целью к северному берегу Черного моря и в Крым в 1858 г. Киев, 1860.

т. 8, с. 240

КЕСО́Н (ад франц. caisson скрыня),

у архітэктуры — паглыбленні на столі, унутр. паверхнях арак, скляпенняў, звычайна квадратнай ці шматвугольнай формы. Адыгрываюць канстр. і дэкар. ролю, выкарыстоўваюцца для паляпшэння акустыкі памяшканняў. Вырабляюць з каменных блокаў і маналітных жалезабетонных канструкцый.

Як канстр.-дэкар. элемент вядомы ў манум. архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны Стараж. Рымам (купал Пантэона ў Рыме, каля 125 н.э.), пазней — Зах. Еўропай.

На Беларусі пашыраны ў збудаваннях стыляў барока і класіцызму. Часам К. багата размалёўвалі, аздаблялі ляпным дэкорам. Выкарыстоўвалі таксама ў архітэктуры 1950-х г. У сучаснай архітэктуры выгляд К. маюць зборныя панэлі вонкавых сцен і пліты перакрыццяў.

В.​Ф.​Валошын.

Кесоны купала Пантэона ў Рыме.

т. 8, с. 241

КЕСО́Н у тэхніцы,

1) агараджальная, пераважна жалезабетонная, канструкцыя для ўтварэння пад вадой або ў воданасычаным грунце рабочай прасторы, свабоднай ад вады. Складаецца з кесоннай камеры і надкесоннага збудавання, для зносін з паверхняй мае шлюзавы апарат. Выкарыстоўваецца пры збудаванні масіўных фундаментаў, апор і інш. 2) Драўляная або метал. скрыня для частковага асушэння падводнай ч. судна з мэтай рамонту ці агляду. Унутр. бок скрыні мае выраз па форме абводу ўчастка на корпусе судна, які асушаецца.

3) Стальныя скрынкі, якія выкарыстоўваюцца ў шахтавых металург. печах і ў газавых каналах мартэнаўскіх печаў; ахаладжаюцца цыркулюючай у іх вадой або метадам выпаральнага ахаладжэння.

4) Полы каробчаты ланжэрон, які ўспрымае намаганні, што дзейнічаюць на крыло самалёта.

Кесон у будаўніцтве: 1 — шлюзавы апарат; 2 — надкесоннае збудаванне; 3 — кесон; 4 — рабочая камера.

т. 8, с. 241

КЕСО́ННАЯ ХВАРО́БА,

від дэкампрэсійнай хваробы, якая ўзнікае пры хуткіх пад’ёмах на паверхню з вял. водных глыбінь. Бывае пасля кесонных і вадалазных работ пры парушэнні правіл дэкампрэсіі (паступовага пераходу ад высокага да нармальнага атм. ціску). Адрозніваюць лёгкую, сярэднюю і цяжкую формы К.х. Прыкметы: сверб, болі ў суставах і мышцах, галавакружэнне, парушэнні мовы, зацямненне свядомасці, паралічы. Лячэнне: рэкампрэсія ў лячэбных шлюзах (паўторнае ўздзеянне на хворага павышаным ціскам да ўзроўню, пры якім знікаюць сімптомы К.х.).

т. 8, с. 241