Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕРХАВО́ДКА,

бліжэйшыя да зямной паверхні безнапорныя падземныя воды. Знаходзяцца ў зоне аэрацыі, маюць часовы (сезонны) характар і абмежаванае пашырэнне. Лінзы верхаводкі перыядычна памнажаюцца пераважна за кошт інфільтрацыі атм. і паверхневых вод, найб. інтэнсіўна — у час працяглых дажджоў і раставання снегу. Мае магутнасць не больш за 1—2 м. Часцей назіраецца на водападзельных раўнінных участках і тэрасах рэк, прымеркавана да паніжэнняў мікрарэльефу. Выклікае часовыя змены ў ландшафтах — з’яўленне пэўнай расліннасці, засаленне паверхні глебы і інш. Знікае ў выніку выпарэння або перацякання ў ніжэйшыя ваданосныя гарызонты.

т. 4, с. 108

ВЕРХАВО́ДКА

(Alburnus alburnus),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў Еўропе ад бас. Белага м. на Пн да Каўказа на Пд. Шматлікая ў рэках, азёрах, вадасховішчах, сажалках. На Беларусі звычайная; нар. назва ўклейка, акляя, аклейка, сяляўка, сібіль, верхаплаўка.

Даўж. 9—20 см, маса 10—60 г. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў. Спіна шаравата-блакітная, шэра-зеленаватая, бакі, брушка серабрыста-белыя, бліскучыя. Рот канцавы. Корміцца планктонам, насякомымі, водарасцямі. Знішчае ікру і малявак рыб. Верхаводкамі кормяцца драпежныя рыбы. Палавая спеласць у 2—3 гады. Чародная. Аб’ект промыслу.

т. 4, с. 108

ВЕРХАЛЕ́ССЕ,

вёска ў Навасёлкаўскім с/с Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 18 км ад Кобрына, 60 км ад Брэста, 20 км ад чыг. ст. Кобрын. 452 ж., 175 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (19 ст.).

т. 4, с. 108

ВЕРХАЛО́ВІЧ Павел Міхайлавіч

(28.12.1900, г.п. Шаркаўшчына Віцебскай вобл. — 28.10.1952),

генерал-лейтэнант (1945). Канд. ваен. н. (1949). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1934) і Генштаба (1948). Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну на Паўд., Зах., Данскім, Сцяпным, Варонежскім і 2-м Укр. франтах: нач. штаба армій. Удзельнік абароны Масквы, Сталінградскай бітвы, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Яска-Кішынёўскай аперацый, вызвалення Балгарыі, Югаславіі, Румыніі, Венгрыі. З 1945 выкладчык Акадэміі Генштаба.

т. 4, с. 108

ВЕРХА́РН

(Verhaeren) Эміль (21.5.1855, Сент-Аман, каля г. Антверпен, Бельгія — 27.11.1916),

бельгійскі паэт, драматург і крытык. Пісаў на франц. мове. Скончыў езуіцкі калегіум і юрыд. ф-т Брусельскага ун-та. Адзін з заснавальнікаў літ. руху «Маладая Бельгія» (1881). Аўтар паэт. зб-каў «Фламандкі» (1883), «Манахі» (1886), «Вечары» (1887), «Крушэнні» (1888), «Чорныя паходні», «Постаці на маёй дарозе» (абодва 1891), «Ашалелыя вёскі» (1893), «Гарады-спруты», «Прывідныя вёскі», «Дванаццаць месяцаў» (усе 1895), «Лозы майго муру» (1899), «Мітуслівыя сілы» (1902), «Уся Фландрыя» (190411), «Паэмы і легенды Фландрыі і Брабанта» (1916), лірычных драм («Кляштар», 1900), маст. біяграфій («Рэмбрант», 1904; «Рубенс», 1910), антываен. публіцыстычнай кнігі «Скрываўленая Бельгія» (1915). У паэзіі Верхарна адчувальны ўплыў творчасці У.Уітмена і франц. сімвалістаў. Яна надзвычай цікавіла М.Багдановіча, які пераклаў на бел. мову верш Верхарна «Паўстанне». Творы Верхарна перакладаў на бел. мову Л.Баршчэўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Няўлоўнае;

Пабожнае // Наша слова. 1994. 30 сак.;

Рус. пер. — Избранное. М., 1955;

Избр. стихотворения. М., 1984.

Літ.:

Волошин М. Верхарн: Судьба, творчество, переводы. М., 1919;

Фрид Я.В. Эмиль Верхарн: Творческий путь поэта. М., 1985.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 4, с. 108

Верхась Уладзімір Паўлавіч

т. 18, кн. 1, с. 364

ВЕРХАЯ́НСК,

горад у Расіі, у Рэспубліцы Саха (Якуція), на Пн ад Палярнага круга, прыстань на р. Яна. Засн. ў 1638. 1,9 тыс. ж. (1994). Адзін з самых халодных пунктаў Паўн. паўшар’я (абс. мінімум каля -71 °C).

т. 4, с. 108

ВЕРХАЯ́НСКА-ЧУКО́ЦКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

вобласць мезазойскай складкавасці ў Паўн.-Усх. Азіі на стыку Ціхаакіянскага і Арктычнага геасінклінальных паясоў. Уключае тэр. Усх. Сібіры на У ад р. Лена і р. Алдан да Каракскага нагор’я і ўзбярэжжа Ахоцкага м. Мяжуе на З і Пд з Сібірскай платформай, на У — з Ахоцка-Чукоцкім вулканічным поясам. На Пн прадаўжаецца ў Паўночным Ледавітым ак. Большая ч. тэрыторыі мае горны рэльеф, створаны скляпенна-глыбавымі рухамі ў неагенавы і чацвярцічны перыяды. Складкавая вобласць падзяляецца на 2 сегменты: зах. (Яна-Калымскі) і ўсх. (Чукоцкі), якія адрозніваюцца паводле характару фармацый, структуры, магматызму, стылю тэктанічнага развіцця. У геал. разрэзе вылучаюцца структурныя комплексы: архей-ніжнепратэразойскі, рыфей-сярэднепалеазойскі, сярэднекаменнавугальны-сярэдняюрскі (геасінклінальны), верхняюрскі-ніжнемелавы (арагенны), верхнемелавы-антрапагенавы (платформавы). Геасінклінальныя фармацыі складзены з тэрыгенных асадкаў, ва ўсх. сегменце развіты крамяністыя і крамяніста-вулканагенныя тоўшчы, арагенныя фармацыі — з гранітных і маласавых тоўшчаў. Асн. карысныя выкапні: золата, волава, вальфрам, ртуць, сурма, поліметалы, каменны вугаль, нафта і інш.

Г.У.Зінавенка.

т. 4, с. 108

ВЕРХАЯ́НСКІ ХРЫБЕ́Т,

горная краіна на ПнУ Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. З’яўляецца водападзелам басейнаў рэк Лена і Алдан, Амалой, Яна. Даўж. каля 1200 км ад дэльты Лены да р. Тампо (правы прыток Алдана). Утварае выпуклую на ПдЗ дугу шыр. ад 100 да 250 км. Складаецца са шматлікіх масіваў і хрыбтоў з высакагорным (Арулган) і згладжаным сярэднягорным (Хараўлахскі, Кулар) рэльефам і ўпадзін, што іх падзяляюць. Вышыні ад 700 да 900 м на Пн і Пд у сярэдняй ч. павялічваюцца да 2389 м. Верхаянскі хрыбет — антыклінорый, складзены з алеўралітаў, пясчанікаў, сланцаў, радзей вапнякоў. Месцамі асадкавыя пароды прарваны дайкамі дыябазаў і гранітнымі інтрузіямі. Да выш. 800—1200 м лістоўнічныя рэдкалессі, вышэй — хмызняковая вольха і кедравы сланік; на вяршынях высакагорных хрыбтоў халодная арктычная пустыня. Усюды пашырана шматгадовая мерзлата. Радовішчы золата, алавяных руд.

т. 4, с. 108

ВЕРХНЕАНГА́РСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

у Прыбайкаллі, паміж Верхнеангарскім і Паўночна-Муйскім хрыбтамі, у Расіі. Працягласць больш як 100 км, шыр. 40 км, выш. ад 470 да 800 м. Дрэніруецца р. Верхняя Ангара, рэчышча якой тут падзяляецца на рукавы і пратокі. Лугава-балотная расліннасць, участкі лістоўнічных, хваёвых і бярозавых лясоў.

т. 4, с. 109