КЕРМЕ́К (Limonium),

род кветкавых раслін сям. плюмбагавых. Больш за 200 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. Трапляюцца на засоленых узбярэжжах мораў і азёр, сухіх горных схілах. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны К.: Бандуэлі (L. bonduellii), выемчаты (L. sinuatum), Гмеліна (L. gmelinii), Меера (L. meyeri), шыракалісты (L. platyphyllum).

Шмат- і двухгадовыя травы, радзей паўкусты выш. 10—15 см. Сцёблы ператварыліся ў бязлістыя галінастыя кветаносы, Лісце буйное, эліпса- або яйцападобнае ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі дробныя, ружовыя, пурпуровыя, жоўтыя ў мяцёлчатых або шчыткападобных суквеццях. У каранях вял. колькасць дубільных рэчываў. Тэхн. і дэкар. расліны.

У.П.Пярэднеў.

Кермек звычайны.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)