СЕПАРАТЫ́ЗМ (франц. séparatisme ад лац. separatus аддзелены),

тэорыя, палітыка і практыка адасаблення, аддзялення часткі тэр. дзяржавы з мэтай стварэння новай самаст. дзяржавы або атрымання статуса вельмі шырокай аўтаноміі. Адрозніваюць разнастайныя формы С.: буйных і малых народаў, этнічны, племянны і інш. С. ўласціва небяспечная логіка самаразвіцця, згодна з якой сепаратысцкія імкненні пастаянна ўзнаўляюцца на больш нізкіх узроўнях. З’яўляецца вынікам гіст., сац., паліт., канфесіянальных і інш. праблем, а таксама ваяўнічага нацыяналізму. Тыповай падставай узнікнення сепаратысцкіх тэндэнцый у дзярж. жыцці служыць нераўнамернасць сац.-эканам. развіцця рэгіёнаў і тэрыторый унутры дзяржавы, размеркавання паміж імі прыродных багаццяў або парушэнне правоў чалавека (нац., расавых). Напр., у Італіі існуюць сепаратысцкія тэндэнцыі, прыхільнікі якіх патрабуюць аддзялення высокаразвітай Поўначы краіны ад яе менш развітога Поўдня; у Іспаніі сепаратысцкі рух падтрымлівае частка баскаў. Складаныя і вострыя праблемы на глебе С. ўзнікаюць у Індыі, Пакістане, Турцыі, Іраку, Расіі, Грузіі, Малдове і інш. (разрыў эканам. і паліт. сувязей з цэнтрам, спробы драблення адзінай дзяржавы і самаізаляцыя адасобленых яе частак). У адрозненне ад права нацый на самавызначэнне, дзе бярэцца пад увагу воля большасці нацыі, С. не карыстаецца міжнар.-прававой абаронай. Сродкамі рэалізацыі мэт С. часта служаць узбр. барацьба і тэрарызм, што абумоўлівае неабходнасць прававога абмежавання і нейтралізацыі незаконных дзеянняў.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)