Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕРЫДЫЯ́ННЫ КРУГ,

астранамічная прылада для вызначэння экватарыяльных каардынат нябесных свяціл (гл. Нябесныя каардынаты). Мае падзорную трубу, што можа паварочвацца ў плоскасці мерыдыяна вакол гарыз. восі, на якую насаджаны кругі са шкаламі для вымярэнняў вуглоў. Пры навядзенні трубы на зорку, якая кульмініруе, па паказаннях кругоў вызначаюць зенітную адлегласць свяціла і вылічваюць схіленне. М.к. выкарыстоўваецца таксама для рэгістрацыі момантаў праходжання нябесных свяціл праз мерыдыян.

Схема мерыдыяннага круга: AB — падзорная труба; вось вярчэння WE размешчана гарызантальна па лініі Усход-Захад; CD — круг з дзяленнямі; M — мікраметр для адліку дзяленняў.

т. 10, с. 297

МЕРЫДЫЯ́Н ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,

тое, што мерыдыян зямны.

т. 10, с. 296

МЕРЫДЫЯ́Н ГЕАМАГНІ́ТНЫ,

лінія сячэння паверхні Зямлі верт. плоскасцю праз назіраемы пункт зямной паверхні і прамую, якая злучае паўн. і паўд. геамагнітныя полюсы. М.г. супадае з дугамі вял. кругоў, якія праходзяць праз магнітныя полюсы Зямлі. У адрозненне ад мерыдыянаў магнітных, што апісваюць рэальнае магнітнае поле Зямлі, М.г. апісваюць яго першае прыбліжэнне — поле аднародна намагнічанага зямнога шара.

т. 10, с. 296

МЕРЫДЫЯ́Н ЗЯМНЫ́ (лац. meridianus паўдзённы),

мерыдыян геаграфічны, лінія сячэння паверхні зямнога шара плоскасцю, праведзенай праз які-н. пункт зямной паверхні і зямную вось. Усе пункты зямной паверхні, якія ляжаць на адным М.з., маюць аднолькавую даўгату геаграфічную. Мерыдыян пачатковы — мерыдыян, ад якога вядзецца адлік геагр. даўгаты; у міжнар. практыцы за пачатковы прыняты Грынвіцкі мерыдыян.

т. 10, с. 296

МЕРЫДЫЯ́Н МАГНІ́ТНЫ Зямлі,

праекцыя сілавой лініі геамагнітнага поля на паверхню Зямлі (гл. Магнітнае поле Зямлі). М.м. — складаныя крывыя, якія сыходзяцца ў паўн. і паўд. магнітных полюсах Зямлі. Плоскасць М.м. — верт. плоскасць, што праходзіць праз месца назірання і мае ў гэтым пункце вектар напружанасці геамагнітнага поля. Вугал паміж плоскасцю М.м. (у ёй размяшчаецца стрэлка магнітнага компаса) і плоскасцю геагр. мерыдыяна (гл. Мерыдыян зямны) у дадзеным пункце зямной паверхні наз. магнітным схіленнем.

т. 10, с. 297

МЕРЫДЫЯ́Н НЯБЕ́СНЫ,

вялікі круг нябеснай сферы, які праходзіць праз зеніт, надзір і полюсы свету. Падзяляе нябесную сферу на 2 часткі: усходнюю і заходнюю. Свяцілы, якія перасякаюць М.н., знаходзяцца ў найвышэйшым ці найніжэйшым становішчы.

т. 10, с. 297

МЕРЫ́МДЭ-БЕНІ́-САЛА́МЕ,

неалітычнае паселішча 4180 да н.э. на зах. беразе дэльты Ніла (Егіпет), за 51 км на ПнЗ ад Каіра. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Жыллём служылі ветравыя заслоны з трыснягу і хаціны-ямы. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным становішчы. Знойдзены крамянёвыя сярпы, наканечнікі стрэл, пірамідальныя і сферычныя булавы, прымітыўныя сякеры, прасліцы, рыбалоўныя кручкі, касцяныя прылады, упрыгожанні з гліны, слановай косці, ракавін і інш. Керамічны посуд нізкай якасці з дамешкам саломы, часта ўкрыты ангобам.

т. 10, с. 297

МЕРЫМЭ́ ((Mérimée) Праспер) (28.9.1803, Парыж — 23.9.1870),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1844). Скончыў Сарбону (1823). Першы твор — зб. аднаактовых п’ес «Тэатр Клары Газуль» (1825), аўтарства якіх прыпісваў прыдуманай ім ісп. пісьменніцы і актрысе. Містыфікацыяй у духу рамант. часу з’явіўся зб. празаічных балад «Гюзла...» (1827), якія выдаваў за паўд.-слав. фальклор. Гіст. драма «Жакерыя» (1828) пра антыфеад. сял. паўстанне 14 ст. ў Францыі. Асуджэнне рэліг. нецярпімасці і фанатызму ў гіст. рамане «Хроніка панавання Карла IX» (1829) пра трагічныя падзеі ў Варфаламееўскую ноч 1572. Пісаў навелы, адметныя маст. выразнасцю, псіхалагізмам, стылявой стрыманасцю і дакладнасцю, т.зв. экзатычныя («Матэа Фальконе», «Таманга», абедзве 1829; «Каломба», 1840; «Кармэн», 1845), на тагачасную франц. тэматыку («Этруская ваза», «Партыя ў трык-трак», абедзве 1830; «Двайная памылка», 1833; «Арсена Гіё», 1844), фантаст. («Венера Ільская», 1837; «Локіс», 1869). Аўтар даследаванняў па гісторыі мастацтва, л-ры, перакладчык твораў А.​Пушккіна, М.​Гогаля, І.​Тургенева. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.​Вольскі, З.​Жук, А.​Істомін, Н.​Мацяш, С.​Шупа. Многія навелы М. экранізаваны, на сюжэт навелы «Кармэн» напісана аднайм. опера Ж.​Бізэ. БДТ-1 паст. яго драму «Жакерыя» (1934), Бел. т-р імя Я.​Коласа — «Тэатр Клары Газуль» (1944).

Тв.:

Бел. пер. — Кармен. Мн., 1936;

Варфаламееўская ноч. Мн., 1938;

Жакерыя: Сцэны з феадальных часоў. Мн., 1940;

Навелы. Мн., 1990;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1983.

Літ.:

Фрестье Ж Проспер Мериме. М., 1987.

С.​Дз.​Малюковіч.

П.Мерымэ.

т. 10, с. 297

Мерынаў Уладзімір Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 428

МЕРЫНІ́ДЫ, Марыніды,

дынастыя берберскіх эміраў з племя бану-марын, якая правіла ў Марока ў 1269—1465. У 1248 у час праўлення Абу Ях’і [1244—58] занялі Фес і заснавалі незалежны эмірат; у 1269 захапілі Маракеш, скінулі дынастыю Альмахадаў і аб’ядналі пад сваёй уладай усю тэр. Марока. Найб. пашырэнне дзяржавы М. адбылося пры Абу-ль-Хасане [1331—51] і Абу Інане [1351—58], якія далучылі да яе тэрыторыі Сярэдні Магрыб, здзейснілі некалькі паходаў у Іспанію, Туніс (1347 і 1357). Дынастычныя спрэчкі і міжусобіцы падарвалі магутнасць М. У пач. 15 ст. частку іх тэрыторыі захапілі партугальцы. З 1420 ад імя М. краінай фактычна правілі Ватасіды (бакавая галіна М.), з 1465 да іх поўнасцю перайшла ўлада ў Марока.

т. 10, с. 297