Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сен Амарцья

т. 18, кн. 1, с. 453

СЕПАРА́ТАР (лац. separator аддзяляльнік),

1) апарат (машына, прыстасаванне) для раздзялення (сепарацыі) цвёрдых або вадкіх сумесей, аддзялення ад іх дамешкаў, выдалення цвёрдых ці вадкіх часцінак з газу. Дзеянне заснавана на адрозненні фіз. уласцівасцей кампанентаў сумесі: формы часцінак, масы, шчыльнасці рэчыва, магн., эл. і інш.

Найб. пашыраны С. цэнтрабежныя, магнітныя, электрастатычныя, пнеўматычныя, адстойныя (гравітацыйныя). Для раздзялення эмульсій і асвятлення вадкасцей выкарыстоўваюцца звычайна С. цэнтрабежнага тыпу — цэнтрыфугі: для мех. ачысткі газаў — газавыя С. і цыклоны; для аддзялення ад якога-н. прадукту больш лёгкіх дамешкаў — пнеўматычныя С., у якіх ачыстка робіцца з дапамогай паветр. струменю. Выкарыстоўваюцца для абагачэння карысных выкапняў, ачысткі газавых свідравін ад вільгаці, сепарацыі малака, асвятлення піва і інш. 2) Метал. або пластмасавая абойма падшыпнікаў качэння, выразы (ячэйкі) якой утрымліваюць целы качэння (шарыкі, ролікі) на пэўнай адлегласці адно ад аднаго.

Сепаратар гравітацыйны (вінтавы).

т. 14, с. 338

СЕПАРА́ТАР МАЛО́ЧНЫ,

апарат для раздзялення малака на вяршкі і адгон і ачысткі яго ад мех. дамешкаў. Сепарацыя адбываецца ў стальным барабане, які мае сістэму канічных талерак з верт. каналамі. Пры вярчэнні барабана (6—12 тыс. абаротаў за мінуту) малако па каналах расцякаецца ў міжталерачныя зазоры, дзе пад дзеяннем цэнтрабежнай сілы адгон як больш цяжкі адкідваецца на перыферыю, падымаецца ўгору і выходзіць праз адтуліну. Вяршкі збіраюцца каля восі барабана, па каналах талеркатрымальніка падымаюцца ўверх і выцякаюць у збіральнік. Прадукцыйнасць С.м. да 5 тыс. л/гадз.

В.​М.​Кандрацьеў.

Схема сепаратара малочнага: 1 — барабан; 2 — пакет талерак; 3 — талеркатрымальнік; 4 — паплаўковая камера; 5 — паплавок; 6 — верацяно; 7 — электрарухавік з механізмам прывода.

т. 14, с. 338

СЕПАРА́ТНЫ МІР (ад лац. separatus аддзелены),

мірны дагавор або перамір’е, заключаныя з праціўнікам адной з дзяржаў, што ўваходзілі ў кааліцыю краін. якія вялі вайну, без ведама або згоды сваіх саюзнікаў. Звычайна заключаецца да агульнага спынення вайны. Тэрмін «С.м.» выкарыстоўваўся ў час 1-й сусв. вайны 1914—18, калі спробы заключыць С.м. неаднаразова рабіліся дзяржавамі герм. кааліцыі. Гл. Брэсцкі мір 1918.

т. 14, с. 338

СЕПАРАТЫ́ЗМ (франц. séparatisme ад лац. separatus аддзелены),

тэорыя, палітыка і практыка адасаблення, аддзялення часткі тэр. дзяржавы з мэтай стварэння новай самаст. дзяржавы або атрымання статуса вельмі шырокай аўтаноміі. Адрозніваюць разнастайныя формы С.: буйных і малых народаў, этнічны, племянны і інш. С. ўласціва небяспечная логіка самаразвіцця, згодна з якой сепаратысцкія імкненні пастаянна ўзнаўляюцца на больш нізкіх узроўнях. З’яўляецца вынікам гіст., сац., паліт., канфесіянальных і інш. праблем, а таксама ваяўнічага нацыяналізму. Тыповай падставай узнікнення сепаратысцкіх тэндэнцый у дзярж. жыцці служыць нераўнамернасць сац.-эканам. развіцця рэгіёнаў і тэрыторый унутры дзяржавы, размеркавання паміж імі прыродных багаццяў або парушэнне правоў чалавека (нац., расавых). Напр., у Італіі існуюць сепаратысцкія тэндэнцыі, прыхільнікі якіх патрабуюць аддзялення высокаразвітай Поўначы краіны ад яе менш развітога Поўдня; у Іспаніі сепаратысцкі рух падтрымлівае частка баскаў. Складаныя і вострыя праблемы на глебе С. ўзнікаюць у Індыі, Пакістане, Турцыі, Іраку, Расіі, Грузіі, Малдове і інш. (разрыў эканам. і паліт. сувязей з цэнтрам, спробы драблення адзінай дзяржавы і самаізаляцыя адасобленых яе частак). У адрозненне ад права нацый на самавызначэнне, дзе бярэцца пад увагу воля большасці нацыі, С. не карыстаецца міжнар.-прававой абаронай. Сродкамі рэалізацыі мэт С. часта служаць узбр. барацьба і тэрарызм, што абумоўлівае неабходнасць прававога абмежавання і нейтралізацыі незаконных дзеянняў.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 338

СЕПАРА́ЦЫЯ (лац. separatio аддзяленне),

раздзяленне на састаўныя часткі цвёрдых або вадкіх сумесей, аддзяленне вадкіх або цвёрдых часцінак ад газу, цвёрдых ад вадкасці. Робіцца сепаратарамі. Пры С. кампаненты, якія раздзяляюцца, не мяняюць свайго хім. саставу. С. ў цеплаэнергетыцы выкарыстоўваецца для аддзялення вады ад насычанай пары, што ўтвараецца ў цеплагенератарах.

т. 14, с. 339

СЕ́ПІІ,

атрад галаваногіх малюскаў, гл. Каракаціцы.

т. 14, с. 339

СЕПІ́Р ((Sapir) Эдуард) (26.1.1884, г. Лаўэнбург, Германія — 4.2.1939),

амерыканскі мовазнавец і этнолаг. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Калумбійскі ун-т (1904). З 1925 праф. Чыкагскага, з 1931 Іельскага ун-таў. Вывучаў мову і культуру індзейцаў Амерыкі, праблемы агульнага мовазнаўства і этналінгвістыкі. Асн. праца — «Мова» (1921), дзе трактаваў мову як структуру; апісаў працэсы развіцця моў свету і даў іх тыпалагічную класіфікацыю, якая выкарыстоўваецца ў сучаснай амер. структурнай лінгвістыцы. Гіпотэза С. — Уорфа пра тое, што кожная мова своеасабліва адлюстроўвае свет, выкарыстоўваецца сучаснай этналінгвістыкай і неабіхевіярызмам.

т. 14, с. 339

СЕ́ПІЯ (лац. sepia ад грэч. sēpia каракаціца),

светла-карычневае фарбавальнае рэчыва. Натуральную С. вырабляюць з сакрэту т.зв. чарнільнага мяшка галаваногіх марскіх малюскаў — сепій (адсюль назва). У 20 ст. С. — штучная карычневая акварэльная фарба шматлікіх адценняў. С. наз. таксама від графічнай тэхнікі, пашыраны ў Еўропе з сярэдзіны 18 ст. (Ж.​А.​Фраганар у Францыі і інш.).

т. 14, с. 339

СЕПТАКО́РД,

гл. ў арт. Акорд.

т. 14, с. 339