КЕРУБІ́НІ ((Cherubini) Луіджы Марыя Карла Зенобіо Сальваторэ) (14.9.1760, г. Фларэнцыя, Італія — 13.3.1842),

французскі кампазітар і педагог. Чл. Ін-та Францыі (1815). Музыцы вучыўся ў бацькі Барталамео К., пазней у Дж.Сарці і інш. У 1784—86 працаваў у Лондане, з 1788 у Парыжы. З 1795 у Парыжскай кансерваторыі (з 1816 праф., у 1822—41 дырэктар). У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. пісаў маршы, гімны, песні, хар. творы («Гімн Пантэону», 1794; «Жалобны гімн на смерць генерала Гоша», 1797). На аснове сінтэзу традыцый франц. камічнай оперы і прынцыпаў муз. драматургіі К.В.Глюка стварыў узоры новага жанру — «оперы выратавання». Яго уверцюры з кантрастным тэматызмам і элементамі сімф. развіцця сталі правобразам уверцюр Л.Бетховена. Сярод твораў: оперы «Квінт Фабій» (паст. 1779), «Ладаіска» (1791), «Эліза» (1794), «Медэя» (1797), «Два дні» (1800), «Алі-Баба, або Сорак разбойнікаў» (1833); месы; 2 рэквіемы, крэда, літаніі, матэты; творы для аркестра; 6 квартэтаў (1814—37), стр. квінтэт (1837); п’есы для аргана, фп. і інш.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)