МЕРЫ́МДЭ-БЕНІ́-САЛА́МЕ,

неалітычнае паселішча 4180 да н.э. на зах. беразе дэльты Ніла (Егіпет), за 51 км на ПнЗ ад Каіра. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Жыллём служылі ветравыя заслоны з трыснягу і хаціны-ямы. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным становішчы. Знойдзены крамянёвыя сярпы, наканечнікі стрэл, пірамідальныя і сферычныя булавы, прымітыўныя сякеры, прасліцы, рыбалоўныя кручкі, касцяныя прылады, упрыгожанні з гліны, слановай косці, ракавін і інш. Керамічны посуд нізкай якасці з дамешкам саломы, часта ўкрыты ангобам.

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)