КЕСО́Н у тэхніцы,

1) агараджальная, пераважна жалезабетонная, канструкцыя для ўтварэння пад вадой або ў воданасычаным грунце рабочай прасторы, свабоднай ад вады. Складаецца з кесоннай камеры і надкесоннага збудавання, для зносін з паверхняй мае шлюзавы апарат. Выкарыстоўваецца пры збудаванні масіўных фундаментаў, апор і інш. 2) Драўляная або метал. скрыня для частковага асушэння падводнай ч. судна з мэтай рамонту ці агляду. Унутр. бок скрыні мае выраз па форме абводу ўчастка на корпусе судна, які асушаецца.

3) Стальныя скрынкі, якія выкарыстоўваюцца ў шахтавых металург. печах і ў газавых каналах мартэнаўскіх печаў; ахаладжаюцца цыркулюючай у іх вадой або метадам выпаральнага ахаладжэння.

4) Полы каробчаты ланжэрон, які ўспрымае намаганні, што дзейнічаюць на крыло самалёта.

Кесон у будаўніцтве: 1 — шлюзавы апарат; 2 — надкесоннае збудаванне; 3 — кесон; 4 — рабочая камера.

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)