МЕ́СА (позналац. missa ад лац. mitto пасылаю, адпускаю),

галоўнае богаслужэнне ў каталіцкай царкве. Уключае чытанне малітваў, песнапенні ў суправаджэнні аргана, заканчваецца абрадам прычашчэння. Паводле рашэння II Ватыканскага сабора (1962—65) дазволена праводзіць М. на нац. мове, прычашчаць недухоўных асоб хлебам і віном, уключаць элементы нац. музыкі, адноўлена агульная малітва ў царкве і інш.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)