БРАЦЯ́НКА,
вёска ў Беларусі, у Гарадзечанскім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 4 км на Пн ад Навагрудка, 166 км ад Гродна, 27 км ад чыг. ст. Наваельня. 133 ж., 69 двароў (1996).
У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца 1.4.1428, калі вял. кн. ВКЛ Вітаўт асобнай граматай перадаў Брацянку ва ўтрыманне сваёй жонцы Ульяне. З 1449 «двор Брацянка» — уласнасць вял. кн. Казіміра Ягелончыка. У 15—18 ст. у Навагрудскім ваяв. З 1795 у Рас. імперыі. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР. З 1969 у саўгасе «Дубкі». Б-ка. Помнік археалогіі — курганны могільнік Брацянка.
т. 3, с. 254
БРАЧЫСЛА́Ў,
князь ізяслаўскі (заслаўскі) і лагожскі (лагойскі) у 12 ст. Сын полацкага кн. Давыда Усяславіча ці кн. Рагвалода Усяславіча. Упамінаецца ў летапісах пад 1127, калі вял. кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў буйны ваенны паход на Полацкую зямлю. Войска Брачыслава было акружана пад Лагожскам, а ён зняволены сваім шваграм кн. Ізяславам Мсціславічам.
Г.В.Штыхаў.
т. 3, с. 254
БРАЧЫСЛА́Ў,
князь полацкі ў 1230-я г. Жыў у Віцебску, выдаў сваю дачку замуж за наўгародскага кн. Аляксандра Яраславіча (Неўскага). Вяселлі адбыліся ў 1239 у Таропцы і Ноўгарадзе. Гісторыкі лічаць Брачыслава апошнім прадстаўніком дынастыі полацкіх Ізяславічаў.
т. 3, с. 255
БРАЧЫСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,
князь ізяслаўскі (заслаўскі) і віцебскі. Сын полацкага кн. Васількі Рагвалодавіча. У 1158 атрымаў у княжанне Ізяслаў ад полацкага кн. Рагвалода Барысавіча. У 1159 з братам Валодшам узяты ў палон менскімі князямі Глебавічамі і зняволены ў Менску, адкуль яго вызваліў Рагвалод Барысавіч. У 1162 з інш. полацкімі князямі ваяваў за Слуцк супраць дарагабужскага кн. Уладзіміра Мсціславіча. У 1180, калі быў князем віцебскім, разам з кіеўскім кн. Святаславам Усеваладавічам і чарнігаўскімі князямі ваяваў супраць смаленскіх князёў Расціславічаў. Упамінаецца ў «Слове аб палку Ігаравым».
Г.В.Штыхаў.
т. 3, с. 255
БРАЧЫСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ
(? — 1044),
князь полацкі (1003—44), сын Ізяслава Уладзіміравіча, унук Рагнеды Рагвалодаўны і Уладзіміра Святаславіча. Як адзін з першых князёў адроджанай полацкай дынастыі Рагвалодавічаў змагаўся за аднаўленне незалежнасці Полацкай зямлі ад улады кіеўскіх князёў. У 1021 захапіў Ноўгарад і вывеў у Полацк шмат палонных. У адказ вял. князь кіеўскі Яраслаў Мудры з войскам пайшоў з Кіева на Брачыслава Ізяславіча і разбіў палачан на р. Судаміры. Аднак паводле заключанага пагаднення Брачыслаў Ізяславіч атрымаў гарады Віцебск і Усвяты. Да 1026 Брачыслаў Ізяславіч і Яраслаў кіравалі Кіеўскай Руссю са сваіх вотчын Полацка і Ноўгарада праз намеснікаў у Кіеве, што азначала прызнанне Яраславам паліт. незалежнасці Полацкай зямлі. Уладу дуумвірата парушыў захоп у 1024 кн. Мсціславам Уладзіміравічам Чарнігава і ўсталяванне ў 1026 Яраслава ў Кіеве. Брачыслаў Ізяславіч значна пашырыў межы Полацкай зямлі на Пд і Пн, заснаваў г. Брачыслаўль (Браслаў). Брачыслаў Ізяславіч быў вядомы ў Скандынавіі, пра што сведчыць «Эймундава сага».
С.В.Тарасаў.
т. 3, с. 255
БРАЧЫСЛА́Ў СВЯТАПО́ЛЧЫЧ
(1104—18.3.1128),
князь з тураўскай дынастыі Ізяславічаў. Верагодна, валодаў удзелам у Тураўскай або Валынскай зямлі.
т. 3, с. 255
БРАШО́Ў
(Braşov),
горад у цэнтр. ч. Румыніі. Адм. ц. жудэца Брашоў. Засн. ў 1211. 323,8 тыс. ж. (1993). Буйны вузел чыгунак і аўтадарог. Другі (пасля Бухарэста) прамысл. цэнтр краіны, які ўключае больш за 10 гарадоў-спадарожнікаў. Разнастайнае машынабудаванне (у т. л. аўта-, трактара-, прыладабудаванне), хім. (нафтахім., гумавая), парфумерна-касметычная, цэм., дрэваапр., тэкст. (пераважна шарсцяная), гарбарна-абутковая, харч., паліграф. прам-сць. Турызм. Ун-т. Гатычная «горная царква» 14—15 ст., цытадэль 17 ст.
т. 3, с. 255
БРА́ШПІЛЬ
(галанд. braadspil),
лябёдка з гарыз. валам для пад’ёму якара, падцягвання судна з дапамогай тросаў да прычала (пірса, сценкі) пры яго швартоўцы. Бываюць ручныя, паравыя, эл. і гідраўлічныя. На вял. ваен. караблях замест брашпіля ўстанаўліваецца шпіль — механізм лябёдачнага тыпу з верт. валам і пераважна эл. Прыводам.
т. 3, с. 255
БРАШУ́РА
(франц. brochure),
неперыядычнае друкаванае выданне памерам ад 5 да 48 старонак, як правіла, у мяккай вокладцы.
т. 3, с. 255
БРАШЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПнЗ ад г. Драгічын, 100 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Драгічын. 2080 ж., 830 двароў (1995). Лясніцтва, швейнае атэлье. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (пач. 20 ст.). Курган на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. Вайну.
т. 3, с. 255