МЕРЫНІ́ДЫ, Марыніды,
дынастыя берберскіх эміраў з племя бану-марын, якая правіла ў Марока ў 1269—1465. У 1248 у час праўлення Абу Ях’і [1244—58] занялі Фес і заснавалі незалежны эмірат; у 1269 захапілі Маракеш, скінулі дынастыю Альмахадаў і аб’ядналі пад сваёй уладай усю тэр. Марока. Найб. пашырэнне дзяржавы М. адбылося пры Абу-ль-Хасане [1331—51] і Абу Інане [1351—58], якія далучылі да яе тэрыторыі Сярэдні Магрыб, здзейснілі некалькі паходаў у Іспанію, Туніс (1347 і 1357). Дынастычныя спрэчкі і міжусобіцы падарвалі магутнасць М. У пач. 15 ст. частку іх тэрыторыі захапілі партугальцы. З 1420 ад імя М. краінай фактычна правілі Ватасіды (бакавая галіна М.), з 1465 да іх поўнасцю перайшла ўлада ў Марока.
т. 10, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)