Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРАХІСІНКЛІНА́ЛЬ

(ад брахі... + сінкліналь),

кароткая сінклінальная складка пластоў горных парод авальнай формы ў плане. Утвараецца ў выніку лакальнага тэктанічнага прагінання. Пласты горных парод, што ўтвараюць брахісінкліналь, з усіх бакоў нахілены да яе цэнтра, дзе знаходзяцца найб. маладыя горныя пароды.

т. 3, с. 252

БРАХІСТАХРО́НА

(ад грэч. brachistos самы кароткі + chronos час),

крывая самага хуткага спуску. Напр., калі пункты A і B ляжаць не на адной вертыкалі ў полі сілы цяжару, то шарык пры руху ўздоўж брахістахроны за самы кароткі час прыйдзе з пункта A у пункт B. Калі няма сіл супраціўлення, брахістахрона — цыклоіда з гарыз. асновай і пунктам звароту, які супадае з пунктам A. Рашэнне задачы аб брахістахроне (І.Бернулі, 1696) — зыходны пункт для развіцця варыяцыйнага злічэння.

т. 3, с. 252

БРАХІЯПО́ДЫ,

гл. Плечаногія.

т. 3, с. 252

БРА́ХМА,

Брама, у брахманізме і індуізме адзін з асн. багоў, творца Сусвету, яго ўвасабленне і душа. Яго ўяўляюць чырвоным, з барадой, чатырохтварым і васьмірукім. Практычна культ Брахмы адсутнічае. Лічыцца, што Брахма трансфармаваў рэчаісны свет з Адзінага; канчатковай жа мэтай усіх вернікаў індуісцкіх рэлігій з’яўляецца дасягненне супрацьлеглага — растварэння ў Вечным і Адзіным. Індуісцкія ўяўленні пра касм. цыклы стварэння і разбурэння звязаны з «днём», «ноччу», «годам» Брахмы.

Літ.:

Дюмезиль Ж. Верховные боги индоевропейцев: Пер. с фр. М., 1986;

Мифы народов мира: Энцикл. М., 1991. С. 185—186.

А.В.Гурко.

т. 3, с. 252

БРАХМА́ГІРЫ,

шматслойнае гарадзішча і могільнік у штаце Карнатака на Пд Індыі. Раскопкі далі магчымасць прасачыць змену археал. культур і іх развіццё ў Паўд. Індыі ад эпохі неаліту (каля 2200—1000 да н.э.) да канца 1—2 ст. н.э. У ніжнім пласце знойдзены неалітычныя паліраваныя сякеры, мікраліты, ляпная кераміка, медныя і бронзавыя рэчы; у больш познім — чорна-чырвоная кераміка і т.зв. мегалітычныя пахаванні. Вывучана больш за 300 пахаванняў, шмат з іх абнесены змацаванымі паміж сабой каменнымі плітамі і звычайна абкружаны каменнай муроўкай.

А.В.Іоў.

т. 3, с. 252

БРАХМАНІ́ЗМ,

старажытнаіндыйская сістэма рэліг.-філас. поглядаў і рытуальна-культавай практыкі, якая склалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя да н.э.; адна з крыніц індуізму. Працягвае традыцыі ведычнай рэлігіі. Звязана з сац. структурай стараж. грамадства, дзе саслоўе жрацоў-брахманаў займала вядучыя пазіцыі. Вярхоўныя багі — Брахма, Вішну і Шыва. Брахманы склалі тэксты каментарыяў да Ведаў (свяшчэнная л-ра), распрацавалі ведыйскую ідэю Брахмана-Абсалюта, стварылі філас. сістэму, якая стала асновай брахманізму. Складаны рытуал, строгая абрадавая рэгламентацыя жыцця, аскетычныя подзвігі разглядаліся як сродак для пераўвасаблення душы і канчатковага вызвалення ад перараджэнняў.

Літ.:

Боги, брахманы, люди: Пер. с чеш. М., 1969. С. 43—60;

Бонгард-Левин Г.М. Древнеиндийская цивилизация. 2 изд. М., 1993.

А.В.Гурко.

т. 3, с. 252

БРАХМА́НЫ,

1) група вышэйшых кастаў у Індыі. У Стараж. Індыі — выканаўцы ахвярапрынашэнняў, знаўцы і тлумачальнікі Ведаў, адно з двух пануючых саслоўяў (варн). У перыяд феадалізму крыніца існавання брахманаў — служба ў апараце кіравання, судзе, землеўладанне.

2) Стараж.-інд. кнігі, якія належаць да літаратуры Ведаў. Створаны ў 8—6 ст. да н.э., уключаюць міфы і паданні, падрабязныя апісанні рытуалаў ведыйскай рэлігіі, звесткі па сац. і культ. гісторыі Стараж. Індыі.

т. 3, с. 252

БРАХМАПУ́ТРА,

Брамапутра, рака ў Кітаі, Індыі, Бангладэш. Даўж. 2900 км, пл. басейна 935 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схілах Гімалаяў, цячэ на У па паўд. ч. Тыбецкага нагор’я (назвы Мацанг, Цангпо), прабіваецца па цясніне Дыханг праз Усх. Гімалаі (наз. Дыханг), потым цячэ на З і ПдЗ па Бенгальскай раўніне, паварочвае на Пд і ўпадае ў Бенгальскі заліў, дзе ўтварае з Гангам і Мегхнай агульную дэльту (больш за 80 тыс. км²). Найб. Значныя прытокі: злева — Нау, Чорта-Цангпо, Рага-Цангпо, Джычу, Джамда, Лухіт, Капілі, справа — Ньянгчу, Субансіры, Каменг, Манас, Ціста. Пад’ёмы ўзроўню дасягаюць 10—12 м. Сярэдні расход вады 12 тыс. м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходства ад цясніны Дыханг (1290 км), на Тыбецкім нагор’і — на асобных участках. На Брахмапутры гарады Шыгадзе (Кітай), Дыбругарх, Тэзпур, Дхубуры, Гувахаты (Індыя).

т. 3, с. 252

БРАЦЕ́ННІКАЎ Мікалай Данілавіч

(н. 18.2.1922, Магілёў),

бел. скрыпач і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Праф. (1981). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950). З 1950 у Бел. акадэміі музыкі (у 1959—63 прарэктар). Вёў выканальніцкую дзейнасць пераважна як ансамбліст (у 1958—65 удзельнік стр. квартэта Бел. філармоніі). Пад яго кіраўніцтвам створана Дзярж. калекцыя унікальных смычковых інструментаў (зберагаецца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі).

т. 3, с. 253

БРА́ЦІНА

(ад братчына — калектыўнае частаванне),

пасудзіна шарападобнай ці пукатай формы, часта з нізкім паддонам і конусападобным вечкам. Выкарыстоўвалася пераважна пры святочных застоллях, на памінках і інш. На Беларусі медныя і драўляныя браціны бытавалі ў 16—18 ст. Залатыя і сярэбраныя браціны з гравіраваным ці чаканеным арнаментам вядомы ў Расіі ў 16—17 ст., медныя і драўляныя — у нар. побыце 16—19 ст. У 19—20 ст. браціна — дэкаратыўны посуд.

І.М.Каранеўская.

т. 3, с. 253