Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАРЭ́М у біялогіі, устойлівая група самак вакол аднаго самца ў перыяд спароўвання. Уласцівы марскім млекакормячым — вушастым цюленям (коцікам, сівучу), марскім сланам, шэраму цюленю; зрэдку выкарыстоўваюць паняцце гарэм для некат. птушак, рукакрылых, многіх капытных. На аднаго палаваспелага самца ў гарэме прыпадае ад некалькіх асобін да дзесяткаў дарослых самак (у шэрага цюленя — 2—5, у секача паўн. марскога коціка да 50 самак). У жывёл, якія ўтвараюць гарэм, рэзка выяўлены палавы дымарфізм, асабліва ў памерах цела — самцы ў 2—4 разы большыя за самак.

т. 5, с. 80

ГАРЭ́НІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., на р. Клява (левы прыток р. Бярэзіна, бас. Дняпра), за 5 км на Пд ад г. Беразіно, каля в. Гарэнічы. Створана ў 1951, у 1972 рэканструявана. Пл. 1,08 км², даўж. 6 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 6,1 м. Аб’ём вады 1,24 млн. м³. Даўжыня берагавой лініі 15 км.

Моцнапраточнае, сярэднегадавы сцёк 94 млн. м³. Катлавіна выцягнутая. Берагі пад ворывам і сенажацямі, левы спадзісты, правы больш стромкі, выш. 1,5—2,5 м. Зарастае ў вярхоўі і каля берагоў. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, арашэння і як зона адпачынку.

т. 5, с. 80

ГАРЭ́ННЕ,

фізіка-хімічны працэс пераўтварэння рэчыва, які суправаджаецца інтэнсіўным вылучэннем энергіі, цепла- і масаабменам з навакольным асяроддзем і звычайна яркім свячэннем (полымем). Гарэнне ў адрозненне ад выбуху і дэтанацыі адбываецца з меншай скорасцю і без утварэння ўдарнай хвалі.

Аснова гарэння — экзатэрмічныя хім. рэакцыі, здольныя да самапаскарэння з-за назапашвання вылучанай цеплыні (цеплавое гарэнне) ці актыўных прамежкавых прадуктаў рэакцыі (ланцуговае гарэнне). Найб. шырокі клас рэакцый гарэння — акісленне вуглевадародаў (напр., пры гарэнні прыроднага паліва), вадароду, металаў і інш. Акісляльнікі — кісларод, галагены, нітразлучэнні, перхлараты. Асн. асаблівасць гарэння — здольнасць распаўсюджвання ў прасторы з-за нагрэву ці дыфузіі актыўных цэнтраў. Гарэнне можа пачацца самаадвольна (самазагаранне) ці ў выніку запальвання (полымем, эл. іскрай). Паводле агрэгатнага стану гаручага рэчыва і акісляльніку адрозніваюць гамагеннае (гарэнне газаў і газападобных рэчываў у асяроддзі газападобнага акісляльніку), гетэрагеннае (гарэнне вадкага ці цвёрдага паліва ў газападобным акісляльніку) і гарэнне выбуховых рэчываў і порахаў. Выкарыстоўваюць для вылучэння энергіі паліва ў тэхніцы (маторабудаванне, ракетная тэхніка) і цеплаэнергетыцы, атрымання мэтавых прадуктаў у тэхнал. працэсах (доменны працэс, металатэрмія і інш.). В.Л.Ганжа.

т. 5, с. 80

ГАРЭ́ЦКІ Гаўрыла Іванавіч

(10.4.1900, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.11.1988),

бел. геолаг, географ, эканаміст, грамадскі дзеяч; заснавальнік сав. школы палеапатамалогіі і бел. школы даследчыкаў антрапагену. Акад. АН Беларусі (1928), д-р геолага-мінералагічных н. (1946). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Брат М.І.Гарэцкага, бацька Р.Г.Гарэцкага. Скончыў Пятроўскую (Ціміразеўскую) акадэмію (1924). У 1922 арыштаваны органамі АДПУ. З 1924 выкладчык Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду (Масква). З 1925 дацэнт, заг. кафедры Бел. с.-г. акадэміі. З 1927 дырэктар арганізаванага ім Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. У 1925—28 правадз. член, з 1927 член прэзідыума Інбелкульта. У канцы 1930 арыштаваны, у 1931 асуджаны па справе Працоўнай сял. партыі на высылку за межы Беларусі. З 1931 у інж.-геал. экспедыцыях Беламорбуда і Туломбуда НКУС. У 1934 вызвалены. У 1937 і 1938 зноў арыштаваны. У Вял. Айч. вайну гал. геолаг Галоўабаронбуда пад Масквой і Ленінградам. З 1944 у Гідрапраекце СССР. У 1958 рэабілітаваны, у 1965 адноўлены ў званні акадэміка АН Беларусі. З 1968 на Беларусі, стварыў і ўзначаліў (да 1985) аддзел (з 1977 лабараторыя) геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену Ін-та геахіміі і геафізікі АН Беларусі (цяпер Ін-т геал. навук АН), з 1985 навук. кансультант. Навук. працы па геалогіі антрапагену і інж. геалогіі. Праводзіў геал. даследаванні пры праектаванні і буд-ве гідратэхн. збудаванняў (Беламорска-Балтыйскі, Волга-Данскі і Сальскі каналы, Ніжне- і Верхнетуломская, Горкаўская, Цымлянская, Кіеўская, Кахоўская і інш. ГЭС, Сарпінская абвадняльная і арашальная сістэма, Рыбінскі і Салікамскі гідравузлы і інш.). Вывучаў геалогію Карэліі, Кольскага п-ва, басейнаў Волгі, Дона, Дняпра і Нёмана, даследаваў стараж. рэкі і археал. стаянкі, распрацоўваў вучэнне аб фацыях алювію, краявых ледавіковых утварэнняў і ледавіковых лагчын, лёсавых і паводкава-ледавіковых адкладаў. Аўтар прац па эканоміцы, рус.-бел. (1918) і маскоўска-бел. (1921) слоўнікаў (разам з М.Гарэцкім), успамінаў пра М.Гарэцкага, Я.Купалу, Я.Коласа, М.Горкага, Інбелкульт. Дзярж. прэмія СССР 1971. Дзярж. прэмія БССР 1986. Яго імем названы многія віды выкапнёвых раслін і жывёл.

Тв.:

Народны прыбытак Беларусі. Мн., 1926;

Аллювий великих антропогеновых прарек Русской равнины. Прареки Камского бассейна. М., 1964. Формирование долины р. Волги в раннем и среднем антропогене. Аллювий Пра-Волги. М., 1966;

Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра. М., 1970;

Асноўныя вынікі вывучэння антрапагену Беларусі ў Акадэміі навук БССР // Даследаванні антрапагену Беларусі. Мн., 1978;

Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). Мн., 1980;

Палеопотамологические эскизы Палео-Дона и Пра-Дона. Мн., 1982.

Літ.:

Бібліяграфія навуковых прац акадэміка АН БССР Г.І.Гарэцкага. Мн., 1980.

Т.В.Якубоўская.

т. 5, с. 80

ГАРЭ́ЦКІ Максім Іванавіч

(18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),

бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац. маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ. «Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ. «Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.

Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел. літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб. тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац. АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1973;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1984—1986;

Творы. Мн., 1990.

Літ.:

Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;

Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;

Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;

Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;

Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;

Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;

Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;

Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.

М.І.Мушынскі.

т. 5, с. 81

ГАРЭ́ЦКІ Пятро Ігнатавіч

(26.6.1919, в. Максімільянаўцы Данецкай вобл., Украіна — 17.3.1997),

украінскі паэт. Скончыў Ужгарадскі ун-т (1956). Друкуецца з 1937. Аўтар зб-каў вершаў «Дружба» (1948), «Мая любоў» (1957), «Вечнае цяпло» (1973), «Асеннія пракосы» (1979), «З дарог жыцця» (1982), «Зачараванне» (1986), у якіх паэтызаваў будні новай сав. рэчаіснасці, прыгажосць і шматграннасць роднай прыроды. Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Астрэйкі, П.Броўкі, А.Бялевіча, П.Глебкі, П.Прыходзькі, М.Танка і інш. На бел. мову творы Гарэцкага пераклалі Р.Барадулін, А.Вярцінскі, Х.Жычка, М.Калачынскі, У.Паўлаў, П.Прыходзька, А.Пысін, Ю.Свірка, Я.Семяжон і інш.

Тв.:

Бел. пер. — З дняпроўскіх круч. Мн., 1969.

В.А.Чабаненка.

т. 5, с. 81

ГАРЭ́ЦКІ Радзім Гаўрылавіч

(н. 7.12.1928, Мінск),

бел. геолаг, грамадскі дзеяч; заснавальнік бел. школы тэктаністаў. Акад. АН Беларусі (1977, чл.-кар. 1972), д-р геолага-мінералагічных н. (1969), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Замежны чл. Расійскай АН (1994). Чл. Амер. геафіз. саюза (1993). Сын Г.І.Гарэцкага. Скончыў Маскоўскую акадэмію нафты і газу (1952). Працаваў у геал. ін-це АН СССР (Масква). З 1971 у Ін-це геал. навук АН Беларусі: заг. лабараторыі, у 1972—93 дырэктар, з 1995 ганаровы дырэктар. У 1992—97 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. З 1995 заг. кафедры БДУ. Навук. працы па тэктоніцы маладых і стараж. платформаў Еўразіі, геадынаміцы, стратыграфіі, палеагеаграфіі, геафізіцы, геалогіі нафтагазаносных басейнаў і інш. тэр. Казахстана, Сярэдняй Азіі, Беларусі, Прыбалтыкі, Зах. Еўропы. Адкрыў Базайскае радовішча газу ў Зах. Казахстане. Адзін са стваральнікаў тэктанічных картаў Еўразіі (1966), Беларусі (1976), міжнар. Паўд.-Зах. краю Усх.-Еўрап. платформы (1986). Прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Старшыня Бел. геал. т-ва. Гал. рэдактар часопіса «Літасфера». Дзярж. прэмія СССР 1969. Дзярж. прэмія Беларусі 1978. Яго імем названы некалькі відаў выкапнёвых арганізмаў.

Тв.:

Тектоника Туранской плиты. М., 1966 (у сааўт);

Тектоника Евразии. М., 1966 (у сааўт.);

Тектоника молодых платформ Евразии. М., 1972 (у сааўт.);

Тектоника Белоруссии. Мн., 1976 (у сааўт.);

Тектоника запада Восточно-Европейской платформы. Мн., 1990 (у сааўт.).

Літ.:

Р.Г.Гарецкий: Биобиблиогр. указ. Мн., 1988.

Т.В.Якубоўская.

т. 5, с. 82

ГАРЭ́ЦКІ Фадзей Антонавіч

(5.5.1825, в. Дусяняты Віленскага пав., Літва — 31.1.1868),

жывапісец. Вучыўся ў Вільні ў В.Ваньковіча, у Пецярбургскай АМ (1841—50) у К.Брулова. У 1843—47 дапамагаў Брулову ў выкананні размалёвак Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу (альфрэска). У 1848—49 і 1855 жыў на Віцебшчыне. У 1850—54 пенсіянер АМ за мяжой (Італія, Іспанія, Галандыя), выконваў копіі класічных карцін. Пасля 1856 жыў пераважна ў Парыжы, у 1867 прыязджаў у Вільню і Пецярбург. Аўтар карцін: «Унутраны перспектыўны від Лютэранскай царквы св. Пятра» (1842), «Сляпы жабрак з павадыром» (1843), «Споведзь маладой дзяўчыны ў ксяндза» (1845), «Хрыстос благаслаўляе дзяцей» (1848), «Перспектыўны від Альгамбры», «Пілігрымы», «Апошняе прычашчэнне» (усе 1850-я г.; за апошнія тры ў 1854 атрымаў званне акадэміка), партрэтаў Л.Гарэцкага (1843), А.Міцкевіча (1847), адваката Палаўскага (1848), архіепіскапа Дмахоўскага (канец 1840-х г.), П.Клота (1850), аўтапартрэта і інш.

т. 5, с. 82