Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРАЎН

(Braun) Аляксандр (10.5.1805, г. Рэгенсбург, Германія — 29.3.1877),

нямецкі батанік. Чл. Германскай акадэміі «Леапальдзіна», Парыжскай АН. Вучыўся ў Гайдэльбергу (1824—31) і Парыжы (1831—32). Праф. Політэхн. школы ў Карлсруэ (1833—46), праф. і дырэктар Бат. саду ў Фрэйбургскім ун-це (1846—51), з 1851 — у Берліне. Навук. працы па вывучэнні будовы і развіцця прэснаводных зялёных водарасцяў, папарацепадобных; даследаваў партэнагенез і поліэмбрыянію ў раслін. Прыхільнік параўнальнага і антагенетычнага кірункаў у марфалогіі. На падставе марфал. прыкмет прапанаваў сваю філагенетычную сістэму, якая легла ў аснову сістэм ням. вучоных А.Эйхлера і А.Энглера.

т. 3, с. 250

БРАЎН

(Braun) Вернер фон (23.3.1912, г. Выжыск, Польшча — 5.6.1977),

канструктар ракетнай і касм. тэхнікі. Вучыўся ў Цюрыхскім і Берлінскім тэхнал. ін-тах, Берлінскім ун-це. Гал. канструктар балістычнай ракеты «Фау-2», якая выкарыстана для абстрэлу Вялікабрытаніі і Нідэрландаў у час 2-й сусв. вайны. Адзін з кіраўнікоў ваен. даследчага ракетнага цэнтра Германіі ў Пенемюндзе (1937—45). З 1945 у ЗША, дзе ўзначальваў Службу праектавання і распрацоўкі ўзбраення арміі ЗША. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны ракеты «Рэдстоўн», ракеты-носьбіты «Юпітэр», «Сатурн», ШСЗ «Эксплорэр», касм. караблі «Апалон».

т. 3, с. 250

БРАЎН

(Brown) Герберт Чарлз (н. 22.5.1912, Лондан),

амерыканскі хімік. Чл. Нацыянальнай АН ЗША (1957). Скончыў Чыкагскі ун-т (1936), дзе і працаваў. З 1943 праф. у розных ун-тах ЗША. Навук. працы па хіміі бору. Адкрыў рэакцыю гідрабарыравання ненасычаных вуглевадародаў (1959). Распрацаваў колькасныя метады вывучэння стэрычнага напружання малекул. Нобелеўская прэмія 1979.

Літ.:

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 68.

т. 3, с. 250

БРАЎН

(Brown) Джон (9.5.1800, г. Торынгтан, штат Канектыкут, ЗША — 2.12.1859),

адзін з лідэраў абаліцыянісцкага руху ў ЗША (гл. Абаліцыянізм). У 1855—56 арганізаваў узбр. барацьбу супраць рабаўладальнікаў у штаце Канзас. Распрацаваў план стварэння ў Алеганскіх гарах (штат Віргінія) свабоднай рэспублікі, склаў праект яе дэмакр. «Часовай канстытуцыі». З мэтай ажыццяўлення плана 16.10.1859 Браўн з узбр. атрадам захапіў урадавы арсенал у Харперс-Феры. Атрад быў знішчаны, загінулі 2 сыны Браўна, а ён сам, цяжка паранены, быў арыштаваны і павешаны. Паўстанне Браўна папярэднічала Грамадзянскай вайне ў ЗША 1861—65.

т. 3, с. 250

БРАЎН,

Броўн (Brown) Джордж (у манастве Юзаф; 1.6.1801—31.12.1879), гісторык, бібліёграф, педагог. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Пецярбурга і Полацка, Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1817 уступіў у ордэн езуітаў. З 1820 выкладаў тэалогію ў езуіцкіх калегіумах Цярнопаля і Львова. У 1861—70 супрацоўнічаў з час. «Tygodnik katolicki» («Каталіцкі штотыднёвік»), у якім друкаваў артыкулы па гісторыі Беларусі. Вывучаў гісторыю ордэна езуітаў на Беларусі і ў Польшчы. Стварыў біябібліягр. слоўнік на лац. мове «Бібліятэка пісьменнікаў польскай часткі таварыства Ісуса» (1856). Напісаў на лац. мове гісторыю езуітаў на Беларусі (не апубл., рукапіс захоўваецца ў архіве езуітаў у Рыме).

В.Ф.Шалькевіч.

т. 3, с. 250

БРАЎН

(Brown) Майкл Сцюарт (н. 13.4.1941, Нью-Йорк),

амерыканскі генетык. Чл. Нац. АН ЗША, Амерыканскай акадэміі навук і мастацтва. Скончыў Пенсільванскі ун-т (1962). Д-р медыцыны (1966). З 1968 у Нац. ін-це артрытаў і абменных хвароб, з 1971 праф. у Тэхаскім ун-це, у 1980 г. дырэктар Цэнтра генет. хвароб у Паўд.-Зах. мед. школе Тэхаскага ун-та. Навук. працы ца механізме транспарту ліпідаў і рэгуляцыі халестэрынавага абмену ў арганізме чалавека і жывёл. Нобелеўская прэмія 1985 (разам з Дж.Л.Голдстайнам).

т. 3, с. 251

БРАЎН

(Braun) Маціяш Бернард (25.2.1684, Эц, зямля Ціроль, Аўстрыя — 15.2.1738),

чэшскі скульптар. Прадстаўнік барока. Вучыўся ў Італіі, зазнаў уплыў Л.Берніні. Працаваў у Зальцбургу, з 1710 — у Празе. Асн. работы: скульпт. група з св. Луітгардай на Карлавым мосце (1710) і скульпт. аздабленне касцёла св. Клемента (1715—21) у Празе; скульпт. кампазіцыі касцёла і шпіталя, дэкар. статуі ў сядзібе Куке (каля Двур-Кралаве, 1712—19, 1726—29), скульптуры партала замка ў Канапішце (1720-я г.), статуя імператара Карла VI у Ярамержы (пасля 1724), св. Войцех на галоўным алтары касцёла ў Бенешаве (Чэхія, каля 1730).

Я.Ф.Шунейка.

т. 3, с. 251

БРАЎН Мікалай Леапольдавіч

(15.1.1902, с. Парахіна Арсеньеўскага р-на Тульскай вобл. — 12.2.1975),

рускі паэт. Скончыў Ленінградскі пед. ін-т (1929). У зб-ках «Даліны Радзімы маёй» (1947), «Жывапіс» (1963), «Вехі часу» (1971), «Да вяршыні веку» (1975) адлюстраваў жыццё Радзімы, яе гісторыю, прыгажосць роднай зямлі. Пераклаў на рус. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ф.Багушэвіча, П.Глебкі, А.Куляшова, М.Танка, П.Панчанкі, В.Таўлая і інш. На бел. мову творы Браўна пераклалі А.Бялевіч, А.Бачыла, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, А.Зарыцкі, М.Калачынскі, Ю.Свірка.

Тв.:

Избранное. Т. 1—2. Л., 1972;

Бел. пер. — Ленінградскае неба. Мн., 1977;

У кн.: Прызнанне: Вершы паэтаў Ленінграда. Мн., 1979.

Літ.:

Филиппов Г. Николай Браун: Жизнь и поэзия. Л., 1981.

т. 3, с. 251

БРА́ЎНЕР

(Brauner) Багуслаў (8.5.1855, Прага — 15.2.1935),

чэшскі хімік, заснавальнік чэшскай хім. школы. Вучыўся ў Пражскай тэхн. школе. У 1882—1925 працаваў у Пражскім ун-це (з 1897 праф.). Навук. працы па пацвярджэнні і далейшым развіцці перыяд. закону Дз.І.Мендзялеева. Даказаў (1884) двухвалентнасць берылію. Устанавіў атамныя масы рэдказямельных элементаў (1903) і вызначыў іх месца ў перыяд. сістэме.

Літ.: Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Е.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 68.

т. 3, с. 251

БРА́ЎНІНГ

(Browning) Роберт (7.5.1812, Лондан — 12.12.1889),

англійскі паэт. Першая паэма «Паліна» (1833). Пра подзвіг служэння людзям паэмы «Парацэльс» (1835), «Сардэла» (1840). Вядомасць прынеслі драм. паэма «Піпа праходзіць» (1841), зб-кі «Драматычная лірыка» (1842), «Драматычныя паэмы» (1845). У 1846 пасяліўся ў Італіі. Там напісаў зб. «Мужчыны і жанчыны» (1855), псіхал. паэму «Пярсцёнак і кніга» (1868—69). Выкарыстоўваў форму драм. маналога, адметнага экспрэсіяй пачуццяў і філас. глыбінёй думкі (маналогі «Фра Ліпа Ліпі», «Андрэа дэль Сарта», абодва 1855). Зб. «Драматычныя ідыліі» (1879—80) склалі літ. стылізацыі. Аб’яднаў у сваёй творчасці эстэт. прынцыпы рамантызму і рэалізму (маст. маніфест «Пра паэта, аб’ектыўнага і суб’ектыўнага, аб мэтах апошняга, пра Шэлі, чалавека і паэта», 1851).

Тв.:

У кн.: Дьяконова Н.Я., Амелина Т.А. Хрестоматия по английской литературе XIX века. Л., 1978. С. 164—170;

Рус. пер. — у кн.: Английская поэзия в русских переводах XIV—XIX в. М., 1981. С. 418—425.

Літ.:

Клименко Е.И. Творчество Р.Браунинга. Л., 1967.

П.М.Саркісава.

т. 3, с. 251