СЕН-ЖУСТ ((Saint-Just) Луі Антуан Леон дэ) (25.8.1767, г. Дэсіз, Францыя — 28.7.1794),
дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99, паплечнік М.Рабесп’ера. Вывучаў права ў Рэймсе. У 1792 выбраны ў Канвент, дзе далучыўся да якабінцаў. Удзельнічаў у распрацоўцы праекта якабінскай канстытуцыі 1793. Быў членам К-та грамадскага выратавання, гал. абвінаваўцам жырандзістаў, эбертыстаў і дантаністаў. Паводле прапановы С.-Ж. Канвент прыняў 10.10.1793 рашэнне пра стварэнне рэв. ўрада. У якасці камісара Канвента знаходзіўся ў Рэйнскай (канец 1793) і Паўночнай (лета 1794) арміях, садзейнічаў рэарганізацыі рэв. узбр. сіл. Па яго ініцыятыве Канвент прыняў Вантозскія дэкрэты (1794), якія прадугледжвалі канфіскацыю маёмасці ў асоб, прызнаных ворагамі рэвалюцыі, і размеркаванне яе паміж немаёмнымі патрыётамі. У працы «Фрагменты аб рэспубліканскіх установах» (выд. ў 1800) прапанаваў праект арганізацыі грамадства, пабудаванага на прынцыпах бурж. дэмакратыі. Пасля Тэрмідарыянскага перавароту пакараны смерцю на гільяціне.
т. 14, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)