Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГАЛЁПЫ,

бел. рытуальнае печыва. Пяклі з нагоды прылёту буслоў, дзень сустрэчы якіх прыпадаў на Дабравешчанне. Выпякалі галёпы з пшанічнай мукі ў выглядзе булачак або коржыкаў рознай формы; маглі імітаваць фігурку бусла, бусліную лапу, мець форму сахі, бараны і інш. Выяву часам выціскалі на печыве зверху. Пяклі галёпы напярэдадні або ў дзень Дабравешчання (калі забаранялася пячы хлеб) ці на наступны дзень. Агульнае прызначэнне галёпаў — сустрэча ці кліканне буслоў. Вядомы на Зах. Палессі, Гродзеншчыне, Піншчыне, на Навагрудчыне і інш.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 4, с. 460

ГАЛЁРКІН (Барыс Рыгоравіч) (4.3.1871, г. Полацк — 12.7.1945),

сав. вучоны ў галіне тэорыі пругкасці. Акад. АН СССР (1935, чл.-кар. 1928). Інж.-ген.лейтэнант. Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1934). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1899). З 1909 на пед. рабоце, з 1920 праф. Ленінградскага політэхн. ін-та. Асн. навук. працы па буд. механіцы і тэорыі пругкасці. Распрацаваў метады інтэгравання ўраўненняў тэорыі пругкасці, прапанаваў форму рашэння ўраўненняў пругкай раўнавагі. Адзін са стваральнікаў тэорыі выгіну пласцінак. З удзелам Галёркіна праектаваліся і будаваліся Волхаўская ГЭС, Днепрагэс, некат. цеплаэлектрастанцыі. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—2 М., 1952—53.

Б.Р.Галёркін.

т. 4, с. 460

ГАЛІВУ́Д, Халівуд (Hollywood),

прыгарад г. Лос-Анджэлес, на ПдЗ ЗША, штат Каліфорнія. Знаходзіцца за 30 км ад узбярэжжа Ціхага ак., у раёне з разнастайнымі ландшафтамі (горы, паўпустынныя раўнінныя ўчасткі, лясныя масівы).

Цэнтр амер. кінамастацтва. Першая студыя засн. ў 1911. Расшырэнне вытв-сці абумовіла фарміраванне ў Галівудзе на аснове паўсаматужных груп буйных кампаній, частка якіх існуе і цяпер. У 1920-я г. ў Галівудзе была створана самая перадавая на той час матэрыяльна-тэхн. база кінавытворчасці, якая пастаянна ўдасканальвалася, падрыхтаваны прафесійныя кадры. Тады зарадзілася сістэма «зорак» — акцёраў, адно імя якіх збірала ў кінатэатры натоўпы гледачоў. Была наладжана паточная вытв-сць сцэнарыяў і фільмаў у рамках устойлівай сістэмы жанраў. Галівуд як «фабрыка мрояў» прыцягваў да сябе пільную ўвагу масавай аўдыторыі не толькі фільмамі, але і самім ладам жыцця, які шырока рэкламаваўся сродкамі інфармацыі. У 1927 у Галівудзе засн. Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук. У 2-й пал. 1930-х г. аб’ём кінавытворчасці 8 найб. фірмаў Галівуда («Метро-Голдвін-Маер», «20 стагоддзе-Фокс», «Уорнер бразерс», «РКО-Радыё», «Парамаўнт», «Юнайтэд артыстс», «Каламбія Пікчэрс», «Юніверсал інтэрнэшанал») складаў больш чым 500 фільмаў за год. У 1950—60-я г. Галівуд перажываў эканам. цяжкасці, але выстаяў у канкурэнцыі з тэлебачаннем і незалежнымі прадзюсерамі. Галівуд — своеасаблівы міф, сімвал амер. кіно.

т. 4, с. 460

ГА́ЛІЙ (лац. Gallium),

Ga, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 31, ат. м. 69,72. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​69Ga (61,2%) і ​71Ga (38,8%). У зямной кары 1,8∙10​−3 % па масе. У прыродзе рассеяны (мінерал галіт CuGaS2 вельмі рэдкі), спадарожнік алюмінію. Адкрыты ў 1875 франц. хімікам П.​Э.​Лекокам дэ Буабадранам, названы ў гонар Францыі (лац. Gallia).

Светла-шэры легкаплаўкі (tпл 29,76 °C) метал з вял. тэмпературным інтэрвалам існавання ў вадкім стане (tкіп 2205 °C), шчыльн. (кг/м³) цвёрдага 5903,7 (29,6 °C), вадкага 6094,8 (пры зацвярдзенні аб’ём галію павялічваецца). У паветры пры звычайнай т-ры пакрыты ахоўнай плёнкай аксіду. Раствараецца ў мінер. к-тах і шчолачах, утварае адпаведна солі галію і галаты — солі ортагаліевай Ga(OH3) ці H3GaO3 і метагаліевай HGaO2 к-т. Найб. пашыраны солі галію: трыхларыд GaCl3, бясколерныя крышталі, tпл 77,8 °C; сульфат Ga2(SO4)3, які з сульфатамі шчолачных металаў і амонію ўтварае галын. Пры сплаўленні з фосфарам, мыш’яком і сурмой галій утварае крышт. паўправадніковыя злучэнні, адпаведна фасфід GaP (жоўта-аранжавы, tпл 1790 °C), арсенід GaAs (цёмна-шэры з фіялетавым адценнем, tпл 1238 °C), антыманід GaSb (светла-шэры, tпл 712 °C).

Выкарыстоўваюць у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў, для «халоднай пайкі» керамічных і металічных дэталей у радыёэлектроніцы, люстраў з высокай адбівальнай здольнасцю, высокатэмпературных (900—1600 °C) тэрмометраў, манометраў.

І.​В.​Боднар.

т. 4, с. 460

ГАЛІКА́НСТВА, галіканізм (ад лац. gallicanus літар. гальскі, тут французскі),

рэліг.-паліт. рух у Францыі ў 13—18 ст., які меў на мэце дасягненне аўтаноміі франц. каталіцкай царквы ад папства. Зарадзілася ў часы Філіпа IV Прыгожага ў час яго барацьбы з папам Баніфацыем VIII за прэрагатывы свецкай улады. Найб. развіццё галіканства атрымала ў 15—17 ст. Асн. палажэнні (сфармуляваны ў 1682 у «Дэкларацыі галіканскага духавенства») дзейнічалі да канца 18 ст. і былі пакладзены Напалеонам I у аснову статуса франц. дзярж. царквы. У сучасных умовах ідэі галіканства праяўляюцца аддалена ў патрабаваннях франц. епіскапату большай самастойнасці ў мясц. царк. кіраванні.

т. 4, с. 460

ГАЛІКАРНА́С (грэч. Halikarnassos),

старажытны горад у М. Азіі (цяпер г. Бадрум, Турцыя). Засн. каля 1200 да н.э., росквіту дасягнуў пры ўладару Маўсоле (377/376—353/352 да н.э.), калі стаў сталіцай Карыі (гіст. вобласць на ПдЗ М. Азіі). У 334 да н.э. заваяваны і зруйнаваны Аляксандрам Македонскім, але паступова быў адноўлены. У 129 да н.э. ўключаны ў рым. правінцыю Азія. Пад назвай Галікарнас вядомы да 15 ст. Размяшчаўся на схіле ўзгорка і спускаўся да заліва. На вяршыні ўзгорка знаходзіўся акропаль (захаваліся рэшткі збудаванняў): храмы Арэса, Гермеса і Афрадыты, т-р, палац Маўсола. Славуты Галікарнаскі маўзалей (манум. грабніца Маўсола; сярэдзіна 4 ст. да н.э., арх. Піфей і Сатыр, скульпт. Скопас, Брыяксіс, Цімафей, Леахар) спалучаў у сабе рысы стараж.-грэч. і малаазійскай архітэктуры. Лічыўся адным з «сямі дзівосаў свету». Зруйнаваны ў 15—16 ст. (вядомы гал. чынам па апісанні Плінія Старэйшага). Скульптура маўзалея (статуі Маўсола, яго жонкі Артэмісіі і асабліва рэльефы мармуровага фрыза з выявай бітвы грэкаў з амазонкамі) належыць да лепшых твораў грэч. мастацтва 4 ст. да н.э. На тэр. Галікарнаса захаваліся рэшткі стараж. ант. і візант. збудаванняў.

Да арт. Галікарнас. Галікарнаскі маўзалей. Рэканструкцыя.

т. 4, с. 460

ГАЛІЛЕ́Й ((Galilei) Галілео) (15.2.1564, г. Піза, Італія — 8.1.1642),

італьянскі фізік, механік і астраном, адзін з заснавальнікаў дакладнага прыродазнаўства. Чл. Акадэміі дэі Лінчэі (1611). Вучыўся ў Пізанскім ун-це. У 1589 атрымаў кафедру матэматыкі ў Пізе, а ў 1592 — у Падуі. Адкрыў законы свабоднага падзення цел, руху іх па нахільнай плоскасці, устанавіў закон інерцыі, ізахроннасць вагання маятніка і інш., што дало пачатак развіццю дынамікі. Выказаў ідэю пра адноснасць руху (гл. Галілея прынцып адноснасці). Сканструяваў тэрмометр (1597), гідрастатычныя вагі, маятнікавы гадзіннік, мікраскоп (1610 — 14). У 1609 пабудаваў тэлескоп, з дапамогай якога адкрыў горы на Месяцы, 4 спадарожнікі Юпітэра, фазы Венеры, плямы на Сонцы, зорную будову Млечнага Шляху, пацвердзіўшы гэтым праўдзівасць вучэння М.​Каперніка пра будову свету. У кн. «Дыялог пра дзве найгалоўнейшыя сістэмы свету — пталамееву і капернікаву» (1632) абгрунтаваў геліяцэнтрычную сістэму свету, за што ў 1633 аддадзены пад суд інквізіцыі, дзе на допыце фармальна адмовіўся ад вучэння М.​Каперніка. У 1992 папа Іаан Павел II абвясціў рашэнне суда інквізіцыі памылковым і рэабілітаваў Галілея. У філасофіі быў прыхільнікам механістычнага матэрыялізму, даказваючы, што свет існуе аб’ектыўна, ён бясконцы, матэрыя вечная; адзіная, універсальная форма яе руху — мех. перамяшчэнне. У адрозненне ад схаластаў Галілей распрацаваў і палажыў у аснову пазнання прыроды эксперым. метад, усталяванне якога дало пачатак развіццю дакладнага прыродазнаўства.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды. Т. 1—2. М., 1964.

Літ.:

Бублейников Ф.Д. Галилео Галилей. М., 1964;

Седов Л.И. Галилей и основы механики: К 400-летию со дня рождения. М., 1964.

Г.Галілей.

т. 4, с. 461

ГАЛІЛЕ́Я ПЕРАЎТВАРЭ́ННІ,

пераўтварэнні каардынат і часу рухомай часціцы пры пераходзе ад адной інерцыйнай сістэмы адліку (ІСА) да іншай у класічнай механіцы.

Для дзвюх ІСА K (x, y, z) і K′ (x′, y′, z′), якая рухаецца адносна K з пастаяннай скорасцю u уздоўж восі Ox, Галілея пераўтварэнні маюць выгляд: x = x ut , y = y , z = z , t = t , дзе x, y, z і x′, y′, z′ — каардынаты, t і t′ — моманты часу ў сістэмах K і K′ адпаведна. Такім чынам, у класічнай механіцы прамежкі часу паміж пэўнымі падзеямі і адлегласці паміж фіксаванымі пунктамі аднолькавыя ва ўсіх ІСА. З Галілея пераўтварэнняў вынікае закон складання скарасцей v = v u , а таксама аднолькавасць паскарэнняў ( a = a ) ва ўсіх ІСА. Апошняе з улікам пастаянства масы прыводзіць да інварыянтнасці ўраўненняў класічнай механікі ва ўсіх ІСА, што і з’яўляецца матэм. абгрунтаваннем Галілея прынцыпу адноснасці. Пры скарасцях руху, блізкіх да скорасці святла ў вакууме, Галілея пераўтварэнні замяняюцца Лорэнца пераўтварэннямі.

А.​І.​Болсун.

Да арт. Галілея пераўтварэнні. Інерцыяльныя сістэмы адліку K і K′.

т. 4, с. 461

ГАЛІЛЕ́Я ПРЫ́НЦЫП АДНО́СНАСЦІ,

прынцып класічнай механікі, які сцвярджае, што пры аднолькавых пач. умовах усе мех. працэсы адбываюцца аднолькава ва ўсіх інерцыяльных сістэмах адліку (ІСА). Гэты прынцып, устаноўлены Г.Галілеем у 1636, адлюстроўвае адноснасць мех. руху і эквівалентнасць усіх ІСА. Матэматычна Галілея прынцып адноснасці выражае інварыянтнасць (нязменнасць) ураўненняў механікі адносна Галілея пераўтварэнняў. Пры скорасцях руху, блізкіх да скорасці святла ў вакууме, Галілея прынцып адноснасці замяняецца адноснасці прынцыпам Эйнштэйна.

т. 4, с. 461

ГАЛІМБА́ЕВА (Айша Гарыфаўна) (н. 11.1.1918, г. Ісык, Казахстан),

казахскі жывапісец. Нар. мастак Казахстана (1967). Вучылася ў Алма-Ацінскім маст. вучылішчы (1939—43) і Усесаюзным ін-це кінематаграфіі (1943—49). Аўтар жывапісных работ: «Партрэт Абая» (1949), «Праводзіны сына Джамбула на фронт» (1951), «Народныя таленты» (1957), «Песня Казахстана» (1962), «Піяла кумысу» (1967); эскізаў касцюмаў да фільмаў, малюнкаў для альбома «Казахскі народны касцюм» (1959).

Г.​А.​Фатыхава.

т. 4, с. 461