Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕН-ЖУСТ ((Saint-Just) Луі Антуан Леон дэ) (25.8.1767, г. Дэсіз, Францыя — 28.7.1794),

дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99, паплечнік М.​Рабесп’ера. Вывучаў права ў Рэймсе. У 1792 выбраны ў Канвент, дзе далучыўся да якабінцаў. Удзельнічаў у распрацоўцы праекта якабінскай канстытуцыі 1793. Быў членам К-та грамадскага выратавання, гал. абвінаваўцам жырандзістаў, эбертыстаў і дантаністаў. Паводле прапановы С.-Ж. Канвент прыняў 10.10.1793 рашэнне пра стварэнне рэв. ўрада. У якасці камісара Канвента знаходзіўся ў Рэйнскай (канец 1793) і Паўночнай (лета 1794) арміях, садзейнічаў рэарганізацыі рэв. узбр. сіл. Па яго ініцыятыве Канвент прыняў Вантозскія дэкрэты (1794), якія прадугледжвалі канфіскацыю маёмасці ў асоб, прызнаных ворагамі рэвалюцыі, і размеркаванне яе паміж немаёмнымі патрыётамі. У працы «Фрагменты аб рэспубліканскіх установах» (выд. ў 1800) прапанаваў праект арганізацыі грамадства, пабудаванага на прынцыпах бурж. дэмакратыі. Пасля Тэрмідарыянскага перавароту пакараны смерцю на гільяціне.

т. 14, с. 328

СЕН-ЖЭРМЕ́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919,

адзін з дагавораў, падпісаны дзяржавамі-пераможцамі (ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Італіяй, Японіяй і інш.) у 1-й сусв. вайне 1914—18 з Аўстрыяй 10 вер. ў г. Сен-Жэрмен-ан-Ле (каля Парыжа). Дагавор зафіксаваў распад Аўстра-Венгерскай імперыі пасля паражэння ў вайне і стварэнне на яе тэр. шэрагу самастойных дзяржаў: Аўстрыйскай рэспублікі, Венгрыі, Чэхаславакіі і Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Паводле дагавора Аўстрыі забаронена мець ваен. авіяцыю і ваен. флот, аб’яднанне з Германіяй; армія абмяжоўвалася колькасцю ў 30 тыс. чал. Аўстрыя абавязалася выплачваць рэпарацыі. Частка зямель імперыі перададзена Італіі (Паўд. Ціроль). Паўн. Букавіна — Румыніі, Закарпацце — Чэхаславакіі. С.-Ж.м.д. адлюстраваў змены ў Еўропе, што адбыліся ў выніку распаду Аўстра-Венгрыі. Разам з тым яго ўмовы, навязаныя дзяржавамі Антанты, стваралі падставы для міжнар. і міжнац. канфліктаў. Аншлюс Аўстрыі ў 1938 і інш. акты фаш. агрэсіі напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны 1939—45 азначалі гвалтоўную ліквідацыю ўмоў С.-Ж.м.д. і звязаных з ім інш. дагавораў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.

т. 14, с. 328

СЕН-КАНТЭ́Н (Saint-Quentin),

горад на Пн Францыі, на р. Сома і Сен-Кантэнскім канале. Вядомы да н.э., стараж. гальскі горад. Каля 100 тыс. ж. (2001). Чыг. ст., вузел аўтадарог, рачны порт. Прам-сць: баваўняная (адзін з гал. цэнтраў краіны), эл.-тэхн., трансп. машынабудаванне. У раёне С.-К. — маст. промыслы (выраб карункаў, гардзін, бялізны). Маст. музей.

т. 14, с. 329

СЕН-ЛЕО́Н (Saint-Léon) Арцюр [сапр. Мішэль

(Michel) Шарль Віктор Арцюр; 17.9.1821, Парыж — 2.9.1870], французскі танцоўшчык, балетмайстар, педагог, скрыпач. Вучыўся танцу ў бацькі — Л.​Мішэля, ігры на скрыпцы — у Н.​Паганіні. Дэбютаваў як танцоўшчык у Мюнхене (1835). З 1837 гастраліраваў у краінах Еўропы. Бліскуча выконваў класічныя і характарныя партыі. Яго танец адметны элегантнасцю і тонкім густам, пластычнай арнаментыкай і глыбокім зместам. У 1847 выступіў у Парыжы ў «Гранд-апера» як харэограф і выканаўца (балет «Мармуровая прыгажуня» Ц.​Пуні). З 1854 балетмайстар у Лісабоне, з 1859 гал. балетмайстар у Пецярбургу і пастаянна працаваў у Маскве. Сярод яго пастановак найб. вядомы балеты на музыку Пуні («Скрыпка д’ябла», паст. 1849; «Грацыэла», паст. 1860; «Сірата Тэалінда», паст. 1862),

Л.​Мінкуса («Фіямета», паст. 1864), Л.​Дэліба («Ручай», паст. 1866; «Капелія», паст. 1870) і інш. Стваральнік арыгінальнай сістэмы запісу танца — «Сценахарэаграфія».

Літ.:

Красовская В. Русский балетный театр второй половины XIX в. Л.;

М., 1963.

С.​В.​Гуткоўская.

т. 14, с. 329

СЕН-МАЛО́ (Saint-Malo),

заліў праліва Ла-Ман ш каля паўн. берагоў Францыі паміж п-вамі Брэтань і Катантэн. Даўж. 110 км, шыр. каля ўвахода да 125 км, глыб. да 51 м. Прылівы паўсутачныя (да 15 м). Упадае р. Ранс, у вусці якой прыліўная эл.-станцыя (пабудавана ў 1967). Парты: Гранвіль, Сен-Мало.

т. 14, с. 329

СЕН-П’ЕР (Saint-Pierre),

горад, адм. ц. франц. ўладання Сен-П’ер і Мікелон, на ўсх. беразе в-ва Сен-П’ер. Каля 6 тыс. ж. (2001). Марскі порт. Аэрапорт. Цэнтр рыбалоўства і рыбаперапр. прам-сці.

т. 14, с. 331

СЕН-П’ЕР І МІКЕЛО́Н (Saint-Pierre et Miquelon),

уладанне Францыі ў Атлантычным ак., на Пд ад в-ва Ньюфаўндленд. Складаецца з 8 астравоў, найб. з якіх Мікелон (пл. 216 км²) і Сен-П’ер (пл. 25 км²). Агульная пл. 242 км². Нас. 6,9 тыс. чал. (2000), нашчадкі франц. пасяленцаў з Нармандыі і Брэтані. Афіц. мова французская. Вернікі пераважна католікі. Адм., асноўны эканам. цэнтр і порт — г. Сен-П’ер. Астравы раўнінныя і ўзгорыстыя, выш. да 240 м (г. Гранд-Мантань на в-ве Мікелон). Клімат умераны марскі, вільготны. Сярэдняя т-ра ліп. 14 °C, лютага -3 °C. За год выпадае больш за 1400 мм ападкаў. У раслінным покрыве пераважаюць таежныя лясы з елкі, забалочаныя лугі, тарфяныя сфагнавыя балоты. Аснова гаспадаркі — рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Валавы ўнутр. прадукт 74 млн. дол., каля 11 тыс. дол. на 1 чал. (1996). Прыбярэжная лоўля рыбы. У г. Сен-П’ер халадзільнікі і прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы (сушка, саленне, вэнджанне, вытв-сць кансерваў, рыбнай мукі і тлушчу); прадпрыемствы па рамонце рыбалавецкіх суднаў і рыштунку, абслугоўванне рыбалавецкіх суднаў і інш. Ёсць асобныя лесанарыхтоўчыя і дрэваапр. прадпрыемствы. Мясц. значэнне мае харч. (хлебапякарная, безалкагольных напіткаў) і лёгкая прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 39 млн. кВтгадз (1996). На некалькіх звераводчых фермах вырошчваюць серабрыстых лісоў і норак. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 3 тыс. га зямлі. Пераважае жывёлагадоўля, гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Земляробства абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Найб. развіта вырошчванне агародніны і бульбы. Транспарт марскі, аўтамаб., авіяцыйны. Усе знешнегандл. сувязі адбываюцца праз порт Сен-П’ер, на астравах 114 км аўтадарог, у т. л. 69 км з цвёрдым пакрыццём; 2 аэрадромы, у т. л. міжнар. на в-ве Сен-П’ер (паветраная сувязь пераважна з Канадай). Замежны турызм (пераважна з Канады, ЗША Францыі). Экспарт — рыба, рыбапрадукты і пушніна; імпарт — харч. і прамысл. тавары, паліва і інш. Уладанне атрымлівае эканам. дапамогу Францыі. Грашовая адзінка — франц. франк.

У пач. 16 ст. С.-П. і М. наведвалі нармандскія, гасконскія і брэтонскія рыбакі. У 1536 франц. мараплавец Ж.​Карцье абвясціў астравы ўладаннем Францыі. Уваходзіла ў склад франц. калоніі Квебек. Пасля страты Квебека ў сярэдзіне 18 ст. — адзінае франц. ўладанне ў Паўн. Амерыцы; канчаткова замацаваны за Францыяй у 1816. З 1946 заморская тэрыторыя Францыі, з 1976 — заморскі дэпартамент, з 1985 — тэр. адзінка Францыі.

т. 14, с. 331

СЕН-САНС ((Saint-Saëns) Шарль Каміль) (9.10.1835, Парыж — 16.12.1921),

французскі кампазітар, піяніст, дырыжор, муз. крытык, педагог. Чл. Ін-та Францыі (1881), ганаровы д-р Кембрыджскага ун-та (1893), ганаровы чл. Пецярб. аддз. Рус. муз. т-ва (1909). З 1848 вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ф.​Бенуа (арган), Ф.​Галеві (кампазіцыя). У 1853—77 арганіст у саборах Парыжа, адначасова выкладаў у нідэрмеераўскай Школе духоўнай музыкі. Канцэртаваў (у асн. са сваімі творамі) як піяніст, арганіст і дырыжор у многіх краінах, у т. л. ў Расіі (1875, 1887). Аддаваў перавагу сімф. і камерна-ансамблевай музыцы, якая вызначалася гарманічнасцю, арганізаванасцю і інтэлектуальнасцю, а аркестроўка — яснасцю і празрыстасцю каларыту. Развіваў традыцыі рамант. праграмнага сімфанізму Ф.​Ліста і Г.​Берліёза, імкнуўся да выяўленчасці, тэатральнасці і праграмнасці. Аўтар 12 опер, у т. л. «Самсон і Даліла» (паст. 1877), «Генрых VIII» (1883), «Асканіо» (1890); балета «Жавота» (1896); 3 араторый, 4 кантат, «Урачыстай месы» (1856), Рэквіем (1878); 3 сімфоній (1852, 1859, 1886 з арганам), сімф. паэм, у т. л. «Танец смерці» (1874); фантазіі для арк. «Карнавал жывёл» (1886, у ёй п’еса «Лебедзь») і інш. Яго эстэт. погляды адлюстраваны ў зб-ках «Гармонія і мелодыя» (1885), «Партрэты і ўспаміны» (1899) і інш. Сярод вучняў — Г.Фарэ, А.​Месажэ.

Літ.:

Кремлев Ю. Каміль Сен-Санс. М., 1970.

І.​Ю.​В’югінава.

т. 14, с. 331

СЕН-СІМО́Н (Saint-Simon) Клод Анры дэ Руўруа

(de Rouvroy; 17.10.1760, Парыж — 19.5.1825),

французскі мысліцель, сацыёлаг, адзін з заснавальнікаў утапічнага сацыялізму. Са стараж. роду франц. арыстакратаў. Вучань Ж.​Л.​Д’Аламбера. Удзельнік вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83. У гады франц. рэвалюцыі 1789—94 далучыўся да якабінцаў, але потым адышоў ад іх. З 1797 займаўся навук. дзейнасцю. Асн. творы: «Пісьмы жэнеўскага жыхара да сучаснікаў» (1803), «Аб прамысловай сістэме» (1821), «Катэхізіс прамыслоўцаў» (1823—24), «Новае хрысціянства» (1832), «Нарыс навукі пра чалавека», «Праца пра сусветнае прыцяжэнне» (абодва 1859). Паводле С.-С., грамадства ў сваім развіцці праходзіць шэраг ступеняў — ад першабытнай праз рабства да феад.-саслоўнага ладу. Рухаючай сілай яго выступаюць ідэі (рэліг., метафіз., навук.) і «індустрыя» (эканам. дзейнасць людзей). Кожная ступень грамадства характарызуецца стваральнай («арганічнай») і разбуральнай («крытычнай») стадыямі. На «крытычнай» стадыі феад.-саслоўная сістэма замяняецца новай, т.зв. «прамысловай сістэмай», якая грунтуецца на навук. ведах, планаванні гаспадаркі, размеркаванні па здольнасцях, абавязковай для ўсіх грамадзян працы і г.д. У якасці базавых прынцыпаў функцыянавання ідэальнага грамадства С.-С. прапанаваў навук. арг-цыю працы, адмену права на спадчыну, грамадскую лесвіцу, як строгую «іерархію здольнасцей». Лічыў, што ў выніку радыкальных пераўтварэнняў у паліт. і эканам. сферах мірным шляхам будуць створаны неабходныя ўмовы для развіцця індывід. здольнасцей кожнага чалавека ў адпаведнасці з яго прыродай, будзе выключана магчымасць эксплуатацыі чалавека чалавекам, сфарміруецца адзіны клас — «індустрыялаў»; важную ролю ў пераадольванні сац. супярэчнасцей, кансалідацыі розных сац. слаёў будзе адыгрываць новая рэлігія — «новае хрысціянства».

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. М.;

Пг., 1923;

Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1948.

Літ.:

Плеханов Г.В. Французский утопический социализм XIX в. // Избр. филос. произв. М., 1957. Т. 3;

Волгин В.П. Сен-Симон и сен-симонизм. М., 1961;

Кучеренко Г.С. Сен-симонизм в общественной мысли XIX в. М., 1975.

Т.​І.​Адула.

А.Сен-Сімон.

т. 14, с. 332

СЕН-СІР, Гуўён-Сен-Сір (Gouvion-Saint-Cyr) Ларан (17.7.1764, г. Туль, Францыя — 17.3.1830), французскі ваенны і дзярж. дзеяч, маршал Францыі (1812). З 1792 у рэсп. арміі, ген. (1794). Удзельнік войнаў супраць 1-й (1793—97), 2-й (1798—1801) і 3-й (1805) антыфранц. кааліцый, вайны ў Іспаніі (1808—09). У вайну 1812 камандаваў 6-м (баварскім) корпусам. Пасля Віленскай аперацыі 1812 яго корпус разам з 2-м увайшоў у асобную вайск. групу пад камандаваннем Н.​Ш.​Удзіно. У час Полацкіх бітваў 1812 паранены С.-С. замяніў цяжкапараненага Удзіно, атрымаў перамогу і прымусіў рускіх адступіць. 18—20 кастр. ён зноў паранены, перадаў камандаванне 2-м і 6-м карпусамі ген. К.​Ж.​Леграну. З-за нязгоды ген. Врэдэ (камандуючы 6-м корпусам) падпарадкавацца Леграну 24 кастр. баварскае войска было разбіта каля в. Бабынічы. С.-С. зноў прыняў камандаванне і злучыўся 30 кастр. з 9-м корпусам маршала К.​Віктора ў раёне Чашнікаў, здаў яму камандаванне і пакінуў армію. У перыяд рэстаўрацыі каралеўскай улады на каралеўскай службе, ваенны (1815 і 1817—19) і марскі (1817) міністр. Аўтар успамінаў (т. 1—4, 1831).

В.​В.​Антонаў.

т. 14, с. 332