Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРЫНЁЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА БУ́РАГА ВУ́ГАЛЮ,

у Беларусі, у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Брынёў. Выяўлена ў 1973 у адкладах верхняга алігацэну і міяцэну. Мае адзін паклад. Сярэдняя магутнасць вугальнага пласта 5,8 м (макс. 19,9 м). Сярэдняя глыб. залягання 65 м (макс. 83 м). Вугалі гумусавыя, маркі І Б. Цеплыня згарання 7,1—21,5 МДж/кг. Сярэдняя попельнасць 26,6%. Разведана папярэдне. На пл. 7,1 км² запасы вугалю 38,6 млн. т. Радовішча не эксплуатуецца (1996).

т. 3, с. 277

БРЫ́НЗА

(рум. brînzǎ),

расольны сыр з авечага малака або сумесі авечага з казіным. На Беларусі брынза — нарыхтаваны ў запас тварог. У пост, калі малочныя прадукты не спажываліся, добра адціснуты тварог або сыр перамешвалі з соллю (у халодную пару года без солі), складалі ў дзежкі, залівалі або закладалі сметанковым маслам, захоўвалі ў халодным месцы. Была найб. пашырана ў Цэнтр. і Усх. Палессі.

т. 3, с. 277

БРЫНКУ́ШЫ,

Бранкузі (рум. Brăncuşi, франц. Brancusi) Канстанцін (21.2.1876, г. Пештышані, Румынія — 16.3.1957), румынскі скульптар; адзін з пачынальнікаў абстрактнага мастацтва ў Бухарэсце (1898—1901) і ў Парыжы (1905—07). Працаваў гал. чынам у Парыжы. Аўтар партрэтаў, сімвалічна абагульненых манум.-дэкар. і надмагільных скульптур («Малітва», 1907, «Пацалунак», 1908), станковых кампазіцый, адметных лаканізмам, цэльнасцю аб’ёмаў (серыя «Птушка ў прасторы», 1910—40-я г.). У мемарыяльным арх.-скульпт. комплексе ў г. Тыргу-Жыў («Бясконцая калона», «Стол маўчання» і «Брама пацалунку», 1937) імкнуўся да сучаснага вытлумачэння традыцый румынскага нар. Мастацтва.

т. 3, с. 277

БРЫ́НСКІ Антон Пятровіч

(10.6.1906, в. Андрэеўка Чамеравецкага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 14.6.1981),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Камянец-Падольскую саўпартшколу (1926), курсы «Выстрал» (1945) і камандзіраў палкоў (1952). З 1928 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну выконваў спецзаданні ў тыле ворага, з кастр. 1941 камандзір дыверсійнага атрада, які дзейнічаў на чыг. Орша—Барысаў, на Брэсцкім, Баранавіцкім і Лунінецкім чыг. вузлах. З ліст. 1942 ствараў партыз. асобыя атрады і групы ў зах. абласцях Украіны, з 1943 камандзір партыз. злучэння асобага прызначэння. Аўтар кніг-успамінаў.

т. 3, с. 277

БРЫ́СБЕН

(Brisbane),

горад на У Аўстраліі. Адм. ц. штата Квінсленд. Засн. ў 1824 як турэмная калонія. 1421,7 тыс. ж. (з Ю прыгарадамі; 1993). Порт на Ціхім ак. пры ўпадзенні р. Брысбен. Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Міжнар. аэрапорт. Гандаль. Машынабудаванне, эл.-тэхн., нафтаперапр., хім., ваен., мяса-агародніна-садавінакансервавая, цукр., тытунёвая, гарбарна-абутковая, тэкст., дрэваапр., папяровая прамсць Мясахаладабойні. Суднабудаванне. 2 ун-ты. Бат. сад. Марскі музей. Брысбенская каралеўская выстаўка.

т. 3, с. 277

БРЫСО́

(Brissot) Жак П’ер (15.1.1754, г. Шартр, Францыя — 31.10.1793),

дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99, лідэр жырандыстаў. З 1789 выдаваў газ. «Patriote Francais» («Французскі патрыёт»). У першы перыяд рэвалюцыі ўдзельнік Якабінскага клуба, выступаў супраць абсалютызму, за ўтварэнне рэспублікі. Быў абраны дэпутатам Заканадаўчага сходу, заклікаў пачаць рэв. вайну супраць еўрап. манархій (1791). Пасля звяржэння манархіі ў Францыі (1792) і прыходу жырандыстаў да ўлады патрабаваў спынення рэвалюцыі. У Канвенце ўзначаліў барацьбу жырандыстаў супраць якабінцаў і ў час якабінскай дыктатуры гільяцінаваны ў Парыжы.

т. 3, с. 277

БРЫ́СТАЛЬ,

Брыстал (Bristol), горад на ПдЗ Вялікабрытаніі. Адм. ц. графства Эйван. 396,6 тыс. ж. (1992). Порт пры ўпадзенні р. Эйван у Брыстольскі зал. 2 аэрапорты. Чыгунка. Суднабудаванне, авіякасм. прам-сць (у прыгарадзе Філтан), каляровая металургія, папяровая, паліграф., харчасмакавая (у т. л. мукамольная, алейная, шакаладная, піваварная, тытунёвая), хім., абутковая прам-сць. Каля Брысталя — нафтахім. комплекс Севернсайд. Музей і маст. галерэя. Цэнтр турызму. Ун-т. Арх. помнікі 12—19 ст.

Засн. каля 6 ст. З 12 ст. вядомы як буйны порт. У перыяд каланізацыі Паўн. Амерыкі і Вест-Індыі (17 — пач. 18 ст.) адзін з цэнтраў гандлю рабамі і калан. гандлю (цукар, тытунь і інш.).

т. 3, с. 277

БРЫСТО́ЛЬСКІ ЗАЛІ́Ў

(Bristol Channel),

заліў Атлантычнага ак., каля паўд.-зах. берагоў Вялікабрытаніі. Уразаецца ў сушу на 230 км, шыр. каля ўвахода 126 км, глыб. да 50 м. Берагі моцна парэзаны. Прылівы паўсутачныя (да 14,4 м). Асн. парты: Брысталь (злучаны каналам з Лонданам), Кардыф, Ньюпарт (Вялікабрытанія).

т. 3, с. 278

«БРЫТА́НІКА»,

гл. Брытанская энцыклапедыя.

т. 3, с. 278

БРЫТА́НІЯ

(лац. Britannia),

адна з стараж. назваў сучаснай Англіі (Вялікабрытанія). Паходзіць ад назвы кельцкіх плямёнаў — брытаў, якія насялялі Брытанію ў 8 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. З 43 н.э. — рымская правінцыя (Britannia Romana). Назва «Англія» замацавалася пасля англасаксонскага заваявання (5—6 ст.).

т. 3, с. 278