Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАБРЫЭ́ЛЬ

(Gabriel) Жак Анж (23.10.1698, Парыж — 4.1.1782),

французскі архітэктар. Прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў свайго бацькі арх. Жака V Габрыэля і ў Акадэміі архітэктуры (з 1718) у Парыжы. З 1742 першы архітэктар караля і прэзідэнт Акадэміі архітэктуры. Яго работы рацыянальныя па планіроўцы, выразныя і дакладныя па форме, вытанчаныя па аздобе: Оперны т-р (1748—70), Малы Трыянон (1762—64) і інш. ў Версалі, Ваен. школа (1751—75) у Парыжы. Аўтар планіроўкі і забудовы пл. Людовіка XV (цяпер пл. Згоды; 1755—63) у Парыжы.

т. 4, с. 413

ГАБРЫЭ́ЛЬ (Gabriel) Якуб, французскі архітэктар 2-й пал. 18 ст. Адзін са стваральнікаў Шчорсаўскага палацава-паркавага ансамбля.

т. 4, с. 414

ГА́БСБУРГІ

(Habsburger),

дынастыя, якая правіла ў Аўстрыі (1282—1918), Чэхіі і Венгрыі (1526—1918), частцы Італіі (16 ст. — 1816), у «Свяшчэннай Рым. імперыі» (пастаянна ў 1438—1806, акрамя 1742—45), Іспаніі (1516—1700), Нідэрландах. Засн., верагодна, Гунтрамам Багатым (сярэдзіна 10 ст.) з Верхняга Эльзаса. Назва ад замка Габсбург, пабудаванага каля 1020 у швейц. вобласці Ааргаў. Імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» стаў Рудольф І Габсбург (1273—91), ён замацаваў за Габсбургамі герцагства Аўстрыю і Штырыю (1282). У 1526 Габсбургі далучылі Чэхію, ч. Венгрыі, інш. тэр., сталі манархамі шматнац. дзяржавы (у 1867—1918 — Аўстра-Венгрыя). У 1556 дынастыя Габсбургаў падзялілася на 2 галіны — аўстр. і іспанскую. Панаванне ісп. Габсбургаў скончылася ў 1700, калі памёр апошні кароль Іспаніі з дынастыі Габсбургаў Карл II. Аўстр. галіна Габсбургаў абарвалася ў выніку паражэння Аўстра-Венгрыі ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. Устаноўчы сход Аўстр. рэспублікі (3.4.1919) прыняў закон аб пазбаўленні Габсбургаў усіх правоў, выгнанні іх за межы Аўстрыі і канфіскацыі ўсёй іх маёмасці. Найб. значныя прадстаўнікі: ісп. галіна — Карл V [1516—56] і Філіп II [1556—98], аўстр.Марыя Тэрэзія [1771—80], Іосіф II [1765—90], Франц Іосіф І [1848—1916].

Літ.:

Котова Е.В. Династия Габсбургов // Новая и новейшая история. 1991. № 4.

т. 4, с. 414

ГА́БУЗАЎ Армен Мікалаевіч

(н. 23.10.1906, г. Гянджа, Азербайджан),

бел. вучоны ў галіне нармальнай анатоміі. Д-р мед. н. (1961), праф. (1962). Скончыў Азербайджанскі мед. ін-т (1930). У 1959—81 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па агнястрэльных пашкоджаннях кісці, анатоміі кровазвароту мозга, узроставых зменах вен галаўнога мозга, мачавога пузыра і прастаты, тапографа-анатамічных асаблівасцях падкоркавых ядраў канцавога мозга.

Тв.:

Подкорковые ядра головного мозга и изменения артериальной системы их после повреждения коры мозга. Л., 1958.

т. 4, с. 414

ГА́БЫ,

балота ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у вадазборы р. Сэрвач і Вузлянка. Нізіннага (45%), вярховага (40%) і пераходнага (15%) тыпаў. Пл. 13,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 9,2 тыс. га. Глыб. торфу да 7,3 м, сярэдняя 2,6 м. У балоце запасы бітумінознага і падсцілачнага торфу, мергелю (магутнасць да 4 м). На асушаных землях вырошчваюць шматгадовыя травы, збожжавыя і прапашныя культуры, на неасушаных расце лес з хвоі, елкі, бярозы.

т. 4, с. 414

ГАБЭ́Н

(Gabin) Жан [сапр. Манкаржэ (Moncorgé) Жан Алексі; 17.5.1904, Мер’ель, каля Парыжа — 15.11.1976], французскі кінаакцёр. З 1923 выступаў у муз. рэвю і аперэтах, з 1930 — у кіно. Прынёс на экран дух дэмакратызму, які спалучаўся з валявым, дзейсным пачаткам і павагай да асобы. Стварыў на экране вобраз чалавека, вернага сваім уяўленням пра абавязак і справядлівасць, які адстойвае сваю незалежнасць: «Вялікая ілюзія» (1937),

«Набярэжная туманаў» (1938), «Каля сцен Малапагі» (1948), «Ноч — маё панаванне» (1951), «Уладары гэтага свету» і «Адвержаныя» (1958), «Вуліца Прэры» (1959), «Божы гром» (1965), «Кот» (1971) і інш.

Літ.:

Божович В. Жан Габен. М., 1982.

т. 4, с. 414