КЕТО́НЫ,

клас арган. злучэнняў, малекулы якіх маюць карбанільную групу >C=O, звязаную з двума вуглевадароднымі радыкаламі. Адрозніваюць К. сіметрычныя (група >C=O звязана з аднолькавымі радыкаламі; напр., CH3COCH3 ацэтон), несіметрычныя (з рознымі радыкаламі; напр., CH3COC2H5 метылэтылкетон ці 2-бутанон), цыклічныя (з карбанільнай групай у кальцы; напр., цыклагексанон). Асобны клас складаюць цыклічныя ненасычаныя дыкетоны — хіноны.

Ніжэйшыя аліфатычныя К. — вадкасці з характэрным пахам, вышэйшыя (у малекуле больш за 11 атамаў вугляроду) — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках, ніжэйшыя — і ў вадзе. Паводле хім. уласцівасцей аналагічныя альдэгідам. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем алканаў і алефінаў кіслародам, дэгідрыраваннем ці акісленнем другасных спіртоў. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, экстрагенты; для сінтэзу палімераў, пестыцыдаў, фотаматэрыялаў, лек. і пахучых рэчываў і інш.

А.І.Валожын.

т. 8, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)