БРУ́СТЭРА ЗАКО́Н,
суадносіны паміж паказчыкам пераламлення n дыэлектрыка і такім вуглом падзення (φ светлавога праменя, пры якім адбітае ад паверхні дыэлектрыка натуральнае (непалярызаванае) святло поўнасцю палярызуецца. Адкрыты ў 1815 Д.Брустэрам. Паводле Брустэра закона tg φ = n, дзе φ — вугал Брустэра. Пры выкананні Брустэра закона вугал паміж адбітым і пераломленым прамянямі складае 90°. Брустэра закон пакладзены ў аснову работы прылад аптычнай апрацоўкі інфармацыі, інтэгральнай оптыкі. Гл. таксама Палярызацыя святла.
т. 3, с. 271
БРУСЧА́ТКА,
дарожна-будаўнічы матэрыял з трывалых горных парод (граніт, дыябаз, базальт і інш.). Мае выгляд брускоў (даўж. 15—30, шыр. 12—15, выш. 10—15 см). Вырабляюць на каменедрабільных машынах з выраўноўваннем правай грані і краёў. Выкарыстоўваюць для брукавання плошчаў і вуліц.
т. 3, с. 271
БРУСЯ́ТА,
рака ў Беларусі, у Крупскім і Бярэзінскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 340 км². Пачынаецца з воз. Нерыб у Крупскім р-не. Асн. прытокі: Плаўня (злева) і Узніца (справа). Цячэ на Цэнтральнабярэзінскай раўніне.
Даліна ў вярхоўі невыразная, у сярэднім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. Да 2 км. Пойма пераважна двухбаковая шыр. да 800 м. Рэчышча ў верхнім і сярэднім цячэнні каналізаванае на працягу 27 км.
т. 3, с. 271
БРУТ Дэцым Юній Альбін
(Decimus Junius Albinus Brutus; каля 84—43 да н.э.),
рымскі паліт. і ваен. дзеяч, адзін з военачальнікаў Цэзара. У часы грамадз. вайны 48—47 намеснік Трансальпінскай Галіі. Удзельнічаў у змове супраць Цэзара ў 44 да н.э.
т. 3, с. 271
БРУТ Луцый Юній
(Lucius Junius Brutus; 6—5 ст. да н.э.),
паводле стараж.-рым. падання, патрыцый, заснавальнік Рымскай рэспублікі. Узначаліў паўстанне рымлян супраць этрускага цара Тарквінія Гордага, пасля выгнання якога ў 509 да н.э. адзін з першых (разам з Тарквініем Калацінам) консулаў у Рыме. Забіты ў паядынку з Арунсам, сынам выгнанага цара.
т. 3, с. 271
БРУТ Марк Юній
(Marcus Junius Brutus; 85—42 да н.э.),
рымскі паліт. дзеяч, філосаф, прамоўца і пісьменнік. У сваіх філас. поглядах прытрымліваўся ідэй стаіцызму і стараж. Акадэміі платонаўскай. Цыцэрон, які высока цаніў Брута як філосафа і прамоўцу (захавалася іх перапіска), прысвяціў яму некалькі твораў. Паліт. праціўнік Цэзара, у час грамадз. вайны падтрымаў Пампея. Пасля перамогі над Пампеем каля г. Фарсала (48) Цэзар памілаваў Брута, у 46 прызначыў яго намеснікам прав. Цызальпінская Галія, у 44 — прэтарам. Брут разам з Касіем узначаліў змову супраць Цэзара. Паводле падання, у дзень сакавіцкіх ідаў (15.3.44) адзін з першых нанёс яму ўдар кінжалам і да яго былі скіраваны словы Цэзара: «І ты, Брут, супраць мяне!» У 42 каля г. Філіпы войскі Актавіяна і Антонія разбілі войскі Брута і Касія. Брут скончыў самагубствам.
т. 3, с. 271
БРУ́ТА
(ад італьян. brutto грубы, нячысты),
маса тавару з упакоўкай (тарай); параўн. нета.
т. 3, с. 271
БРУТАЛІ́ЗМ
(ад англ. brutal грубы),
неабруталізм, кірунак архітэктуры, прадстаўнікі якога імкнуцца максімальна выявіць архітэктоніку простых і грубых арх. масаў. Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі (арх. А. і П.Смітсаны), пашырыўся ў Зах. Еўропе, ЗША і Японіі. Праграмнае для бруталізму — адмаўленне ад дэкар. прыёмаў, якія хаваюць натуральную фактуру жалезабетону, цэглы, сталі, шкла і інш. матэрыялаў. Сярод найб. вядомых пабудоў гэтага кірунку: школа ў Ханстэнтане (1949—54) і будынак рэдакцыі час. «Эканаміст» у Лондане (1964, арх. абодвух Смітсаны), ін-т Марчалонджы ў Мілане (1959, арх. В.Вігано), жылы комплекс Парк-Хіл у Шэфілдзе (1955—61, арх. Дж.Лін, А.Сміт і інш.), лабараторыі А.Н.Рычардса Пенсільванскага ун-та ў Філадэльфіі (1957—61, арх. Л.Кан).
Літ.:
Бэнем Р. Новый брутализм: Этика ил эстетика?: Пер. с англ. М., 1973.
т. 3, с. 271
БРУХАВЕ́ЦКІ Іван Мартынавіч
(? — 27.6.1668),
гетман Левабярэжнай Украіны ў 1663—68. Абраны на Чорнай радзе 1663 у Нежыне. У 1665 падпісаў т.зв. «Маскоўскія артыкулы», якія пацвярджалі правы і прывілеі казацкай старшыны і ўмацоўвалі пазіцыі рус. ўрада на Украіне. Незадаволенасць палітыкай Брухавецкага асабліва ўзмацнілася пасля Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Правабярэжная Украіна заставалася за Польшчай. Намагаўся перадаць Украіну пад уладу Турцыі. Забіты паўстаўшымі супраць яго казакамі.
т. 3, с. 271
БРУХАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ,
смаўжы, гастраподы (Gastropoda), клас беспазваночных жывёл тыпу малюскаў. 3 падкласы: пярэдняшчэлепныя (Prosobranchia), задняшчэлепныя (Opisthobranchia) і лёгачныя (Pulmonata). Каля 90 тыс. марскіх, прэснаводных і наземных відаў, каля палавіны з іх выкапнёвыя. На Беларусі 51 від, у т. л. 20 відаў наземных і 31 водных смаўжоў. Найб. пашыраны балацянікі, бітынія, жывародкі, вальваты, вінаградны смоўж, катушкі, слізнякі, хмызняковы смоўж.
Цела асіметрычнае, укрыта ракавінай розных памераў (выш. 0,5 мм — 70 см) і формаў (высокаканічныя, плоскаспіральныя, сподачкападобныя), складаецца з галавы, вантробнага мяшка са скурнай складкай-мантыяй, нагі. Галаву ўцягваюць у ракавіну. Нага з поўзальнай падэшвай; плаўнае слізганне па субстраце аблягчаецца сліззю. Органы дыхання — шчэлепы або лёгачныя мяшкі. Стрававальны тракт — рот з цёркай (радула), стрававод, страўнік са страўнікавай залозай, кішка з анальнай адтулінай. Сэрца мае жалудачак і 1—2 перадсэрдзі. Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 пар нерв. гангліяў (вузлоў). Ёсць органы зроку, раўнавагі, дотыку (шчупальцы), хім. адчувальнасці. Раздзельнаполыя або гермафрадыты; ганада адна, апладненне ўнутранае. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі і паразіты. Водныя бруханогія малюскі — корм для рыб; удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Некаторыя бруханогія малюскі — аб’ект промыслу, наземныя — шкоднікі с.-г. Культур.
т. 3, с. 271