Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БАЗА́ЛЬТ (лац. basaltes ад грэч. basanos пробны камень),

кайнатыпная асноўная горная парода, эфузіўны аналаг габра. Складаецца пераважна з плагіяклазу, манакліннага піраксену, алівіну, вулканічнага шкла і акцэсорных мінералаў — магнетыту, ільменіту, апатыту і інш. Цёмнага колеру, звычайна няпоўнакрышт., часта парфіравай структуры. Поўнакрышт. базальты — далерыты, са шклістай структурай — гіялабазальты і тахіліты. Трываласць на сцісканне да 400 МПа, шчыльн. 2520—2970 кг/м³, т-ра плаўлення 1100—1250 °C. Базальты займаюць агромністыя плошчы дна акіянаў і велізарныя (тыс. км²) тэрыторыі мацерыкоў (трапы), утвараюць лавы многіх вулканаў. На Беларусі ёсць на ПдЗ у адкладах валынскай серыі верхняга дакембрыю (у Брэсцкай упадзіне). Выкарыстоўваецца ў каменналіцейнай прам-сці; каштоўны буд., абліцовачны, эл.-ізаляцыйны і кіслотатрывалы матэрыял.

т. 2, с. 218

БАЗА́ЛЬТАВАЕ ЛІЦЦЁ,

гл. Каменнае ліццё.

т. 2, с. 218

БАЗА́Р ((Bazard) Сент-Аман) (19.9.1791, Парыж — 29.7.1832),

французскі сацыяліст-утапіст. Пасля рэстаўрацыі Бурбонаў у Францыі адзін з кіраўнікоў тайнай арг-цыі карбанарыяў. За ўдзел у паўстанні ў Кальмары і Бельфоры (1821) завочна прыгавораны да пакарання смерцю. З 1825 займаўся прапагандай і далейшай распрацоўкай ідэй Сен-Сімона. У 1828—29 выдаў кнігу «Выкладанне вучэння Сен-Сімона». У сен-сіманісцкай рэліг. суполцы займаў, разам з Анфантэнам, становішча першасвяшчэнніка.

т. 2, с. 218

БАЗАРДАРЫ́НСКІ ХРЫБЕ́Т,

гл. Паўночна-Алічурскі хрыбет.

т. 2, с. 218

БАЗАРДЗЮЗЮ́,

вяршыня Галоўнага, або Водападзельнага, хрыбта Вял. Каўказа, на мяжы Азербайджана і Дагестана. Выш. 4466 м. Складзена з гліністых сланцаў і парфірытаў. Укрыта вечным снегам і невял. ледавікамі.

т. 2, с. 218

БАЗАРСАДА́ЕЎ (Кім Іванавіч) (н. 22.4.1937, с. Ачынскае Чыцінскай вобл.),

бурацкі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1963). З 1957 (з перапынкамі) саліст Бурацкага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Васіль («Прасвятленне» Б.​Ямпілава), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​І.​Глінкі (1962). Дзярж. прэмія Бураціі 1975.

т. 2, с. 218

БАЗАФІЛІ́Я (ад грэч. basis аснова + ...філія),

уласцівасць клетачных і інш. мікраскапічных структур афарбоўвацца асн. фарбавальнікамі (азур, піранін і інш.) у растворах, якія маюць рэакцыю, блізкую да нейтральнай. Павышэнне базафіліі клеткі сведчыць пра інтэнсіўны бялковы сінтэз і вял. колькасць рыбануклеінавай кіслаты (РНК) у ёй. Уласціва растучым, рэгенерыравальным і пухлінным тканкам. Выкарыстоўваецца ў мікрабіял., цыта- і гісталагічным аналізе (напр., для адрознення клетак крыві, аналізу клетак пярэдняй долі гіпофіза, астраўковай тканкі падстраўнікавай залозы і інш.). Гл. таксама Ацыдафілія, Базафілы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 2, с. 218

БАЗАФІ́ЛЫ,

1) клеткі, якія маюць у пратаплазме зярністыя структуры, што афарбоўваюцца асн. фарбавальнікамі (адсюль назва). Тэрмінам «базафілы» абазначаюць адзін з відаў зярністых лейкацытаў (базафільныя гранулацыты) крыві (у норме базафілаў у чалавека 0,5 — 1% ад усіх лейкацытаў), таксама адзін з відаў клетак пярэдняй долі гіпофіза.

2) Арганізмы, што аддаюць перавагу шчолачным субстратам і шчолачнаму асяроддзю.

т. 2, с. 218

БА́ЗА ВАЕ́ННАЯ,

спецыяльна абсталяваная тэрыторыя для размяшчэння на ёй войскаў, ваен. тэхнікі, запасаў матэрыяльных сродкаў і інш. Базы ваенныя ствараюцца на ўласнай тэр. і тэр. інш. дзяржаў у стратэгічна важных раёнах свету з мэтай забеспячэння вядзення ваен. дзеянняў. Падзяляюцца на ракетныя, авіяцыйныя, ваенна-марскія, сухапутных войскаў і агульнага прызначэння. Шмат баз ваенных мелі за межамі сваіх тэрыторый ЗША і інш. дзяржавы. З канца 1980-х г. іх колькасць пачала скарачацца паводле шэрагу міжнар. пагадненняў. У складзе б. СССР Беларусь мела значную колькасць баз ваенных (у т. л. стратэгічнага прызначэння). Пасля яго распаду ідзе скарачэнне і ліквідацыя баз ваенных на яе тэрыторыі, застаюцца толькі тыя, якія адпавядаюць ваеннай дактрыне Рэспублікі Беларусь.

т. 2, с. 218

БА́ЗА ДА́НЫХ,

упарадкаваная сукупнасць даных, прызначаных для захоўвання, назапашвання і апрацоўкі інфармацыі з дапамогай ЭВМ; састаўная частка банка даных. Пры стварэнні, абслугоўванні і папаўненні базы даных выкарыстоўваецца сістэма кіравання базамі даных, у аснову якой закладзена матэм. мадэль упарадкавання інфармацыі.

Адзінкай захавання і доступу да базы даных з’яўляецца запіс, напрыклад бібліягр. карта электроннага каталога, рэферат артыкула ў аўтаматызаваным рэфератыўным часопісе, чарцёж дэталі ў сістэме аўтаматызацыі праектавання. Кожны запіс мае загаловак (ключ), па якім яго можна знайсці. Загалоўкі запісаў аб’ядноўваюцца ў даведачныя табліцы, якія забяспечваюць поўную аўтаматызацыю пошуку інфармацыі.

Дз.​І.​Чарамісінаў.

т. 2, с. 218