Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕРЫНО́СЫ (ісп. merinos),

пароды танкарунных авечак з вельмі тонкай белай воўнаю найвышэйшай якасці. Радзіма — Зах. Азія (вядомы за некалькі стагоддзяў да н.э). Гадуюць у большасці краін свету, найб. у Аўстраліі. На Беларусь завезены ў канцы 18 ст.

Па памерах належаць да сярэдніх і буйных парод. Маса бараноў 80—100 (да 180) кг, матак 40—60 (да 100) кг. Скура са складкамі на шыі. У самцоў большасці М. добра развітыя рогі. Руно штапельнай будовы. Воўна аднародная, з мяккіх пуховых валокнаў таўшчынёй 15—25 мкм (60—80-й якасці) з характэрнай звілістасцю. Кірункі прадукцыйнасці: воўнавы (сучасныя высокапрадукцыйныя пароды: азербайджанскі горны мерынос, грозненская парода, стаўрапольская парода, сальская і інш.) і воўнава-мясны (асканійская парода, савецкі мерынос, алтайская, каўказская, якіх абмежавана гадуюць на Беларусі, і інш.).

т. 10, с. 297

МЕРЫСТЭ́МА (ад грэч. meristos што дзеліцца),

1) утваральная тканка раслін, што доўга захоўвае здольнасць да дзялення і ўтварэння новых клетак, адрозніваецца высокай метабалічнай актыўнасцю. Адны клеткі М. (ініцыяльныя) затрымліваюцца на эмбрыянальнай фазе развіцця і забяспечваюць бесперапыннае нарастанне масы расліны, інш. паступова дыферэнцыруюцца і ўтвараюць пастаянныя тканкі (покрыўныя, праводныя, мех., асн. і інш.). У вышэйшых раслін М. ўзнікае з прамерыстэмы зародка насення і ў далейшым знаходзіцца ў конусах нарастання парастка і кораня, якія неабмежавана растуць сваімі верхавінкамі на працягу жыцця расліны. У працэсе росту часткова захоўваецца ў каранях (перыцыкл), у вузлах парасткаў. Уставачная (інтэркалярная) М. часова захоўваецца ў пупышках, міжвузеллях (асабліва доўга ў злакаў), у аснове чаранка і краявой пласціны ліста (маргінальная М.). Другасныя М. (напр., фелаген, што ўтварае корак, раневая — калус і інш.) узнікаюць у пастаянных тканках.

2) Неспецыфічныя клеткі жывёлы, здольныя да дыферэнцыроўкі.

т. 10, с. 297

МЕРЫФІ́ЛД ((Merrifield) Роберт Брус) (н. 15.7.1921, г. Форт-Уэрт, ЗША),

амерыканскі хімік-біяарганік. Чл. Нац. АН ЗША (1972). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Лос-Анджэлесе (1943), дзе і працаваў. З 1949 у Ракфелераўскім ун-це ў Нью-Йорку (з 1966 праф.). Навук. працы па хіміі пептыдаў. Распрацаваў метад гетэрафазнага сінтэзу пептыдаў на цвёрдых палімерных носьбітах з актыўнымі групамі, якія ўзаемадзейнічаюць з амінакіслотамі (1962). Сінтэзаваў брадыкінін, ангіятэнзін, рыбануклеазы. Нобелеўская прэмія 1984.

т. 10, с. 298

МЕ́РЭДЗІТ ((Meredith) Джордж) (12.2.1828, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 18.5.1909),

англійскі пісьменнік; адзін з заснавальнікаў сац.-псіхал. рамана. Вучыўся ў Германіі і Англіі. Пачынаў як паэт (зб. «Вершы», 1851). Майстэрствам псіхал. аналізу вызначаюцца раманы «Выпрабаванне Рычарда Феверэла» (1859), «Прыгоды Гары Рычманда» (1870—71), «Кар’ера Б’ючэмпа» (1874—75), «Эгаіст» (1879), «Адзін з нашых заваёўнікаў» (1891) і інш. Яго проза адметная трагічным пачаткам і горкай іроніяй, напружаным інтраспектыўным псіхалагізмам. Аўтар зб-каў паэзіі «Чытанне зямлі» (1888), «Чытанне жыцця» (1901), эсэ. Паўплываў на творчасць Дж.​Голсуарсі, Г.​Уэлса, Э.​М.​Форстэра і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Эгоист. М., 1970;

Испытание Ричарда Феверела. М., 1990.

т. 10, с. 298

МЕ́РЭЙ, Мары (Murray) Джон (3.3.1841, г. Коберг, Канада — 16.3.1914), англійскі акіянограф і прыродазнавец. Чл.кар. Пецярбургскай АН (1897). Скончыў Эдынбургскі ун-т. У 1872 удзельнічаў у англ. кругасветнай экспедыцыі на «Чэленджэры» пад кіраўніцгвам Ч.​Томсана. Рэдактар 50-томнай справаздачы экспедыцыі і аўтар агульнага апісання рэйса і марскіх донных адкладаў. У 1880 і 1882 вывучаў Фарэрскі праліў, у 1906 правёў батыметрычную здымку прэснаводных азёр Шатландыі. У 1910 разам з нарв. вучоным Ю.​Іортам арганізаваў акіянаграфічную экспедыцыю ў паўн. ч. Атлантычнага ак. і ў сааўт. з ім напісаў кнігу «Глыбіні акіяна» (1912).

т. 10, с. 298

МЕР-ДЭ-ГЛАС (ад. франц. Mer de Glace мора лёду),

самы вялікі (далінны) ледавік у Альпах, на паўн. схіле масіву Манблан (Францыя). Даўж. 12 км, пл. км². Утвараецца з 4 патокаў лёду, спускаецца да выш. 1430 м.

т. 10, с. 293

МЕ́СА (позналац. missa ад лац. mitto пасылаю, адпускаю),

галоўнае богаслужэнне ў каталіцкай царкве. Уключае чытанне малітваў, песнапенні ў суправаджэнні аргана, заканчваецца абрадам прычашчэння. Паводле рашэння II Ватыканскага сабора (1962—65) дазволена праводзіць М. на нац. мове, прычашчаць недухоўных асоб хлебам і віном, уключаць элементы нац. музыкі, адноўлена агульная малітва ў царкве і інш.

т. 10, с. 298

МЕ́СА,

цыклічны вак. ці вак.-інстр. твор на кананічны лац. тэкст. Выконваецца ў час імшы — цэнтр. абраду сутачнага цыкла богаслужэння каталіцкай царквы, аналагічнага правасл. літургіі. М. складаецца з ардынарыя (раздзелы, тэкст якіх павінен гучаць штодзённа) і пропрыя (раздзелы, тэкст якіх мяняецца ў залежнасці ад пэўнага свята ці рытуалу). Ардынарый уключае 5 частак: Kyrie eleison (Госпадзі, памілуй), Gloria (Слава ў вышніх богу), Credo (Верую), Sanctus (Свят) і Benedictus (Блаславён), Agnus Dei (Ягня божае). Тэкст М. звычайна спяваюць, некат. раздзелы выконваюць рэчытацыяй. Асн. разнавіднасці М. — рэквіем, кароткая М. (missa brevis, уключае Kyrie і Gloria) і «харальная». Інтанацыйная аснова М. — грыгарыянскі харал.

Яе раннія ўзоры аднагалосыя і ананімныя. Прыкладна з 14 ст. паявіліся аўтарскія хар. шматгалосыя творы (4-галосая Г. дэ Машо, 1364). У 15—17 ст. пераважалі хар. М. без суправаджэння Г.​Дзюфаі, І.​Окегема, Я.​Обрэхта, Жаскена Дэпрэ, А.​Ласа, Дж.​Палестрыны, Дж.​Габрыэлі, К.​Мантэвердзі. У 18—19 ст. М. ўключае сольныя, хар. і аркестравыя нумары (сярод узораў — «Высокая меса» І.​С.​Баха, «Урачыстая меса» Л.​Бетховена, М. c-moll В.​А.​Моцарта). Уплыў эстэтыкі рамантызму відавочны ў месах Ф.​Шуберта, Ф.​Ліста, А.​Брукнера. У 20 ст. М. пісалі Л.​Яначак, І.​Стравінскі, Ф.​Пуленк, А.​Месіян і інш.

На Беларусі захаваліся шматлікія нотныя рукапісы з творамі ў жанры М., большасць якіх ананімныя або падпісаны імем перапісчыка ці ўласніка рукапісу (Міхалевіча з Полацка, М.​Кніфкі з Гродна, Нікалаеўскага са Слоніма, рукапісы з Нясвіжа і інш., усе 18 ст.). Сярод аўтараў М. 18 ст. Шымкевіч, В.​Данькоўскі, полацкі езуіт Лаўрыновіч (верагодна), у 19 ст. — Баброўскі, Ф.​Міладоўскі, С.​Манюшка, І.​Глінскі, К.​Горскі, Ю.​Дашчынскі і інш. У сучаснай бел. музыцы да жанру М. звяртаюцца Л.​Шлег (рэквіем «Помніце!», 1980), В.​Капыцько («Меса ў гонар Св. Францыска Асізскага», 1993, і інш.), А.​Літвіноўскі («Грыгарыянская меса», 1994).

Т.​А.​Цітова.

т. 10, с. 298

МЕСАПАТА́МІЯ (грэч. Mesopotamia ад mesos сярэдні, які знаходзіцца пасярэдзіне + potamos рака),

Двухрэчча, прыродная вобласць у Зах. Азіі, у бас. рэк Тыгр і Еўфрат, адзін з цэнтраў стараж. цывілізацыі. У канцы 3-га тыс. да н.э. тут існавалі стараж. дзяржавы Акад, Ур, Урук, Лагаш і інш., у пач. 2-га тыс. да н.э. ў паўд. частцы М. — Вавілонія. Пазней М. ўваходзіла ў склад Асірыі (9—7 ст. да н.э.), Новававілонскага царства (7—6 ст. да н.э.), дзяржавы Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.), імперыі Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.), дзяржаў Селеўкідаў (4—2 ст. да н.э.), Парфіі (3 ст. да н.э. — 3 ст. н.э.), Сасанідаў (3—7 ст.), з 7 ст. — Арабскага халіфата. У 1055 заваявана сельджукамі, у 13 ст. — манголамі, у пач. 16 ст. пад уладай Сефевідаў, у 17 ст. — 1918 у складзе Асманскай імперыі. Пасля 1-й сусв. вайны б.ч. М. ў складзе Ірака, астатнія — Сірыі і Турцыі.

т. 10, с. 298

МЕСАПАТА́МСКАЯ НІЗІ́НА.

Міжрэчча, нізіна ўздоўж рэк Тыгр і Еўфрат, гал. ч. ў Іраку, а таксама ў Іране, Сірыі і Кувейце. Даўж. больш за 1000 км, шыр. 400 км. Размешчана на месцы перадгорнага прагіну альпійскай складкаватай зоны М. Азіі і Ірана. Складзена з пясчана-гліністых алювіяльных адкладаў рэк, марскіх адкладаў і інш. Паводле характару рэльефу падзяляецца на паўн. ч. (Верхняя М.н., або Джэзірэ) да шыраты г. Багдад — узгорыстае плато з невял. ўзвышшамі (Джэбель-Сінджар, 1359 м, Джэбель-Хамрын і інш.) і паўд. ч. (Ніжняя М.н., або Вавілонія) — плоская нізіна, ніжэй за 100 м над узр. мора. Тэр. Ніжняй М.н. перыядычна заліваецца паводкавымі водамі, моцна забалочаная, асабліва ўзбярэжжа Персідскага заліва. Клімат на Пн субтрапічны, кантынентальны, на Пд трапічны, пустынны. Лета гарачае, т-ра 33—34 °C. Зіма на Пн умераная (сярэдняя т-ра студзеня 7 °C, маразы да -18 °C), на Пд цёплая (15—17 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў 200—300 мм, на Пд паніжаецца да 100 мм. Максімум ападкаў — зімой. Па М.н. працякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія зліваюцца ў агульнае рэчышча Шат-эль-Араб, на ПдЗр. Карун. Расходы рэк нераўнамерны на працягу года, частыя паводкі разбуральнай сілы. Расліннасць паўпустынная і пустынная, палынова-салянкавая, толькі на схілах узвышшаў Верхняй М.н. растуць дрэвы і хмызнякі (дубы, фісташкі). Уздоўж рэк — галерэйныя лясы: еўфрацкая таполя, вербы, тамарыскі. У Ніжняй М.н. — фінікавая пальма. Жывёльны свет прадстаўлены грызунамі, паўзунамі, членістаногімі. З буйных млекакормячых — газель, дзікі асёл, шакал. У затапляльных зарасніках уздоўж рэк шмат вадаплаўнай птушкі, водзяцца дзікі. Развіта багарнае і паліўное земляробства (пшаніца, рыс, бавоўнік, фінікавая пальма), качавая жывёлагадоўля. Радовішчы нафты: Кіркук, Румайла і інш. Буйныя гарады: Багдад, Басра (Ірак), Абадан (Іран). М.н. адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі (Асірыя, Вавілонія і інш.).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 10, с. 298