КЕРНАЖЫ́ЦКІ (Канстанцін Іванавіч) (8.10.1902, в. Выдранка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.2.1942),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1934). Скончыў БДУ (1926). З 1930 працаваў у Ін-це гісторыі АН Беларусі, выкладаў у БДУ. Даследаваў агр. гісторыю Беларусі познефеад. і капіталіст. эпох, эвалюцыю феад. спосабу вытв-сці ў канцы 17—1-й пал. 19 ст. і гісторыю генезісу капіталізму. Займаўся пытаннямі распаду феад.-прыгонніцкай сістэмы, перыядызацыі гісторыі познефеад. перыяду на Беларусі. Разам з Дз.А.Дудковым абгрунтаваў капіталіст. характар агр. ладу Беларусі пасля сял. рэформы 1861 пры адначасовым захаванні значных перажыткаў прыгонніцтва. Адзін са складальнікаў зб. дакументаў «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, 1936). У 1937 арыштаваны, у 1939 асуджаны па 8 гадоў зняволення, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1958.

Тв.:

Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча з XVII да паловы XIX ст. Мн., 1931;

Да гісторыі аграрнага руху на Беларусі перад імперыялістычнай вайной. Мн., 1932.

В.П.Панюціч.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)