Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БОШ

(Bosch) Карл (27.8.1874, г. Кёльн, Германія — 26.4.1940),

нямецкі хімік-тэхнолаг, адзін з заснавальнікаў фарбавай прам-сці Германіі. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1898). З 1925 прэзідэнт канцэрна «І.Г.Фарбэніндустры», з 1935 старшыня савета дырэктараў гэтага канцэрна. Распрацаваў тэхналогіі сінтэзу пры высокім ціску; стварыў вытв-сць аміяку на жал. каталізатары, мачавіны з дыаксіду вугляроду і аміяку. Нобелеўская прэмія 1931 (разам з Ф.Бергіусам).

Літ.:

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Е.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 66.

т. 3, с. 225

БО́ШКАВІЧ,

Боскавіч (Bošković) Руджар Іосіп (18.5.1711, г. Дуброўнік, Харватыя — 13.2.1787), харвацкі фізік, матэматык і астраном. Чл.-кар. Французскай АН (з 1759), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1760), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1761). Вучыўся ў Рымскай калегіі. З 1773 працаваў у Францыі. Зрабіў вымярэнне дугі мерыдыяна ў 2 градусы паміж Рымам і Рыміні (1755). Вывучаў форму Зямлі, тэорыю руху камет, даў матэм. тэорыю некаторых астр. інструментаў. У гал. працы «Тэорыя натуральнай філасофіі...» (1758) развіў тэорыю будовы рэчыва і выказаў гіпотэзу пра залежнасць сіл узаемадзеяння паміж часцінкамі ад адлегласці.

Літ.:

Кольман Э. Жизнь и научная деятельность Руджера Бошковича (1711—1787) // Вопросы истории, естествознания и техники. М., 1956. Вып. 2.

т. 3, с. 226

БО ЦЗЮІ́,

Бо Лэцянь, Бо Чанцін (772, прав. Шаньсі, Кітай — 846), кітайскі паэт. Займаў высокія дзярж. пасады. Чл. імператарскай акадэміі «Ханьлінь». За крытыку прадажнасці чыноўнікаў і феад. парадкаў аддалены ад імператарскага двара. Напісаў каля 3 тыс. вершаў. Аўтар лірычных чатырохрадкоўяў, выкрывальніцкіх вершаў (цыклы «Цыньскія напевы», «Новыя народныя песні»), паэм «Песня пра бязмежную тугу», «Лютня», «Піпа». Адлюстроўваў светапогляд і жыццё танскага грамадства 8—9 ст., асэнсоўваў тэмы: чалавек і час, чалавек і прырода, чалавек і яго асяроддзе. Творам паэта ўласцівыя прастата мовы, жыццярадаснасць і чалавекалюбства.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1978.

т. 3, с. 224

БПР

(BPR),

першапачаткова ББПР (BBPR), творчы калектыў італьян. архітэктараў 20 ст. Назва ад першых літар прозвішчаў яго членаў: Дж.Л.Банфі (1910—45), Л.Бельджаёза, Э.Перэсуці, Э.Н.Роджэрс. Для творчасці БПР характэрна спалучэнне прынцыпаў рацыяналізму з індывід. выразнасцю пабудоў, імкненне да паэтычнасці агульнага выгляду з улікам нац. традыцый і гіст. асяроддзя (санаторый у Леньяна, 1937—38; помнік ахвярам вайны, 1948, і небаскроб Торэ Веласка, 1956—58, абодва ў Мілане).

Літ.:

Кацнельсон Р.А. Новейшая архитектура Италии. М., 1963.

т. 3, с. 226

БРА

(франц. bras),

насценная свяцільня; элемент дэкар. ўпрыгожання інтэр’ера. У 17—19 ст. бра — падсвечнікі, з 20 ст. таксама электрычныя. Вырабляюць з металу, шкла, дрэва і інш.

т. 3, с. 226

БРАБА́НТ

(Brabant),

гістарычная вобласць у Бельгіі і Нідэрландах паміж рэкамі Маас і Шэльда. Тэр. Брабанта (назва вядома э 7 ст.) у 4 ст. заваявалі і засялілі франкі. З 870 у складзе герцагства Ніжняя Латарынгія, у 1106—90 стаў самаст. герцагствам. З 1430 уладанне герцагаў Бургундыі (сталіца — г. Брусель), з 1477 — Габсбургаў, адна з 17 правінцый Нідэрландаў гістарычных. Цэнтр Брабанцкай рэвалюцыі 1789—90. З 1792 акупіраваны, у 1794—1814 анексіраваны франц. войскамі. Пасля ўтварэння каралеўства Бельгіі (1830) падзелены паміж ім (прав. Брабант) і Нідэрландамі (прав. Паўн. Брабант). Наследнік бельг. трона мае тытул герцага брабанцкага.

т. 3, с. 226

БРАБА́НЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1789—90,

узброенае выступленне супраць аўстр. панавання (з 1714) у бельг. правінцыях. Пачалася ў Брабанце пад уплывам Французскай рэвалюцыі 1789—99. У ходзе ваен. дзеянняў арміі бельг. валанцёраў супраць аўстр. войск і нар. паўстанняў у Бруселі і інш. гарадах (кастр.снеж. 1789) вызвалена амаль уся тэр. Бельгіі і абвешчана незалежнасць Злучаных штатаў Бельгіі (11.1.1790). Барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі, якія ўзначальвалі рэв. рух, аслабіла ўнутрыпаліт. становішча. Задушана аўстр. ўладамі ў снеж. 1790.

т. 3, с. 226

БРАВА́ДА

(франц. bravade),

паказная храбрасць, дзёрзкая бязмэтная выхадка.

т. 3, с. 226

БРАВА́РСКАЯ Зінаіда Іванаўна

(н. 31.8.1916, ст. Адэса-Дачная, Украіна),

бел. актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1967). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1937). Сцэн. дзейнасць пачала ў Т-ры юнага гледача Беларусі. З 1938 у Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы (у 1941—50 у франтавым т-ры Масквы, т-рах Ашхабада, Пензы, Куйбышава). Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. У творчасці спалучае выразны вонкавапластычны малюнак з псіхал. характарыстыкай персанажа. З лепшых роляў: Бажашуткава («Амністыя» М.Матукоўскага), Маці («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Ірына («Вогненны мост» Б.Рамашова), Юлечка («Даходнае месца» А.Астроўскага), Нора («Нора» Г.Ібсена), Ніхаль («Дзівак» Назыма Хікмета), Клея («Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду), Эржы («Гульня з кошкай» І.Эркеня), Сара Бернар («Смех лангусты» Дж.Марэла), Понсія («Гульня ў джын» Д.Кобурна). Знялася ў фільмах «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Нашы суседзі», «Хто смяецца апошнім», у тэлевіз. спектаклі «Крах». Аўтар і рэжысёр радыёпастановак («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча і інш.). У 1953—55 і 1967—88 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. Ін-це.

т. 3, с. 226

БРАВЭ́

(Bravais) Агюст (28.8.1811, г. Ананэ, Францыя — 30.3.1863),

французскі крышталёграф. Чл. Парыжскай АН (1854), праф. політэхнічнай школы ў Парыжы. Паклаў пачатак геам. тэорыі структуры крышталёў: знайшоў асн. віды прасторавых рашотак (1848; гл. Бравэ рашотка).

т. 3, с. 226