МЕ́СА,

цыклічны вак. ці вак.-інстр. твор на кананічны лац. тэкст. Выконваецца ў час імшы — цэнтр. абраду сутачнага цыкла богаслужэння каталіцкай царквы, аналагічнага правасл. літургіі. М. складаецца з ардынарыя (раздзелы, тэкст якіх павінен гучаць штодзённа) і пропрыя (раздзелы, тэкст якіх мяняецца ў залежнасці ад пэўнага свята ці рытуалу). Ардынарый уключае 5 частак: Kyrie eleison (Госпадзі, памілуй), Gloria (Слава ў вышніх богу), Credo (Верую), Sanctus (Свят) і Benedictus (Блаславён), Agnus Dei (Ягня божае). Тэкст М. звычайна спяваюць, некат. раздзелы выконваюць рэчытацыяй. Асн. разнавіднасці М. — рэквіем, кароткая М. (missa brevis, уключае Kyrie і Gloria) і «харальная». Інтанацыйная аснова М. — грыгарыянскі харал.

Яе раннія ўзоры аднагалосыя і ананімныя. Прыкладна з 14 ст. паявіліся аўтарскія хар. шматгалосыя творы (4-галосая Г. дэ Машо, 1364). У 15—17 ст. пераважалі хар. М. без суправаджэння Г.​Дзюфаі, І.​Окегема, Я.​Обрэхта, Жаскена Дэпрэ, А.​Ласа, Дж.​Палестрыны, Дж.​Габрыэлі, К.​Мантэвердзі. У 18—19 ст. М. ўключае сольныя, хар. і аркестравыя нумары (сярод узораў — «Высокая меса» І.​С.​Баха, «Урачыстая меса» Л.​Бетховена, М. c-moll В.​А.​Моцарта). Уплыў эстэтыкі рамантызму відавочны ў месах Ф.​Шуберта, Ф.​Ліста, А.​Брукнера. У 20 ст. М. пісалі Л.​Яначак, І.​Стравінскі, Ф.​Пуленк, А.​Месіян і інш.

На Беларусі захаваліся шматлікія нотныя рукапісы з творамі ў жанры М., большасць якіх ананімныя або падпісаны імем перапісчыка ці ўласніка рукапісу (Міхалевіча з Полацка, М.​Кніфкі з Гродна, Нікалаеўскага са Слоніма, рукапісы з Нясвіжа і інш., усе 18 ст.). Сярод аўтараў М. 18 ст. Шымкевіч, В.​Данькоўскі, полацкі езуіт Лаўрыновіч (верагодна), у 19 ст. — Баброўскі, Ф.​Міладоўскі, С.​Манюшка, І.​Глінскі, К.​Горскі, Ю.​Дашчынскі і інш. У сучаснай бел. музыцы да жанру М. звяртаюцца Л.​Шлег (рэквіем «Помніце!», 1980), В.​Капыцько («Меса ў гонар Св. Францыска Асізскага», 1993, і інш.), А.​Літвіноўскі («Грыгарыянская меса», 1994).

Т.​А.​Цітова.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)